Дудізічы. Есть в Беларуси Деревня простая, Деревня простая, Простой в ней народ. Здесь я родился, Друзья здесь родились И все гордились, Что здесь мы живем. Дудичи, Дудичи, Родные Дудичи. Дудичи, Дудичи, Родней вас нет!
Сергей Змушко. Дудары Бадай, у кожнага паселішча ёсць свае паданні паводле
паходжання іх назваў, падзей, якія адбыліся ў сівую даўніну. Ёсць такія
паданні і ў дудзічан. “Даўным-даўно, на тым месцы, дзе сёння стаяць Ду-дзічы,
жыў пан па прозвішчу Дуда. На полі ля сваёй сядзібы ён пабудаваў бровар,
вакол якога рос цудоўны сад. Аднойчы з’явіліся княжацкія служкі, якія збіралі
подаці і запатрабавалі ў Дуды шмат грошай за яго фруктовыя дрэвы. Але пан
заплаціў ім толькі за адно дрэва – сваю любімую яблыньку, якая расце і сёння.
Хутка злыя людзі з’явіліся ізноў, пачалі патрабаваць подаці за бровар. Дуда
не заплаціў ні капейкі, і служкі разбурылі бровар. З таго часу пан стаў жыць,
як просты селянін. Навакольныя просталюдзіны яго вельмі шанавалі, і калі ён
памёр, яго паселішча назвалі па яго прозвішчу – Дуда, а з цягам часу, калі
вёска разраслася, яе пачалі іменаваць Дудзічы». Другое паданне сцвярджае, што назва вёскі ўзнікла ад роду
заняткаў яе жыхароў у далёкім мінулым. Як вядома, дуда альбо дудка – гэта
адзін з найстаражытнейшых музычных інструментаў беларусаў. Дык вось у
незапамятныя часы продкі сучасных дудзічан былі выдатнымі майстрамі, якія не
толькі выраблялі гэты цудоўны музычны інструмент, але і віртуозна валодалі
ім, дорачы слухачам выключную асалоду музычнага выканання. Музыка іх дудак не
толькі перадавала ўсе адценні навакольнай прыроды: шчэбет птушак, посвіст
ветру, подых навальніцы, але і клікала ў свет невядомага, непазнанага. З-за
гэтага майстэрства насельнікаў вёскі і празвалі дудзічамі (дударамі). Наколькі верагодныя гэтыя паданні, адказаць цяжка, але
тое, што вёска мае старажытнае паходжанне, гэта неаспрэчна. Пад панскім прыгнётам У 1518 годзе, калі дудзіцкія землі ўваходзілі ў склад
Вялікага княства Літоўскага, кароль Жыгімонт І Стары падарыў маёнтак Дудзічы
двараніну Я.Стэцковічу. Упамінаюцца Ду-дзічы і ў “Абмежаванні каралеўскіх
сёлаў Мазырскага павета…” пад 1560 год. З гэтага дакумента вынікае, што вёска
размяшчалася на востраве, якое акаймлялі балоты: “… Трэці востраў Гулевічы супольны з Бабровічамі да
Дудзічамі…” У “Адказе з боку стражнікаў Вялікага княства Літоўскага… па
межавай справе па маёнтку Гарбавічы з Багрымавіцкім староствам” 1582 года
гаворыцца наступнае: “ …Правадная памежная лінія староства пачынаецца ад
неаспрэчнага абодвума бакамі ўрочышча Дудзінавага мастка альбо Брадка, г.зн.:
і ў тым месцы, дзе сходзяцца тры мяжы, – Калінка-віцкая, Дудзіцкая і
Гарбавіцкая…” У 1925 годзе ў Дудзічах знайшлі скарб манет, які адносіцца
да 1624 года. Гэта яшчэ адно сведчанне старажытнасці паселішча і таго, што ў
вёсцы ў той час ужо жыў хтосьці заможны, калі змог накапіць такі скарб. У “Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай губерніі” ад 1883
года адзначана, што ў Дудзічах у 1776 годзе на сродкі ўладальніка вёскі
Вальтока была пабудавана драўляная праваслаўная царква імя Святой і
Жыватварачай Тройцы. У 1795 годзе ў вёсцы налічвалася 62 двары. У “Інвентарным вопісе староства Сухавіцкага чыноўнікамі
пры аддачы гэтага староства ў дыспаненцыю памешчыку Данату Вяржбіцкаму” ад 10
чэрвеня 1832 года паведамляецца, што: “… сяло Насавіч з вёскаю Зеляноччу
маюць мяжу ад каленкавіцкай мяжы Багрымавіцкага староства ўрочышча Галевіцы
па мяжы валодання пана Яленскага маёнтка Дудзіч былога староства Аскеркі…” Да
1835 года Дудзічы належалі панам Напалеону Яленскаму і Мальвіне Аскерка. Затым
валоданне вёскай перайшло да вядомага на Палессі землеўладальніка Аляксандра
Ігнатавіча Горвата, які ў 1835 годзе пабудаваў у Дудзічах вінакурны завод,
які яму прыносіў 1100 рублёў гадавога даходу. У дудзіцкім маёнтку ён меў 7000
дзесяцін зямлі, 1400 з якой была ворыўнай, а таксамі 30 галоў жывёлы. Акрамя
Дудзіч з навакольных вёсак яму належалі Сітня, Антонаўка, хутар Гара і
Барбароў. Землеўладальнік Дудзіч
спавядаў каталіцкую веру. У 1871 годзе яго брат Станіслаў, таксама католік,
пабудаваў у Дудзічах тры вадзяных і адзін валовы млын. У “Інвентарным апісанні маёнтка Дудзічы”, складзеным у
1844 годзе па распараджэнню Мінскага губернатара, гаворыцца, што у вёсцы было
33 двары, у якіх пражывала 110 рабочых мужчын і жанчын. У сялян было 50
валоў, 4 быкі, 68 кароў, 220 авечак, 162 свінні, 201 сям’я пчол. Яны засявалі
196 дзесяцін зямлі, а яшчэ 644 дзесяціны скарыстоўвалі пад пашу. Праца на пана была проста катаржнай, невыноснай. Згодна
абазначанага вышэй дакумента, жыхары вёскі павінны былі адпрацаваць у землеўладальніка
ў тыдзень: 131 дзень мужчыны і 131 дзень жанчыны. Акрамя гэтага былі гадавыя
абавязкі: мужчыны павінны былі адпрацаваць
408 дзён на будоўлях і 384 дні падводных, г.зн. выязджаць на работу на
ўласнай цяглавай сіле; жанчыны адпаведна павінны былі адпрацаваць 372 дні на
будоўлях і 384 дні падводных. Да таго яшчэ прыгонныя па-вінны былі выплаціць
пану за год аброку: мёду – 325 фунтаў (фунт – 400 грамаў), 204 фунты грыбоў,
134 курыцы, 670 яек. У дакладной канцылярыі губернатара Горват прыводзіць “Расклад
урокаў сялянскіх работ, якія яны абавязаны адбыць з рабочай жывёлай і без
яе.” Пад гэтым раскладам трэба разумець нормы выпрацоўкі на аднаго работніка
за дзень паншчыны. Вось яны: - узараць адну дзесяціну пад хлеб альбо бульбу; - забаранаваць адну дзесяціну пасеянага, - вывезці ад 10 да 12 вазоў гною, - зняць азімага хлеба са звязваннем у снапы па адной
дзесяціне лепшага ўраджаю – 8 жанчын на дзень, сярэдняга ўраджаю – 6 жанчын
на дзень і г.д. Рабочымі лічыліся мужчыны ад 17 да 55 гадоў, жанчыны – ад
16 да 50 гадоў. На работу павінны былі прыступаць з усходам сонца і
закончваць з яго заходам. Калі ў прызначаны дзень работнік хварэў, ён
па-вінен быў адпрацаваць пасля выздараўлення. Не прынесла палёгкі сялянам і адмена прыгоннага права ў
1861 годзе. Панскія землі засталіся недатыкальнымі. Сялян-скія надзелы пан
меў права зменшыць па свайму пажаданню. Ён жа меў права пазбавіць сялян пашы
для жывёлы. Усе лясы пакідаліся за панамі. Акрамя гэтага сяляне павінны былі
выкупіць свой надзел зямлі ў землеўладальніка, аплаціўшы яму 20% кошту зямлі,
а астатнія 80% павінны былі выплочваць дзяржаве на працягу 49 гадоў. Сялянскі бунт Зразумела, што такое становішча не магло задаволіць
гаротнае сялянства і яно, як магло, працівілася панскаму прыгнёту. Вось,
напрыклад, што даносіў 29 красавіка 1861 года рэчыцкі павятовы прэдвадзіцель
дваранства міністру ўнутраных спраў: “Пасля раздачы сялянам панскіх памесцяў
у Рэчыцкім павеце найвышэй зацверджанага Палажэння аб пераўтварэнні іх быту
каля 6 красавіка ў многіх памесцях сяляне сталі ўхіляцца ад выканання
павіннасцяў на карысць паноў па інвентару 1846 года… Зло гэтае
распаўсюдзілася так хутка, што на працягу 6-7 дзён мною былі атрыманы
данясенні з 16 памесцяў…” У той жа час павятовы спраўнік даносіў Мінскаму
губернатару : “У памесці Горвата налічваецца каля 10 тысяч дзесяцін зямлі, з
якіх пад ворывам і пашнямі знаходзіцца каля 2 тысяч дзесяцін, астатнія пад
лесам. Насельніцтва здаўна праводзіла самавольныя парубкі лесу ў памесці,
выпас жывёлы і т.п. парушэнні, за што вінаватыя прыцягваліся адміністрацыяй
памесця да адказнасці ў судовым парадку, але ў апошні час самавольныя парубкі
значна пачасціліся…” У канчатковым выніку дробныя сялянскія вылазкі дудзіцкіх
сялян супраць пана перараслі ў адкрыты бунт, аб якім 16 жніўня 1905 года
паведаміла газета “Пролетарий”. Пры дапамозе Мазырскай групы РСДРП у Дудзічах
была арганізавана буйная забастоўка. Вось што пісаў аб гэтым адзін з яе
арганізатараў: “… У чэрвені, гэта была нядзеля, я быў у в.Дудзічы каля Калінкавіч.
Там арганізавалі масоўку чалавек 25 хлопцаў, якія прасілі прыехаць да іх у
аўторак на мірскі сход. Справа ў тым, што ў дудзіцкага пана працуе чалавек
200 батракоў у крайне цяжкіх умовах: 30 кап. заработная плата, рабочы дзень
ад цямна да цямна. Вырашылі арганізаваць забастоўку. У аўторак у 10 гадзін
вечара я прыбыў туды з 5 узброенымі хлопцамі. Амаль уся вёска, малыя і
старыя, сабраліся каля валаснога праўлення, побач з кватэрай прыстава.
Спачатку я закрануў іх эканамічнае становішча… а закончыў зачыткай пастановы:
не плаціць подацей, адмаўляцца пасылаць запасных на вайну, не даваць рэкрутаў
і г.д. Сяляне ўваж-ліва слухалі і выказвалі адабрэнне. Прыстаў лётаў, як
угарэлы, але баяўся падыйсці … Начавалі ў вёсцы, а на наступны дзень у 4
гадзіны раніцы накіраваліся ў маёнтак. Калі рабочыя сабраліся, з’явіўся
ўпраўляючы і загадаў прыступаць да работы, але тут я заявіў, што сяляне на
работу не пойдуць… пакуль ім не будзе
павялічана плата для мужчын да 1 руб., жанчын – 75 кап., рабочы дзень ад 6 і
да 6 гадзін і 2 гадзіны на абед. Калі гэтае патрабаванне не будзе задаволена,
рабочыя будуць баставаць… Калі мы ад’язджалі з вёскі на ўсіх канцах нас
сустракалі старыя і жанчыны, дзякавалі за прыезд, прасілі пачасцей наязджаць
і лістоў прывозіць.” Зразумела, што забастоўка з дапамогай па-ліцэйскіх і
ваенных была жорстка падаўлена, тым не менш некаторыя патрабаванні сялян
усё-такі былі выкананы. Цэнтр воласці У 1870 годзе ў Дудзічах было 36 двароў, у 1885 – ужо 42, у
якіх пражывала 268 жыхароў. Згодна “Памятных кніжак Мінскай губерніі” 1880-1890 г.г.
Дудзічы з’яўляліся цэнтрам воласці, ў склад якой уваходзілі 15 сяленняў з 413
дварамі, у тым ліку і Калінкавічы. Старастай валаснога праўлення з 1880 года
быў Каваленка Адам Карпавіч, пісарамі – Гараскевіч Дзям’ян Мікітавіч (з 1869
г.), Лавышка Восіп (з 1886 г.). У 1886 годзе ў Дудзічах адкрылася школа, якая размясцілася
ў наёмнай хаце, а ў 1911 годзе для яе пабудавалі сваё памяшканне. У раёне
вёскі ў той час дзейнічала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот, якая праклала
побач магістральны канал Ненач (62 км). Паводле перапісу 1897 года ў Ду-дзічах было 87 двароў, 579
жыхароў, царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма. Побач у
фальварку – 4 двары, 29 жыхароў, царква, вінакурня, кузня, конны млын. Ужо ў 1908 годзе ў вёсцы было 115 двароў, 672 жыхары, у
фальварку – 3 двары, 40 жыхароў. Пасля здачы ў 1915 годзе чыгункі
Жлобін-Калінкавічы ў вёсцы пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. І пасля
рэвалюцыйных падзей 1917 года Дудзічы працягвалі заставацца валасным цэнтрам. Дудзіцкая воласць уваходзіла спачатку ў Рэчыцкі павет
Мінскай губерніі, з 26 красавіка 1919 года – Гомельскай губерніі. У 1918
годзе ў Дудзічах быў створаны валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, першым
старшынёй якога быў абраны Антон Іосіфавіч Мыка. Затым, як і іншым населеным пунктам сённяшняга Калінкавіцкага раёна, Дудзічам
давялося перажыць і кайзераўскую акупацыю, і белапольскую інтэрвенцыю, і
набегі банд Булак-Булаховіча. Многія дудзічане прынялі актыўны ўдзел у
барацьбе з іншаземнымі захопнікамі і белабандытамі. Напрыклад, у складзе
камуністычнага атрада, створанага вясной 1919 года ў Калінковічах, актыўна
ваяваў супраць белапалякаў ваенны камісар Дудіцкага валрэўкама Ігнацьеў. А
яшчэ ў 1918 годзе для барацьбы з кайзераўцамі ў Дудзічах была створана
падпольная група, у якую ўвайшлі Антон Мыка, Васіль Фуга, Аляксей Кацапаў,
Ігнат Муха, Міхаіл, Фёдар і Дзмітрый Пянько, узначаліў яе бальшавік Павел
Краўцоў. Як сведчаць пісьмовыя крыніцы Мазырскага занальнага архіва
ад 1 лютага 1921 года, у склад Дудзіцкага валаснога выканкама ўваходзілі:
Пянько Аляксандр Ігнатавіч – старшыня, Патоцкі Канстанцін Іванавіч –
сакратар, Савянок Адам Герасімавіч, Губараў Антон Лявонцьевіч, Буднік Іван
Савіч, Стома Іван Данілавіч, Кірэйчук Мікалай, Пагаржэльскі Аляксандр і інш.
– члены выканкама. У Дудзічах ў 1921 годзе пражывала 1068 жыхароў. 9 мая 1923 года Дудзіцкая воласць была ліквідавана, а яе
тэрыторыя ўключана ў склад новастворанай Калінкавіцкай воласці. З 20 жніўня 1924 года Дудзічы становяцца цэнтрам Дудіцкага
сельскага Савета. Старшынёй сельсавета быў абраны Лаеўскі Іван Мікалаевіч,
сакратаром – Чопік Мікалай Аляксандравіч. У вёсцы тады у 194 падвор’ях
пражывала 967 чалавек. Да новага жыцця Да сярэдзіны 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў краіне шырокі
размах набраў кааператыўны рух, а к канцу 20-х і стварэнне калектыўных
гаспадарак. Не засталіся ў баку ад гэтых падзей і жыхары Дудзіч. Як
занатавана ў справаздачы Калінкавіцкага райвыканкама за 1925 год: “… у раёне
налічвалася 3 спажывецкія таварыствы: Калінкавіцкае, Даманавіцкае і
Дудзіцкае. … Дудзіцкае
таварыства, акрамя асноўнага склада ў с.Дудзічы, мае два аддзяленні ў
в.в. Насавічы і Шыічы. Спажыўтаварыства развіта задавальняюча. Агульны абарот
яго за 1924-25 г.г. раўняецца 374607 руб. Чысты прыбытак за год склаў 1976
руб. Налічваецца 285 пайшчыкаў, пераважна сялян”. У 1923 годзе на базе панскага маёнтка ў Дудзічах была
створана калектыўная гаспадарка – калгас імя Калініна на 220 дзесяцінах.
Першым старшынёй калгаса быў А.І.Мыка, праз пэўны час яго змяніў Уладзімір
Багуцкі. На працадзень калгаснікі атрымлівалі 1,5-2 кг хлеба, 0,5 кг бульбы і
іншыя прадукты, агародніну. У пачатку 1929 года акрамя калгаса імя Калініна ў Дудзічах
утвараецца яшчэ два калгасы – “Новыя Дудзічы” і “Чырвоны Кастрычнік”. У вёсцы
працавалі цагельня, млын (з 1918 г.), смалакурня і кузня. Адным з актывістаў усіх новаўвядзенняў у вёсцы быў мясцовы
фельчар Сямён Калацэй. Новая ўлада адкрыла ў вёсцы школу, хату-чытальню,
устанавіла бясплатную медыцынскую дапамогу. У вёсцы ў 1924 годзе фарміруецца
першая камсамольская ячэйка, сакратаром якой быў Чопік Мікалай Паўлавіч, а
першымі камсамольцамі – Багуцкі Уладзімір Фёдаравіч і Пянько Мікалай
Рыгоравіч. Вось што, напрыклад, успамінае ў сваім артыкуле “Наша
ячэйка” (“За камунізм”, 18 мая 1967 г.) былы старшыня Дудзіцкага сельсавета
Іван Трафімавіч Дронік аб гадах камсамольскай маладосці: “ У 1921 годзе нас,
групу булаўкаўскіх хлопцаў, прызначылі на работу на гарочыцкі лесапільны
завод. Наша група – гэта браты Безуеўскія, Юрка Харлан, Каўтун, Міхаіл
Зялёнка і я. У той час на заводзе была створана камсамольская ячэйка. Важаком
яе быў чыгуначнік Рудзінскі. Вось аднойчы ён падыйшоў да нас і кажа: - Працуеце вы старанна. Прыглядаюся да вас і думаю, чаму
не ўступаеце ў камсамол. Такія, як вы, нам патрэбны. Прызнацца, мы вельмі зайздросцілі завадскім камсамольцам.
Яны жылі цікавым, захапляючым жыццём, вывучалі палітграмату, спявалі задорныя
камсамольскія і рэвалюцыйныя песні, наладжвалі вечары самадзейнасці. І вось
ідзём неяк дадому, і я кажу сваім сябрам: давайце ўступім у камсамол. Яны
мяне падтрымалі. Неўзабаве мы стварылі сваю вясковую камсамольскую ячэйку.
Мяне выбралі сакратаром яе. … Самых актыўных камсамольцаў вылучалі ў камітэты беднаты,
на работу ў сельсавет. Мяне, напрыклад, у 1925 годзе выбралі старшынёй
Дудзіцкага сельсавета. Вялікую долю адыгралі камсамольцы ў гады калектывізацыі ў
барацьбе з кулацтвам і яго памагатымі. У 1929 годзе, калі быў створаны першы
калгас у вёсцы Булаўкі, “Рухавік рэвалюцыі”,
мяне выбіраюць яго старшынёй. Калектыўная гаспадарка хутка набірала
сілы. Калгас з году ў год паспяхова разлічваўся з дзяржавай па продажу
прадуктаў. Ён удзельнічаў ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы, а лепшыя
хлебаробы атрымалі ганаровыя граматы і прэміі. Мне, як маладому старшыні,
дзейна дапамагаў у працы Міхаіл Андрэевіч Кліменка, які цяпер працуе
старшынёй аблвыканкама. У тыя гады ён быў аграномам Дудзіцкага апорнага
пункта”. І.Т.Дроніка накіроўваюць на вучобу ў Горацкую
сельскагаспадарчую акадэмію, якую ён скончыў у 1937 годзе. Працаваў галоўным
заатэхнікам аблза былой Палесскай вобласці, затым начальнікам упраўлення
жывёлагадоўлі. У 1939 годзе працуе ў Палесскім абкаме КПБ. Неўзабаве яго
накіроўваюць першым сакратаром Лельчыцкага РК КПБ. У гады вайны знаходзіўся ў
распараджэнні штаба партызанскага руху. Пасля вызвалення Мазыра працаваў
загадчыкам сельгасаддзела Палескага абкама КПБ, з 1946 года – першым
сакратаром Мазырскага РК КПБ. Не заўсёды і ўсе ў вёсцы станоўча ўспрымалі новае. Толькі
час быў здольны расставіць усё па сваіх месцах. Вось што, напрыклад, аб тым
часе ўспамінаў у артыкуле “Так гэта было” у газеце “За камунізм” 27 мая 1967
года брыгадзір трактарнай брыгады Саўгаса “Дудзічы” Рыгор Якаўлевіч Булаўка: “1932 год. Паўсюдна арганізаваны калгасы. У той час я
пасвіў коней. Але хацелася рабіць штосьці большае. Якраз у той год
арганізаваліся курсы першых трактарыстаў пры Даманавіцкай МТС. У ліку
трыццаці курсантаў быў і я. Навучаў нас Пятро Кунцэвіч. … Хутка мы атрымалі трактары, раз’ехаліся па вёсках. Калі
я ехаў праз калгасныя палі, то старыя бабулі маліліся, нешта шапталі. А пасля
ўжо, калі накіраваўся ў поле, мужыкі запраглі коней і хутчэй за мяне прыехалі
туды. Толькі я пачаў араць, як мужыкі, без дай ладу, таксама пачалі араць,
толькі ўжо наперарэз мне. Я адразу зразумеў, – яны хочуць прагнаць мяне з
поля. Раніцай прыходжу да трактара – пад ім лужына саляркі,
добра што яшчэ ніхто не падпаліў. На другую ноч хтосьці ў трактары папсаваў
бабіны. Але праз пэўны час людзі зразумелі, якую карысць калгасу прыносіць
трактар. Пазней калгас атрымаў яшчэ два ХТЗ. Арганізавалася трактарная
брыгада. Мяне прызначылі брыгадзірам. Хутка атрымалі пераходны Чырвоны сцяг. Разам
са мной тады працавалі Уладзімір Муха, Канстанцін Булаўка, Мікалай
Малашчанка”. Дарэчы, у 1939 годзе дудзіцкі трактарыст Адам Малашчанка стаў
удзельнікам ВДНГ СССР. З цягам часу ў калгас прыйшлі аўтамабілі, камбайны, розны
сельскагаспадарчы інвентар. Людзі працавалі ў калектыўнай гаспадарцы самааддана,
творча, ўзнёсла. Аб іх поспехах сведчыць хаця б той факт, што яшчэ да Вялікай
Айчыннай вайны ў ліку тых, хто ў Крамлі з рук “усенароднага старасты”
М.І.Калініна атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды, былі і прадстаўнікі Дудзіч –
конюх калгаса імя Калініна Сцяпан Марчук і настаўнік беларускай мовы
Дудзіцкай школы Іван Ушак. Поспехі, відаць, у калгасе былі б больш значнымі, калі б у
1937-38 г.г. ў Дудзічах не былі рэпрэсіраваны 11 ні ў чым не павінных лю-дзей.
Гэта Канстанцін Патоцкі – першы сакратар Дудзіцкага валваенрэўкама, які ў
30-я гады працаваў калгасным бухгалтрам, Іван Чарняўскі – мясцовы свяшчэннік,
Аляксей Вараб’ёў – старшыня калгаса, Міхаіл Станкевіч і Антон Свабода –
кавалі, Арцём Чопік, Іван Каваленка, Аляксандр Пянько і Іван Мінін – рабочыя,
сын Івана Каваленкі. Праўда Арцём Чопік і Іван Каваленка праз некаторы час
вярнуліся дадому. А тут і вайна пачалася. Барацьбіты 22 жніўня 1941 года Дудзічы былі акупіраваны гітлераўскімі
захопнікамі. Частка мужчын прызыўнога ўзросту да гэтага часу ўжо пайшла на
фронт бараніць Радзіму. У вёсцы
гітлераўцы стварылі паліцэйскі гарнізон і прызначылі старасту. Многія
дудзічане пакінулі родныя хаты і падаліся ў партызаны альбо сталі працаваць у
горадзе па заданні падпольнага камітэта. Як, напрыклад, Леанід Аляксандравіч
Чопік, які да вайны закончыў Дудзіцкую сямігодку і працаваў камендантам школы
ФЗН на станцыі Калінкавічы. У сумяціцы наступлення гітлераўцаў і адступлення
нашых войск, школу ФЗН не паспелі эвакуіраваць, і Леанід Аляксандравіч
апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. У 1942 годзе па заданні калінкавіцкага
падполля ён уладкоўваецца пуцейцам на
станцыі Калінкавічы, працуе пад кіраўніцтвам кіраўніка Калінкавіцкага
падполля Змушкі Івана Васільевіча. Пры непасрэднай дапамозе Л.А.Чопіка ў
Калінкавічах былі ўзарваны і спалены электрастанцыя і пакгаўз. У 1943 годзе
падпольшчык пад пагрозай выкрыцця вымушаны быў падацца ў партызанскі атрад,
партызаніў у спецгрупе НКУС. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені,
шматлікімі медалямі. Барацьбу з ворагам у партызанскім атрадзе распачаў і
дудзічанін Гарбар Якаў Васільевіч. Пасля вызвалення Калінкавіч уступіў у рады
Савецкай Арміі: артылерыст, камандзір гарматы. Вайну закончыў у Кёнігсбергу,
дэмабілізаваўся і ўсё жыццё аддаў Мінскаму трактарнаму заводу, дзе працаваў
слесарам-інструментальшчыкам. Узнагароджаны медалём “За адвагу”, ордэнам
Айчыннай вайны ІІ ступені, іншымі ўзнагародамі. З першых дзён вайны на фронце і ўдзельнік вызвалення
Заходняй Беларусі Гарбар Васіль Антонавіч. У баях з гітлераўцамі ён атрымаў
цяжкае раненне, стаў інвалідам. Пасля вайны яго прывезлі ў родную вёску, сам
дабрацца ён не мог. Яўсеенка Якаў Антонавіч службу ў Чырвонай Арміі пачаў яшчэ
ў 1939 годзе. Ваеннымі дарогамі прайшоў ад Гродна да Масквы, ад Масквы і да
Берліна. Перажыў горыч адступлення і страт баявых сяброў, перажыў і радасць
Перамогі. Пасля вайны настаўнічаў ў Дудзіцкай і Шалыпскай школах, выкладаў беларускую
мову і літаратуру. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і
шматлікімі медалямі. Харлан Рыгор Цімафеевіч нарадзіўся не ў Дудзічах, а ў
Смалянцы. На фронце з першых дзён вайны – старшыня роты 253-га стралковага
палка. 5 чэрвеня 1942 года у час бою трапіў у палон, які доўжыўся 15 дзён.
Мужны воін збег ад немцаў. Пасля вайны ён працуе старшынёй Дудзіцкага
сельсавета, старшынёй калгаса ў Муравейніцы, аднаўляе разбураную гаспадарку.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. З пасады галоўнага бухгалтара калгаса імя Калініна ў 1940
годзе быў прызваны Лазко Мікалай Рыгоравіч. Вайна засцігла яго ў г.Дзвінску
Латвійскай ССР. У ліпені яго часць пападае ў акружэнне пад Псковам. Салдаты
групамі прарываюцца да сваіх. На жаль, прабіцца да сваіх войск не ўдалося.
Лацко прыбыў у Дудзічы. Уступіў у
партызанскі атрад “Мсцівец” 101-й брыгады. Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй
ідзе на фронт. Вызваляў Варшаву і браў Берлін. За 15 дзён да Перамогі атрымаў
моцную кантузію, праблукаў па шпіталях да кастрычніка 1945 г. Дэмабілізаваўся
інвалідам І групы. Пасля вайны быў зноў галоўным бухгалтарам ў Дудзіцкім і
Міхнавіцкім калгасах. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалём
“За баявыя заслугі”, іншымі ўзнагародамі. Змагаліся ў партызанскіх атрадах і на фронце і многія
іншыя дудзі-чане. Напрыклад, Пянько Ганна Дзмітрыеўна. У час акупацыі яна
выконвала заданні партызан, а затым у складзе ІІ Украінскага фронта
забяспечвала байцоў свежаспечаным хлебам – працавала вайскавым пекарам, была
тэлефаністкай. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Толькі ў сакавіку 1946 года дэмабілізаваўся з арміі
кавалер ордэнаў Славы ІІ і ІІІ ступеняў, ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені,
шматлікіх медалёў Іван Данілавіч Курчонак. Лёс здорава патрапаў гэтага
мужнага воіна. Нарадзіўся ён у 1916 годзе ў Ду-дзічах у шматдзетнай
сялянскай сям’і. У канцы 1937 года Курчонка прызвалі на тэрміновую службу.
Служыў на Далёкім Усходзе, на самай граніцы. Служыў старанна, стаў малодшым
камандзірам. Аднак здарылася няшчасце. У час адной трывогі пры перавозцы ваеннай маёмасці коні чагосці
спудзіліся і панеслі павозку на дрэвы. Удар! Усё ў хлам. А кіроўца атрымаў
пералом нагі. Доўгія месяцы шпіталя і заключэнне медкамісіі – непрыгодны да
страявой: нага ў калене не згіналася. Толькі прыехаў у Дудзічы – пачалася вайна. Мабілізавалі
Івана Данілавіча ў войска зноў у першы ж дзень вайны – 22 чэрвеня. Прыпісалі яго ў Брэст да адной
з вайсковых часцей на пякарню. Але трапіць туды ён не змог. Акружэнне, палон
і лагер ваеннапалонных пад Гомелем, а затым у Бабруйску. З лагера ўдалося
збегчы. Злавілі – завезлі ў лагер пад Мінск. Ізноў уцёкі, і курс – дамоў у
Дудзічы, а там максама немцы. Быў сувязным у партызан. З вызваленнем – прызыў
у войска. З баямі прайшоў Усходнюю Прусію, Варшаву, Прагу, фарсіраваў Одэр,
браў Берлін. 3 мая 1945 года яго часць зноў пагрузілі ў цягнікі і накіравалі
ў Прагу, дзе фашысцкая групіроўка не скарылася капітуляцыі. Івану Данілавічу пашчасціла застацца жывым і вярнуцца ў
родную вёску, стварыць сям’ю, нараджаць дзяцей, а вось яго землякам, 92
воінам Чырвонай Арміі, якія нарадзіліся ў вёсках Дудзічы, Муравейніца і
Чырвоная Ніва, лёс не зрабіў такога падарунка, яны навечна засталіся ў чужой
зямлі, баронячы сваю Айчыну, 28 воінаў аддалі свае жыцці ў час вызвалення
Дудзіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вёска была вызвалена 13 сту-дзеня 1944 года. У 1956 годзе на брацкай магіле загінуўшым
воінам-вызваліцелям на вясковых могілках быў устаноўлены помнік. Сельская гаспадарка – аснова вытворчасці Як і ў іншых сельскіх населеных пунктах Беларусі асновай
вытворчасці ў Дудзічах была і ёсць сельская гаспадарка. 30 кастрычніка 1950
года калгаснікі з вёсак Дудзічы, Муравейніца, Чырвоная Ніва, Булаўкі, Шалыпы
і Юшкі (калгасы імя Калініна, імя Молатава, “Чырвоны Кастрычнік”, “Звязда”,
“Камінтэрн” і “Рухавік рэвалюцыі”) аб’-ядналіся ў адну гаспадарку пад назвай
– калгас імя Калініна. Узначаліў яе Ісаеў Васіль Рыгоравіч. У 1958 годзе адбылося разбуйненне гаспадаркі, у выніку
чаго на базе вёсак Булаўкі, Шалыпы і Юшкі быў утвораны калгас імя Варашылава,
а на базе вёсак Дудзічы, Чырвоная Ніва і Муравейніца – калгас імя Калініна. 7
сакавіка 1960 года абодва гэтыя калгасы ўліліся ў склад новастворанага
саўгаса “Галявічы”. А ўжо 28 лютага 1961 года сяляне гэтых шасці вёсак выйшлі
з саўгаса “Галявічы” і па загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР №93-к
ад 28.02.1961г. увайшлі ў склад новастворанага саўгаса “Дудзічы”. Першым
дырэктарам саўгаса быў прызначаны Жаўняк Рыгор Фёдаравіч, пад кіраўніцтвам
якога гаспадарка развівалася, мацнела восем гадоў. Паводле перапісу насельніцтва 1959 года ў Дудзічах
пражывала 755 жыхароў. Пасля Р.Ф.Жаўняка гаспадаркай кіравалі: Яраш Іван
Якаўлевіч (1969-1971 г.г.), Батракоў Іван Іванавіч (1971-1972 г.г.), Бычкоў
Аляксандр Дзмітрыевіч (1972-1973 г.г.), Астрэйка Пётр Іванавіч (1973-1974
г.г.), Цвігун Валерый Іванавіч (1974-1979 г.г.), Станкевіч Леанід Міхайлавіч
(1979-1980 г.г.). 23 ліпеня 1980 года саўгас “Дудзічы” быў пераўтвораны ў
Палескі саўгас-тэхнікум. Узначаліў яго Лазіцкі Мікалай Аляксеевіч. З 1986 па
1997 год на чале саўгаса-тэхнікума знаходзіўся Рыльцоў Віталь Канстанцінавіч. У адпаведнасці з рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама №31
ад 31.01.1997 года саўгас-тэхнікум стаў самастойнай структурай, а на яго
землях зноў утвораны саўгас “Дудзічы”. Пазменна ім кіравалі Сянькевіч Сяргей
Віктаравіч (1997-1999 г.г.), Дулуб Мікалай Іванавіч (1999-2000 г.г.),
Свірыдэнка Міхаіл Васільевіч (2000-2002 г.г.). З 17.09.2002 года гаспадарку
ўзначаліў Трошка Сяргей Іванавіч, які і зараз кіруе сельгасфілі-ялам
“Дудзічы” ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”. У сельгасфіліял прамысловага
прадпрыемства былы саўгас ператварыўся ў выніку рэарганізацыі гаспадаркі ў
2008 годзе. Да гэтага яшчэ было пераіменаванне яго ў КСУП “Ду-дзічы”,
аб’яднанне з СВК “Садружнасць-Агра”. За выдатныя дасягненні ў развіцці сельскай гаспадаркі
многія працаўнікі саўгаса “Дудзічы” былі ўдастоены высокіх урадавых
узнагарод. Напрыклад, у 1966 годзе ордэнам “Знак Пашаны” былі ўзнагароджаны
трактарыст Говар Павел Іванавіч, тэхнік-асемянатар Новік Якаў Міхайлавіч,
дырэктар саўгаса Жаўняк Рыгор Фёдаравіч. У наступныя гады ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
ўдастоіліся свінарка Чопік Ганна
Адамаўна, трактарыст Бягун Леанід Васільевіч, ордэна “Знак Пашаны” – свінарка
Аўдзеенка Варвара Аксёнаўна, трактарысты Юшкавец Леанід Міхайлавіч, Трошка
Мікалай Іванавіч, медалёў “За працоўную адзнаку” – брыгадзір Корзун Міхаіл
Мікалаевіч, вадзіцель Пянько Мікалай Сцяпанавіч, даярка Мудрак Тамара
Канстанцінаўна, “За працоўную доблесць” – загадчыца фермы Альхавік Марыя
Іванаўна і іншыя. Дастойна працягваюць несці сцяг працоўнай славы сваіх
бацькоў і дзядоў і сённяшнія працаўнікі сельскагаспадарчага філіяла ААТ
“Калінкавічыхлебапрадукт”, якое на 1 студзеня 2009 года налічвала 4675 га
сельгасугоддзяў, з якіх 2988 га – ворыва. Напрыклад, у бягучым, 2009, го-дзе рабочыя аддзялення
папрацавалі на палях і фермах гаспадаркі проста ўдарна: тэмп роста валавай
прадукцыі да ўзроўню мінулага года склаў 118%. Пры ўраджайнасці 35 ц/га
сабрана 3470 т збожжа (у 2008г. – 2637 т, 20,6 ц/га). Акрамя зернебабовых
гаспадарка займаецца вырошчваннем кукурузы на зерне. На сёння яго ўжо
намалочана звыш 700 т, убрана 70%. У два разы больш леташняга намалацілі
рапсу (162 т). Добра папрацавалі і ў жывёлагадоўчай галіне. Пагалоўе буйной
рагатай жывёлы вырасла на 36% і склала 1107 галоў, з якіх 293 каровы. Валавая
вытворчасць малака ўзрасла на 117% (928 т), удой малака на карову саставіў
3188 кг супраць леташніх 2966. Узраслі і валавыя прывагі: 118 т супраць 77 т
у 2008 годзе, сярэднія прывагі ўзраслі на 10 г (617 г – у 2009 г. і 607 г – у
2008 г.). На 166% вырас аб’ём вытворчасці курынага яйка, за 9 месяцаў сёлета
сабрана 5484 тыс. яек. У гаспадарцы зараз працуе 150 чалавек. Гордасць Дудзіч Галоўнае багацце любога населенага пункта – яго людзі.
Менавіта яны сваёй стараннай працай, творчасцю, дасягненнямі ўслаўляюць
роднае паселішча. Бадай, самымі знакамітымі выхадцамі з Дудзіч з’яўляюцца
браты Басалыгі, старшы Дзмітрый (1884 г.н.) і Канстанцін, якія нарадзіліся ў
маёнтку Дудзічы. У 1904 годзе абодва паехалі вучыцца ў Харкаўскі тэхналагічны
інстытут, абодва сталі прафе-сіянальнымі рэвалюцыянерамі, прайшлі турмы і
ссылкі. Дзмітрый Мікалаевіч працаваў на кінафабрыцы ў Маскве,
кіраваў Саратаўскім драматычным тэатрам. У гады грамадзянскай вайны – камісар
брыгады Чырвонай Арміі. Пасля грамадзянскай вайны – загадчык Цэнтральнага
ўпраўлення тэатраў Наркамасветы РСФСР, старшыня праўлення акцыянернага
таварыства “Пралетарскае кіно”. Па даручэнню ЦК РКП (б) ў студзені 1924 года
здымае на кінастужку пахаванне У.І.Леніна. З 1938 года працаваў у
Траццякоўскай галерэі, з 1941 па 1944 – на адказных пасадах у Чырвонай Арміі.
У пасляваенны час працаваў выкладчыкам Вышэйшай дыпламатычнай школы пры
Міністэрстве замежных спраў СССР. Памёр Дз.М.Басалыга 15 красавіка 1969 года. Яго брат Канстанцін працаваў на савецкай партыйнай рабоце
ў Севастопалі, Стаўрапалі. Памёр 6 верасня 1963 года. Не менш каларытнай фігурай з’яўляецца Ясько Андрэй
Фёдаравіч, які па даручэнню сялянства Дудзіцкай воласці ў якасці хадака быў
накіраваны ў Маскву да старшыні Саўнаркама У.І.Ле-ніна. У далейшым Ясько А.Ф.
стаў членам Цэнтральнага выканаўчага камітэта Беларускай ССР, як паведамляла
аб гэтым газета “За камунізм” 16 снежня 1969 года. На жаль, далейшы лёс
выхадца з простай сялянскай сям’і прасачыць не удалося. Пра Антона Іосіфавіча Мыка – арганізатара савецкай улады і
першай калектыўнай сельскай гаспадаркі ў Дудзічах мы ўжо ўс-паміналі, як
успаміналі і пра тых, хто праявіў мужнасць і гераізм у барацьбе з
нямецка-фашысцкімі захопнікамі, хто дасягнуў высокіх працоўных поспехаў у
развіцці сельскай гаспадаркі. Самааддана працавалі карэнныя жыхары Дудзіч і тыя, хто
воляй лёсу прыбыў на работу ў гэтую вёску, і ў сацыяльнай сферы, асабліва на
ніве адукацыі. Дудзіцкая школа, як
ужо адзначалася, пачала сваю, гісторыю ў 1886 годзе. У 1890 годзе з
Калінкавіч у Дудзічы пераводзяць сельскае народнае вучылішча. У 1911 годзе –
будуецца ўласны будынак для школы. У 1919 годзе народнае вучылішча
паратворана ў працоўную школу І ступені, у 1928 яе ператвараюць у сямігодку.
Першым дырэктарам сямігодкі быў настаўнік геаграфіі Сцяпан Іванавіч Руды. З 1944
па 1950 год дырэктарам школы працаваў Шышанок Аляксандр Пракопавіч, яго
намеснікам Дынкін Міхаіл Барысавіч. Афіцэр-франтавік, кавалер трох баявых
ардэноў Міхаіл Барысавіч затым з 1950 года на працягу чвэрці века кіраваў
Дудзіцкай школай. Яго плённая праца на ніве адукацыі была адзначана знакам
“Выдатнік народнай асветы” і медалём “За працоўную адзнаку”. Такіх жа
ўзнагарод удастоілася і яго жонка Іда Барысаўна, сорак год адпрацаваўшая настаўніцай. Дудзіцкая школа і вёска ганарыцца сваімі педагогамі: кавалерам
ордэна “Знак Пашаны”, выдатнікам народнай асветы Сіляўкінай Верай Фёдараўнай,
заслужанай настаўніцай БССР Курчонак Верай Паўлаўнай, Лаеўскай Валянцінай
Ільінічнай, якая узнагароджана медалём “За працоўную адзнаку”, Літвінчук
Валянцінай Нікіфараўнай – кавалерам ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені,
выдатнікамі народнай асветы Бічаном Уладзімірам Міхайлавічам, Бельскай
Тамарай Фёдараўнай. Многія выпускнікі школы вярнуліся назад у яе і працуюць
настаўнікамі. Гэта Азбука Ала Васільеўна, Арцюшэнка Ніна Іванаўна, Змушка
Алена Леанідаўна, Рэш Ірына Васільеўна, Бобр Святлана Міхайлаўна, Канцавая
Ірына Міхайлаўна, Ісаева Таццяна Анатольеўна. Многія выпускнікі Дудзіцкай
школы займаюць адказныя пасады ў роднай вёсцы, раёне, рэспубліцы. Гэта Змушка
Іна Леанідаўна – старшыня Дудзіцкага сельсавета, Трошка Сяргей Іванавіч –
кіраўнік сельгасфіліяла “Дудзічы” ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”, Савянок
Анатоль Мікалаевіч – генеральны дырэктар Беларускага металургічнага
камбіната, Клічкоўская Алена Уладзіміраўна – намеснік старшыні Калінкавіцкага
райвыканкама, Пянько Віктар Аляксандравіч – дырэктар РПУ “Калінкавічырайгаз”,
Прохарава Наталля Рыгораўна – дырэктар ПВУП “Калінкавіцкі малочны камбінат”,
Туроўчык Іна Рыгораўна – начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах
Рэспублікі Беларусь па Калінкавіцкім раёне. Асаблівая гордасць вёскі і школы – гэта хлопцы, якія
прайшлі вогненнымі дарогамі Афганістана: Бандарэнка Анатоль, Курыла Віктар,
Малашчанка Ігар, Пянько Алег, Пянько Сяргей. Гэтым пецярым пашчасціла
вярнуцца дадому жывымі, а вось Карчуганаў Артур загінуў, пасмяротна
ўзнагароджан ордэнам Чырвонай Зоркі. Вёска развіваецца У ліку першых з населеных пунктаў раёна Дудзічы ў
адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай аднаўлення і развіцця вёскі ў 2006 годзе
атрымалі статус аграгарадка. На 293 падворках яго сёння тут пражывае 725
жыхароў. У вёсцы функцыяніруе сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял школы
мастацтваў, Дом культуры, тры гандлёвыя кропкі, комплексны прыёмны пункт,
ФАП, лазня, паштовае аддзяленне. Актыўна вядзецца будаўніцтва індывідуальнага
жылля, газіфікацыя паселішча. Улічваючы, што Ду-дзічы стаяць на ажыўленай
аўтатрасе Мазыр –Мінск, то і вёска, сустракаючы і праважаючы праезжых гасцей,
павінна адпавядаць свайму статусу. І яна добра спраўляецца з гэтымі абавязкамі,
дзякуючы сваім кіраўнікам і жыхарам, тут заўсёды прыбрана і прыгожа, квяціста
і зелена. Жыць у такой вёсцы адна любата. Іван Гарыст. Сырод. Ёсць да болю знаёмы куточак
зямлі – Гэта вёска Сырод – мая песня й калыска, І хоць сцежкі да дому даўно зараслі, Усё часцей і часцей я гляджуся ў дзяцінства. Успамінаецца мне, як чародку гусей, Хварасцінай махаючы, Гнала я ў поле, Яно месцам для гульняў было у дзяцей. Эх, якая там шыр і якое раздолле! Помню спелае жыта і пах каласоў, Іх сярпом я зразала старанна, умела, Потым лезла на воз, дзе між цяжкіх снапоў, Як царыца на троне, я горда сядзела. Хіба можна забыць той спякотлівы дзень, Калі беглі гурбою на рэчку купацца?! Яшчэ помню арэлі свае з канапель, На якіх я ў дзяцінстве любіла гайдацца. Ах, дзяцінства маё – залатая пара, Не забыць тых гадоў мне ніколі – ніколі… Як іду да бацькаўскага сёння двара, Маё сэрца сціскаецца моцна, да болю… Калі няма к жыць. Вёска Сырод з’яўляецца адной з маладых у Калінкавіцкім раёне. Як вядома,
на пачатку 19 стагоддзя ў Расійскай імперыі стварылася надзвычай цяжкае
становішча: існавалі два процілеглыя
бакі – паны і сяляне, інтарэсы якіх былі заўсёды розныя. Сяляне працавалі на
паноў на іх землях і тыя вырашалі ўсё за іх – жанілі,каралі і заахвочвалі,
прадавалі і перасялялі. Мала таго, многія паны дрэнна гаспадарылі, жылі на
дзяржаўныя пазыкі і хутка станавіліся банкрутамі. У імперыі стварылася
пагражальная сітуацыя. Іх маёнткі раздаваліся на аукцыёнах новым
уладальнікам, у тым ліку і больш заможным сялянам. Аднак існавалі і так званыя казённыя (дзяржаўныя) маёнткі, якія таксама амаль
нічым не адрозніваліся ад панскіх. Сяляне іх таксама былі малазямельнымі,
хаця зямля была асноўным сродкам выжывання любой сялянскай сям’і. І калі
прыхо-дзілася дзяліць яе паміж членамі сям’і, асабліва пасля жаніцьбы сыноў,
тут узні-калі даволі складаныя сітуацыі. Трэба было шукаць выйсце. У Інвентары казённага маёнтка Аўцюцэвічы Рэчыцкага павета Мінскай губерніі яшчэ за 1853 год, які
захоўваецца ў Мазырскім занальным
архіве ў фондзе “Мінская палата дзяржаўных маёмасцей”, гаворыцца, што ў склад
маёнтка ўвахо-дзяць вёскі Гулевічы,
Пеніца і Сырод. Аднак паіменнага спіса
сялян, іх уладанняў (жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, наяўнасць коней,
валоў, кароў і дробнай жывёлы і птушкі, як гэта зроблена на вёсках Гулевічы і Пеніца), няма. Затое ёсць
прашэнне дзяржаўных сялян сяла Малыя Аўцюцэвічы ад 25 студзеня 1860 года, дзе
гаворыцца, што ў 1858 годзе пры састаўленні праекта праверачнай люстрацыі
грамада сялян сяла Малыя Аўцюцэвічы, маючы на ўвазе цеснае паселішча або
недахоп прыдатных для хлебаробства зямель, прасілі аб прадастаўленні ім
запасных участкаў ва ўрочышчы Сірад для перасялення некаторых сем’яў вясною
1860г. Прашэнне падпісалі А.Р.Дулуб, П.Р.Дулуб, Ц.К.Есьман, М.Я.Дулуб,
А.Я.Века, І.С.Севярын, І.Я.Дулуб, А.П.Ком. У акце ж Мінскага губернскага люстрата ад 12 чэрвеня 1861
года ўжо гаворыцца аб перадачы земляў па новай нарэзцы ў вёсцы Сырод 16
гаспадарам, якія перасяліліся з вёскі Малыя Аўцюцэвічы. І зноў жа тыя ж
прозвішчы, да якіх яшчэ далучыліся А.П.Дулуб, А.А.Дулуб, М.Я.Дулуб,
Р.К.Есьман, Я.І.Века, Х.І.Века, В.Ц.Века,Я.С.Дулуб. Такім чынам, 1860 год можна ўпэўнена лічыць
годам узнікнення новага паселішча на палескай зямлі – вёскі Сырод, якая і была названа
па назве аднаіменнага урочышча, дзе і атабарыліся перасяленцы з
Малых Аўцюкоў. 19 лютага 1861 года рускі цар Аляксандр ІІ падпісаў
Маніфест аб адмене ў Расійскай імперыі прыгоннага права. Гэта не асабліва
спадабалася памешчыкам.
Пачаліся хваляванні, якія перараслі ў паўстанне, жорстка падаўленае
царскім урадам. Пасля гэтага мінскі генерал – губернатар Мураўёў увёў у
губерні ваеннае становішча. Зямлю маёнткаў, памешчыкаў, якія ўдзельнічалі ў
паўстанні, раздавалі іншым памешчыкам, а таксама беззямельным і прышлым перасяленцам, якіх
нямала з’явілася і на Калінкавіцкай зямлі. Такім чынам, па пісьмовых крыніцах вёска Сырод вядома з 19
стагоддзя, як вёска ў Аўцюцэвіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.
У 1879 годзе згадваецца як сяленне ў Аўцюцэвіцкім царкоўным прыходзе. Паводле
перапісу 1897 года, тут мелася 36 двароў, 266 жыхароў. У 1908 годзе
налічвалася ўжо 66 двароў і 366 жыхароў. Аднак хочацца адзначыць, на вялікі жаль, што асаблівых
звестак аб удзеле сыродцаў у далейшых падзеях, якія імкліва наступалі разам з
бурлівым і віхурным 20 стагоддзем, ні ў якіх дакументальных даведках не
ўдалося знайсці. Вядома толькі, што ўжо пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі
і грамадзянскай вайны ў вёсцы ў 1921 годзе быў створаны сельскі Савет, які
ўзначаліў нехта М.Р.Карнеявец. Затым пасаду старшыні сельсавета займалі Цярэнцій Ком і П.І.Века.
Менавіта ў гэты час, а дакладней, у снежні 1922 года, мясцовыя ўлады вырашылі
пытанне адкрыцця ў вёсцы дагаворнай школы.
З пратаколу агульнага сходу жыхароў вёскі, на якім
прысутнічала 50 чалавек, можна даведацца, што дагэтуль у вёсцы існавала
дзяржаўная пачатковая школа, якая па
невядомай прычыне павятовым аддзелам народнай адукацыі была закрыта. Таму,
заслухаўшы старшыню сельсавета тав. Кома аб адкрыцці дагаворной школы, каб
дзеці не заставаліся непісьменнымі, прысутныя на сходзе грамадзяне знайшлі
неабходным адкрыць дагаворную школу, для чаго абралі ўпаўнаважаных па заключэнні
такога дагавора. Імі былі выбраны Раман Карнеявец і Дзяніс Дулуб, якім і
даручалася заключыць такі дагавор з упаўнаважаным павятовага аддзела народнай
адукацыі або валаснога выканаўчага камітэта (Мазырскі занальны архіў. Фонд
98, вопіс 1, справа 116, ліст 25). У 1924 годзе Сыродскі сельскі Савет быў скасаваны і вёска
Сырод увайшла ў склад Малааўцюкоўскага сельсавета. У 1930 годзе (па іншых звестках у 1929 г.) у вёсцы быў
створаны калгас імя Сталіна. Працавалі
смалакурня, пачатковая школа, у якой ужо ў 1935 годзе навучаліся 74 вучні. Трэба адзначыць таксама, што ніякіх звестак пра тое, як
праходзіла калектывізацыя ў вёсцы, нідзе пакуль не знайшлося. Але ж гэта не
значыць, што тут усё прайшло, як кажуць, гладка. Справа ў тым, што
расстраляныя ў 1937-1938 гг. Сыродцы, так званыя цяпер ахвяры масавых
сталінскіх рэпрэсій Дзмітрый Пятровіч Дзісак, Канон Іванавіч Дулуб, Нікіфар
Пятровіч Дулуб і Якаў Ермалаевіч Дулуб, людзі ва ўзросце ад 40 да 72 гадоў,
з’яўляліся аднаасобнікамі. А гэта ў тадышняй улады было косткай у горле. Грымела вайна Сыродцы, як увесь шматнацыянальны савецкі народ, ледзь
толькі прагучала страшнае слова “вайна”, узняліся на барацьбу з лютым
ворагам. 79 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы
Радзіму, сваю родную вёску. Прытым кожны з іх, часам застаючыся зусім
невядомым, па-геройску ўносіў сваю лепту ў Вялікую Перамогу над ворагам. Не сядзелі склаўшы рукі і многія жыхары, што засталіся на
акупіраванай тэрыторыі. Яны ішлі ў партызаны, станавіліся падпольшчыкамі,
разведчыкамі, чым маглі дапамагалі Чырвонай Арміі, білі ворага ў яго тыле, не
даючы яму ні хвіліны спакою. Прытым ваявалі не толькі мужчыны, але і жанчыны,
нават, дзеці. Вось што пішуць у сваёй
кнізе “Ка-пітан Стэп уходзіць у разведку”
В. Мамантаў і І. Навуменка пра адну з такіх патрыётак, ураджэнку вёскі
Сырод Таццяну Есьман, імя якой сёння стаіць у адным страі разам з мужнымі
жанчынамі-калінкавічанкамі. Мужа Таццяны Есьман, Аляксея Мароза, мабілізавалі ў першыя
дні вайны, ён загінуў на фронце ў 1944 годзе. Напярэдадні прыходу акупантаў
Таня хацела эвакуіравацца, але бацька адгаварыў, на руках у яе было двое
малых – чатырох і шасці гадоў. Таня пераехала да бацькі ў Сырод. З першых
дзён акупацыі старалася ўстанавіць сувязь з адданымі савецкай уладзе людзьмі. Вясною наступнага года да Тані прыйшоў Леанід Лаеўскі, з
якім яна вучылася ў Калінкавіцкай сямігадовай школе. Лаеўскі паведаміў, што
ствараецца партызанскі атрад і папрасіў дапамагаць народным мсціўцам, а для
маскіроўкі весці сябе па адносінах да акупантаў лаяльна. У жніўні 1942 года
Лаеўскі пазнаёміў Таню Есьман з Васілём Адасем, які кіраваў разведкай у
атрадзе. Адась часта заходзіў да яе, даваў розныя заданні. Першы раз ён уручыў ёй кішэнны гадзіннік і папрасіў
аднесці яго ў Калінкавічы да гадзіннікавага майстра. Яна панесла. У майстэрні былі цывільныя людзі і некалькі
гітлераўцаў. Майстар адпусціў усіх, спытаў у Тані: - Як адчувае сябе Васіль Сцяпанавіч? Майстар перадаў Тані патрэбныя звесткі, і яна пайшла
дадому. Вечарам да яе прыйшлі партызаны. Таня аддала ім запіску майстра. Так
яна стала сувязной атрада. Бацька і маці Тані Есьман былі ўжо немаладыя. Трое братоў
змагаліся на фронце, сястра жыла ў Маскве. Маці хварэла. Таня дапамагала
партызанам так, каб бацькі не ведалі. Іншы раз трэба было ісці ў Ка-лінкавічы
за звесткамі, а бацька даваў ёй работу ў полі. Таня кідала справу, бегла ў
горад, а затым вярталася ў поле. Калі ж пайсці не ўдавалася, яна пасылала ў
горад васьмігадовага сына Сашу. Ён
аказаўся кемлівым, нікому нічога не гаварыў. У хуткім часе паўстала пытанне, як пераправіць у Мазыр
рацыю. Насіць яе па частках было даволі небяспечна. Таня хадзіла ў горад не
адзін раз і ведала, як скрупулёзна на пароме
і вуліцах гітлераўцы правяралі сумкі, кошыкі. Яна прапанавала такі
план. У Калінкавічах працавала ўрачом Тамара Андрэеўна Грыцэнка, якая праз
Таню перадавала медыкаменты партызанам. Таня возьме ў яе накіраванне ў Мазыр,
дзе будзе сказана, што яна вязе сына ў бальніцу. У гэты час жыхар Сырода Міхась Заранок збіраўся ісці разам з жонкай у партызаны. Раней ён
перадаваў партызанам праз Таню пяць вінтовак, некалькі гранат, сумку
патронаў. Таня ўгаварыла Заранка дапамагчы ёй везці хворага Сашу ў Мазыр на
аперацыю. У лесе яе сустрэлі Яфімаў і Вінакур. Воз Таня пакінула
Яфімаву, каб ён палажыў рацыю, і пайшла сустракаць Заранка. Да пераправы праз Прыпяць прыехалі ў 10 гадзін ра-ніцы.
Каля яе скапілася мноства вайсковых машых і павозак, грамадзянская павозка
аказалася адна. Заранок падыйшоў да рэгуліроўшчыка, які адпраўляў паром цераз
Прыпяць, паказаў даведку ад урача. Рэгуліроўшчык адказаў, што пакуль не
пераправіць на супрацьлеглы бераг машыны і павозкі вайскоўцаў, грамадзянскую
павозку на паром не пусціць. Заранок сказаў, што возьме хлопчыка на рукі і аднясе да
доктара. Таню гэта не задавальняла. Яна адказала, што сама пераправіцца на
пароме ў горад, зойме чаргу да ўрача. Становішча ўтварылася складанае.
Гітлераўцы маглі абшукаць воз, знайсці рацыю. У час адсутнасці Тані Заранок
узяў з воза ахапак сена, каб пакарміць каня і нечакана намацаў на дне павозкі
нешта цвёрдае. -Што там у сене ў цябе схавана? -Гэта скрыня з салам – плата доктару, – адказала Таня. Яна сама пайшла прасіць рэгуліроўшчыка пераправіць воз.
Гаварыла, што муж паліцэйскі, што ў хлопчыка было ўжо два прыступы
апендыцыта, а трэці можа аказацца смяртэльным, плакала, прасіла. Фашыст не
згаджаўся. Яна зноў плакала і прасіла… На паром прадаўжалі ўз’язджаць машыны.
Вось заехала адна з іх, другая, трэцяя,пачала пад’язджаць чацвёртая.
Рэгуліроўшчыку надакучыла гэтая каніцель, ён махнуў рукой: -Паліцэйскі, праязджай! Хутка! Заранок узяў каня за аброць і павёў на паром. Там сказаў,
каб Таня сама трымала каня, бо яму трэба ў горад. Таня ахвотна яго адпусціла:
не хацела,каб ён ведаў, дзе яна спыніцца. Да Тані падыйшоў Катлінскі, узяў у яе каня, падвёў яго да
таполі, прывязаў. Падаспелі Мураўёў і Ганна, узялі рэчы і панеслі ў домік. Да вёскі пад’язджалі ўжо прыцемна. Капітан Яфімаў чакаў яе
каля вёскі. Яна расказала яму аб усім, што здарылася на дарозе. Потым капітан часта перадаваў ёй звесткі, і
Таня насіла іх у Мазыр радыстцы… Цікавым і вельмі павучальным склаўся і лёс юнага
падпольшчыка, сына Таццяны Есьман Сашы. Ён трапіў у дзеючую армію, стаў сынам
палка, удзельнічаў у баях, за што
атрымаў медаль “За адвагу”. І гэта ў дзесяцігадовым узросце! Ураджэнец вёскі Сырод
Рыгор Цярэнцьевіч Века ў рады Чырвонай Арміі прызваўся задоўга да
вайны, у 1934 годзе. Скончыў Бабруйскую палкавую школу малодшых камандзіраў,
служыў камандзірам аддзялення, затым камандаваў узводам у Быхаве, а ў 1939
годзе быў адкамандзіраваны ў Прыбалтыку на будаўніцтва аэрадрома, дзе і
сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Ваяваў на Цэнтральным і Калінінскім франтах,
дзе і атрымаў цяжкае раненне. Амаль што аглух, страціў зубы, але пасля
лячэння зноў трапіў на фронт, на гэты раз механікам па электраабсталяванні
самалётаў 1-й эскадрыллі Мазырскай авіядывізіі Брэсцкага палка, дзе і служыў
ажно да 1957 года. Працаваў загадчыкам гаспадаркі ў райбальніцы, конюхам у
Калінкавіцкім лясгасе. А калі выпадалі святы, адзяваў касцюм, на якім золатам
гарэлі баявыя ўзнагароды: ордэны Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені,
Чырвонай Зоркі, медалі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”. Аднак самай дарагой
узнагародай лічыў ветэран сваю першую – імянны гадзіннік, уручаны самім
наркомам Кліментам Варашылавым яшчэ ў 1934 годзе, на першым годзе службы. Як воіна і добрага гаспадара, памятаюць сыродцы ветэрана
вайны і працы Якава Ануфрыевіча Куіса, які нарадзіўся ў Сыродзе ў 1913 годзе.
З-за беднасці ў сям’і Якаў Ануфрыевіч з маленства добра ведаў смак і пах
хлеба, кавалак якога яму прыйшлося здабываць цяжкаю працаю на палях мясцовых
багацеяў. Калі ж пасталеў, працаваў у лесахімічнай прамысловасці, служыў у
Чырвонай Арміі. А затым была вайна. І аб ратных справах, як і справах
гаспадарчых адразу пасля вайны, калі Я.А. Куіс у 1945 годзе быў абраны
старшынёю калгаса імя Сталіна, а з 1955 года і да выхаду на пенсію працаваў
брыгадзірам паляводчай брыгады калгаса імя Жданава, яскрава гавораць не
толькі яго характарыстыкі, але і ўзнагароды: ордэны Чырвонай Зоркі,
Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знак Пашаны” і многія медалі. У гады мірнай працы 14 студзеня 1944 года Калінкавіцкая зямля пасля доўгіх і
пакутлівых гадоў акупацыі нарэшце была вызвалена. Трэба было пачынаць новае
жыццё, узнаўляць разбураную вайной гаспадарку. Праўда, вёска Сырод у час
фашысцкай навалы асабліва не пацярпела, і сыродцы гасцінна прынялі ў маі-чэрвені
многія сем’і жыхароў вёскі Церабаў Петрыкаўскага раёна, якая ў гэты час знаходзілася ў прыфрантавой зоне. Калі ж
вайна адкацілася далей на Захад і петрыкаўцы вярнуліся ў свой край, у Сыродзе
ўшчыльную пачалі займацца гаспадарчымі справамі: будавалася жыллё,
узнаўляліся работы на калгасных палях. Не хапала насення, мінеральных угнаенняў, жывёлы, тэхнікі.
Але ў людзей была вялікая прага да працы і, галоўнае, надзея. Надзея на
лепшае жыццё. Тыя з мужчын, што вярнуліся з палёў вайны, як кажуць, працавалі
з вялікай аддачай не толькі за сябе, але і за тых, хто не вярнуўся. 25 верасня 1951 года калгас імя Сталіна аб’ядноўваецца з гулевіцкім калгасам “Праўда” і
ладыжынскім “Чырвоны Кастрычнік” і атрымоўвае імя Жданава з цэнтральнай
сядзібай у Сыродзе. І, хаця, паўтараю, у людзей было вялікае жаданне працаваць
і жыць лепш, не заўсёды ўсё атрымлівалася добра. Праўда, і ў тыя гады тут
з’яўляліся свае “маякі”, на якіх раўняліся іншыя. Так тады вызначыліся
пастухі дойнага статку Віктар Гарыст, Фёдар Барысенка і Аляксей Есьман, а
даярка Анастасія Века трымала першынство на сваёй ферме, надойваючы ад 12
кароў сваёй групы ажно 100 кілаграмаў малака ў суткі (?!). За ёю ішлі Марыя
Новік, Надзея Кіршчына і іншыя. Аднак то ўздымы, то рэзкія падзенні ўсіх вытворчых паказчыкаў
ва ўсіх падраздзяленнях гаспадаркі вымушалі раённае кіраўніцтва шукаць выхады
з такога становішча. І яго знаходзілі… ў даволі частай замене кіраўнікоў
гаспадаркі. І гэта, іншы раз, давала даволі адчувальныя вынікі. Вось што пісаў у раённай газеце
“Сталінскі прызыў” карэспандэнт Ю. Поляк у далёкі ўжо цяпер 1959 год. Артыкул
карэспандэнта называўся “Новы старшыня прыйшоў у калгас”. “…Які-небудзь месяц застаўся да вясны, а ў гаспадарцы не
хапае насення збожжавых, бульбы. Не хапае кармоў. Амаль уся кукуруза на
корані загінула. Ды не лепш і з тэхнікай. З пяці трактароў толькі адзін
адрамантаваны. Хтосьці кінуў рэпліку ў час справаздачы: “Куды ні кінь, усюды
клін”. Седзячы ў прэзідыуме, Ілья Сямёнавіч аб многім думаў.
“Вось выберуць мяне старшынёй, нялёгка будзе”. Але ён ведаў на што ідзе. Былы
галоўны ветурач раёна, які адпрацаваў на гэтай пасадзе адзінаццаць гадоў,
добра ведаў кожны калгас, але цяжкасці яго не палохалі. І ён стаў старшынёй аднаго з адстаючых калгасаў.
Кожны дзень набліжаў да вясны і Ілля Сямашка (дарэчы, бацька цяперашняга
першага віцэ-прэм’ера Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ільіча Сямашкі) працаваў
не ведаючы стомы. Калі б суткі былі 50 гадзін, то і іх не хапіла б. Але не
кожны следаваў за ім. Вось брыгадзір Іван Наўныка. Ён не лічыўся з парадамі
старшыні. “Знайшоўся яшчэ ўказчык. Не горш яго ведаю, што рабіць”. Гэта быў
занадта самаўпэўнены чалавек. Першы канфлікт здарыўся паміж ім і старшынёй на вывазцы
ўгнаенняў. Восем тон аміячнай салетры даставіў Наўныка на тарфянікі, пад авёс. Ілья Сямашка, даведаўшыся аб гэтым, ускіпеў. Брыгадзір не
выканаў яго ўказанне. Такое каштоўнае ўгнаенне патрэбна было пад кукурузу. - Будзем шчырымі, – сказаў брыгадзіру старшыня. – Як
будзем далей працаваць? - Не першы год брыгадзірам, ведаю, што рабіць, – выпаліў
Наўныка. - Чуў ужо гэта. Дык вось, сёння ж аміячную салетру вывезці
туды, куды трэба. Вечарам паведаміш. “У новага круты характар, настойлівы чалавек. Хочаш не
хочаш, а прыдзецца выканаць распараджэнне”, – думаў брыгадзір, уходзячы ад
старшыні. Не з адным брыгадзірам прыйшлося старшыні з’есці пуд солі.
Але вельмі хутка людзі адчулі сілу гэтага чалавека, паверылі яму. Яны
пераканаліся, што ён руплівы гаспадар, клапоціцца і аб іх дабрабыце. Цяжкі быў час, а ў калгаснай касе – ні капейкі. Трэба
набыць насенне, адрамантаваць тэхніку, а няма за што. Трэба дапамагчы і
людзям. Як адмовіць чалавеку, калі патрэбна накрыць хату ці пабудаваць новую.
Аднаму – шыфер, другому лес патрэбен. Прыйшлі за дапамогай Матрона Судас,
Ксенія Судас, пастух Аляксей Есьман.
Нікому не адмовілі, дапамаглі. І людзі зусім па-іншаму сталі адносіцца
да працы. …Сяўбу, як ніколі, правялі ў лепшыя тэрміны. Кукурузы пасеялі 117 гектараў,
больш чым намячалі. Прайшло ўсяго некалькі месяцаў, а змен у калгасе адбылося
нямала. Паляпшаліся справы, мяняліся людзі, асабліва маладыя хлебаробы. Яны
ўсёй душой аддаліся працы. Праўленне не заставалася ў даўгу, больш стала
клапаціцца, каб юнакі і дзяўчаты цікавей праводзілі вольны ад работы час. У
клуб купілі радыёлу, а ўдзельнікам уноў створанага хору – нацыянальныя
касцюмы. Песня зазвінела над вёскай. Але не ўсё ішло гладка, як хацелася старшыні. Некаторыя
свядома ці несвядома тармазілі рух наперад. Зноў звіхнуўся брыгадзір Іван
Наўныка. Ён наадрэз адмовіўся сіласаваць дзікарослыя травы. Дайшло да таго,
што праўленне вызваліла яго ад пасады брыгадзіра, а ў новага справы не
пайшлі. Брыгада пачала каціцца ўніз. Аднойчы вечарам, калі акрамя старшыні нікога ўжо не было ў
канцылярыі, зайшоў Іван Наўныка. - Што табе, бачу чымсьці ўсхваляваны? – запытаў Сямашка. - Памыліўся я. І калі
праўленне даруе мне, зноў стану брыгадзірам. Разумееце, душа баліць.
Непаладкі пайшлі ў брыгадзе. Чалавеку паверылі. Ён асвядоміў памылку, шчыра хоча
іскупіць віну. … Ілья Сямашка прыйшоў у калгас беспартыйным. Тут ужо ён
стаў камуністам. І да яго яшчэ больш прасякнуліся людзі даверам, павагай. Для
старшыні гэта самае галоўнае. Няма яшчэ і году, як Ілья Сямёнавіч стаў на
чале калгаса імя Жданава. Але і за гэты кароткі час вялікія змены адбыліся
тут. Гаспадарка набірае разбег. Даходы яе ўзраслі да 900 тысяч рублёў.
Павялічылася вытворчасць прадуктаў
жывёлагадоўлі, ураджайнасць сельгаскультур. Калгас поўнасцю забяспечыў сябе
насеннем. Гэта ўпершыню за многа гадоў”. Роўна пяць гадоў адпрацаваў старшынёй калгаса імя Жданава
Ілья Сямёнавіч Сямашка, і калі яго праводзілі на новую пасаду, калгаснікі не
хавалі сваіх слёз. Менавіта пры ім у гаспадарцы былі закладзены асновы
добрасумленных адносін як да сваіх прамых абавязкаў, так і ўзаемаразумення
простых людзей працы і кіраўніцтва гаспадаркі, якія і сёння існуюць тут. Пасля І.С. Сямашкі калгас імя Жданава амаль шэсць гадоў
узначальваў М.М. Маскаленка. На жаль, Мікалай Маісеевіч даўно пайшоў з жыцця, таму мы не валодаем дакладнымі данымі аб тым
перыядзе яго гаспадарання. Тым не менш, як паведаміла старшыня Сыродскага
сельсавета Г.М. Бічан і іншыя жыхары вёскі Сырод, гэта быў вельмі
гаспадарлівы і абавязковы чалавек, які душою “хварэў” за справу, за людзей
гаспадаркі. І справу, пачатую
І.С. Сямашка, ён працягваў дастойна. Менавіта пры ім калгас імя Жданава за дасягнутыя поспехі ў
справе павышэння прадукцыйнасці працы і павелічэння валавых збораў збожжавых
і бульбы, а таксама ўраджайнасці іх і павышэння прадуктыўнасці грамадскай жывёлагадоўлі
ўпершыню выйшаў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва і быў узнагароджаны
Пераходным Чырвоным Сцягам, які затым неаднаразова ўтрымліваў. Менавіта тады
ў гаспадарцы з’явіліся і першыя кавалеры ўрадавых узнагарод, удастоеныя за
самадданую працу жывёлаводы і механізатары, хлебаробы і кіраўнікі вытворчых
падраздзяленняў. Сярод іх брыгадзір комплекснай брыгады ветэран Вялікай
Айчыннай вайны Я.А. Куіс, удастоены ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знак
Пашаны”, жывёлавод П.К. Дулуб і шафёр А.І. Капітан – кавалеры ордэна
Працоўнага Чырвонага Сцяга, камбайнер П.В. Дулуб, узнагароджаны ордэнам
Працоўнай славы ІІІ ступені, жывёлавод К.П. Дулуб, механізатары Я.П. Снопік і
П.Р. Карнеявец, якія атрымалі медалі “За працоўную адзнаку”. І, нарэшце, сам старшыня, на грудзях якога
з’явіўся ордэн “Знак Пашаны”. Пасля М.М. Маскаленкі старшынёю калгаса ў Сыро-дзе быў
абраны М.П. Літвінюк. Вось як аб тым
перыядзе, а працаваў Міхаіл Пятровіч тут з лютага 1975 года па студзень 1980
года, ён успамінае сам. Мы былі кузніцай кадраў Сваю працоўную дзейнасць я пачынаў слесарам раённага
аб’яднання “Сельгастэхніка” пасля службы ў арміі, адначасова вучыўся ў
Буда-Кашалёўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. У аб’яднанні прасоўваўся і па
службовай лесвіцы: быў майстрам, інжынерам-кантралёрам, загадчыкам
рамонтна-механічнай майстэрні, намеснікам упраўляючага па тэхнічнаму абслугоўванню
машынна-трактарнага парка раёна. Пасля заканчэння тэхнікума працягваў вучыцца
ў Беларускім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Назначэнню мяне на пасаду старшыні праўлення калгаса імя
Жданава папярэднічаў адзін цікавы выпадак. Восенню 1974 года вельмі цяжка
ішла ў раёне адгрузка бульбы ў саюзны фонд. Яе ў асноўным загружалі ў вагоны
ўручную, што стварала пэўную затрымку. Загружалі “другі хлеб”, як звычайна,
вайскоўцы, а таксама работнікі спажыўтаварыства, камандзіраваныя людзі з
калгасаў, саўгасаў і прадпрыемстваў горада. Як паскорыць працэс
пагрузкі? Што можна прымяніць з механізацыі? З такімі пытаннямі да мяне, як
да намесніка ўпраўляючага (самога ўпраўляючага на той час не было)
звярнуўся гаркам партыі, першым
сакратаром якога ў той час быў І.І. Якаўцаў. Задзейнічаўшы ўсе свае, так бы мовіць, канструктарскія
здольнасці і сабраўшы ўсе, якія ўдалося, наяўныя механізмы для рэалізацыі
задумкі, мы пабудавалі на станцыі Калінкавічы зусім новую пагрузачную
пляцоўку, што значна, у некалькі разоў павысіла тэмпы работ, вызваліла шмат
рабочых рук. І.І. Якаўцаў, які штодня бываў на пляцоўцы, на гэты раз прыемна
здзівіўся і, вядома, падзякаваў усіх нас. Канешне ж, мяне ён ”узяў на
заметку”. Праз некаторы час мяне нечакана
выклікалі ў гаркам да першага сакратара, які і прапанаваў узначаліць
адзін з калгасаў раёна. Для мяне гэта
было поўнай нечаканасцю, таму я папрасіў час на абдумванне. Доўга думаў сам,
раіўся з сябрамі і родзічамі, аднак адназначнага адказу не даў і
паехаў у Мінск. Тут я зусім супакоіўся і рашыў, што мяне больш не будуць
чапаць. Аднак я памыляўся. Мяне знайшлі і ў Мінску. Інструктар
гаркама А. В. Капітан
патэлефанаваў мне і сказаў, каб я вярнуўся ў Калінкавічы тэрмінова, таму што я павінен ехаць у абкам
партыі на субяседаванне і зацвярджэнне
на пасаду старшыні калгаса. У абкам мы паехалі ўтрох: я, Іван Паўлавіч
Мятлушка і Анатоль Фёдаравіч Прахоцкі. Там нас усіх зацвердзілі, карацей,
далі згоду на прызначэнне нас старшынямі. На сход у калгасны Дом культуры, памятаю, сабралася вельмі
многа народу. Мяне прадстаўляў другі сакратар гаркама партыі К. Д. Мазур. Хачу заўважыць, што сход праходзіў у дзелавой і вельмі добразычлівай абстаноўцы. Было зададзена
шмат пытанняў, добрых пажаданняў. Але былі і такія, хто недаверліва аднёсся да майго абрання: маўляў, з горада, ці атрымаецца ў яго нешта.
Сёння я лічу, што ў мяне атрымалася, я не толькі захаваў усё тое, што зрабіў
мой папярэднік, але і змог арганізаваць і павесці за сабой людзей на
выкананне і перавыкананне даведзеных планаў і заданняў. Першае, з чаго мы пачалі, гэта ўзнаўленне
машынна-трактарнага парка, з
навядзення і замацавання парадку на
фермах, вывучэння зямельных угоддзяў, бо наперадзе
ў мяне была першая веснавая сяўба. Разам з вытворчымі праблемамі я імкнуўся пастаянна рашаць
і праблемы працаўнікоў калгаса. А гэта і аплата працы, і афармленне пенсій, і
набыццё шыферу і іншых будматэрыялаў, і ўстаноўка газавых пліт, і шмат чаго
іншага. Прытым людзі вельмі скрупулезна сачылі за маімі паводзінамі і
дзеяннямі. Безумоўна, за ўвесь час работы ў гаспадарцы я стараўся людзям ні ў
чым не адмовіць. А паколькі ў калгасе сваіх асаблівых рэзерваў не было, то я
імкнуўся заўсёды займець падтрымку і ў гарадскога кіраўніцтва, і ў кіраўнікоў гаргаза,
“Сельгастэхнікі”, завода дахавых матэрыялаў і іншых, што давала магчымасць
рашаць многія праблемы сельскіх працаўнікоў. Напрыклад, за час майго кіраўніцтва калгасам усе дамы
прыватнага сектара былі накрыты шыферам, усім жадаючым устаноўлены газавыя
пліты. Людзі мне паверылі. Напэўна, у гэтым даверы людзей да мяне сыграў і такі,
лічу, немалаважны фактар, як тое, што ўсіх працаўнікоў, няхай гэта пастух ці
мой намеснік, я называў толькі па імені і імені па бацьку. Дагэтуль жа тут усіх называлі толькі па мянушцы. Дарэчы, мне вельмі пашанцавала і на спецыялістаў,
брыгадзіраў комплексных брыгад, вопытных і ўмелых арганізатараў, якімі былі
Я. А. Куіс, А.Л. Багдановіч і В. Г.
Малашчанка (цяпер з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі Сыродскага
сельскага Савета.- Заўвага аўтара). Я заўсёды з пачуццём глыбокай павагі
ўспамінаю М. Д. Дулуб – галоўнага эканаміста гаспадаркі, Г. Д. Севярын –
галоўнага бухгалтара, У. Н. Есьмана – галоўнага інжынера, галоўных аграномаў,
якія працавалі ў розны час М. Е.
Запатылка і П.Ф. Багдановіча, галоўнага
заатэхніка А. М. Тагая, сваіх
намеснікаў і сакратароў партарганізацыі Л. І. Налецьку, В. І. Яцэвіча, І. Р.
Буцэнку, якія затым былі накіраваны на пасады старшынь калгасаў раёна. У
гэтую кагорту ўліўся і галоўны заатэхнік гаспадаркі А. М. Тагай, які ўзначаліў калгас “Зара” , і
галоўны аграном М. Е. Запатылак, прызначаны дырэктарам саўгаса “Каменка”
Мазырскага раёна. Аднак не толькі кіруючы састаў гаспадаркі быў для мяне
надзейнай апорай, але і многія механізатары, жывёлаводы, вадзіцелі, паляводы
і будаўнікі. Асобна хачу сказаць аб жывёлаводах, так як гаспадарка спецыялізавалася на адкорме буйной рагатай жывёлы. Дзякуючы
старанням нашых працаўнікоў ферм, эканоміка гаспадаркі рабілася ўсё больш устойлівай
і прыбытковай. Людзі былі проста адданыя сваёй справе, не лічыліся з часам,
працавалі іншы раз без выхадных. Я часта ўспамінаю тых, дзякуючы каму
гаспадарка пачала прадаваць дзяржаве да 1000 тон мяса ў год. Гэта даглядчыкі
жывёлы на адкорме П. К. Дулуб, М. М. Века, Е. С. Севярын, цялятніцы П. Р.
Малашчанка, М. М. Ком, пастухі Г.Базылева і Г. Жыліна. Скажу шчыра, я быў задаволены адносінамі да працы ўсіх
працаўнікоў гаспадаркі, няхай нехта рабіў менш, але ж гаспадарка ў цэлым
развівалася, умацоўвалася. І сёння я цікаўлюся справамі гаспадаркі, якую
ўзначальвае, на мой погляд, вельмі старанны і таленавіты арганізатар
сельскагаспадарчай вытворчасці Сяргей
Іванавіч Даўгяла”. Самы шчаслівы і незабыўны час У канцы 1989 года калгас імя Жданава ўзначаліў П. М.
Савіцкі, які дагэтуль працаваў загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела гаркама
партыі. Гэта быў даволі вопытны гаспадарнік, які, пасля заканчэння з адзнакай сельскагаспадарчай акадэміі, паспеў папрацаваць інжынерам у калгасе “1 Мая”, якім тады кіраваў, па словах самога Пятра Мікалаевіча, мудры і вельмі здольны чалавек Іван
Астапавіч Шпакаў. Пасля П. М. Савіцкі ўзначальваў інжынерную службу ў
райаб’яднанні “Сельгастэхніка”, а з 1985 па 1989 гады –
калгас “50 гадоў БССР”. «Калі я прыйшоў у гаспадарку, тут было зроблена шмат добрага, але хапала і недахопаў. Першае, з
чаго я пачынаў, гэта наладжванне добрых узаемаадносін са спецыялістамі,
жывёлаводамі, механізатарамі, навядзення парадку на фермах,у механічнай
майстэрні. Паступова ўмацоўвалася дысцыпліна як працоўная, так і
тэхналагічная. Для сябе я азначыў праграму сваіх дзеянняў па будаўніцтву і
рэканструкцыі вытворчай базы, добраўпарадкавання вытворчых аб’ектаў і
населеных пунктаў. За час маёй работы ў гаспадарцы зроблены капітальны рамонт
памяшкання для буйной рагатай жывёлы на 200 галоў, пабудавалі 2 павеці для
грубых кармоў і два новыя жывёлагадоўчыя памяшканні, у тым ліку кароўнік на
200 галоў, правялі капітальны рамонт на комплексе (а гэта 10 памяшканняў),
пабудавалі зернесклад, зманціравалі
зернесушылку, вагі, дом механізатара з парылкай і душавой,
заасфальтавалі мехдвор, пляцоўку для
металалому і многае іншае. Інтэнсіўна вялося і будаўніцтва жылля. Толькі ў
Сыродзе было пабудавана 60 кватэр, па вёсцы быў пракладзены вадаправод. На
ўсіх вытворчых аб’ектах быў наведзены належны парадак. Адным словам, ужо ў той час мы рабілі ўсё тое, што сёння
патрабуе ад кіраўнікоў гаспадарак Прэзідэнт. Адно, што не паспеў я зрабіць, гэта падвесці прыродны газ
да Сырода. 15 мая 1989 года сесіяй Жыткавіцкага райсавета дэпутатаў я
быў зацверджаны старшынёй Жыткавіцкага
райвыканкама, дзе і адпрацаваў больш 10 гадоў. Зараз з’яўляюся старшынёй камітэта па працы, занятасці і
сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама. Трэба адзначыць, што ў Сыродзе я набыў багацейшы вопыт
работы з людзьмі, вопыт кіраўніка. Бо
мне прыйшлося працаваць у той час, калі разваліўся Саюз і амаль уся
вытворчасць, у тым ліку і сельская гаспадарка, паралізаваная найцяжэйшым
крызісам, фактычна застылі ці тапталіся на месцы. Мы ж дынамічна развіваліся,
як ні было цяжка: прадавалі да 800 тон
мяса ў год, пагалоўе даходзіла да 5 тысяч галоў. Аднак рабіць ацэнку маёй
работы могуць толькі людзі, з якімі мне давялося працаваць. Бо, лічу, што ў
гэтым калектыве, толькі дзякуючы яму я загартаваўся і самазацвердзіўся як
чалавек, як асоба. За ўсё гэта я ўсім вельмі ўдзячны. Гэта быў самы шчаслівы
і самы незабыўны для мяне час”. Пакінула яркі след Маладая сям’я Пугачовых з’явілася ў Сыродзе ў 1952 годзе.
Паліна была прызначана настаўніцай пачатковых класаў, Андрэй працаваў
электрагазасваршчыкам у Калінкавічах.
Школа размяшчалася ў звычайнай сялянскай
хаце, раздзеленай на дзве палавіны. У першай вучыліся дзеці, у другой
жыла гаспадыня, якую ўсе называлі цёця Насця. Так піша ў сваёй
аўтабіяграфіі ўраджэнка вёскі
Сырод, вядомая сёння ў Калінкавічах жанчына – намеснік дырэктара па
выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №1, педагог вышэйшай катэгорыі, настаўніца
рускай і беларускай мовы, спявачка,
музыкант, паэтэса і проста вельмі добры чалавек Клаўдзія Андрэеўна
Абібак. Многія сыродцы памятаюць гэтую маладую пару, шчасцю якой,
як здавалася, не будзе канца. Нават многія зайздросцілі гэтай сям’і, ладу ў
ёй. Тут, ужо ў Сыродзе, у Пугачовых амаль адна за адной з’явіліся пяць дачок:
Святлана, Клава, Зіна, Ларыса і Марыя. Цяпер “вучыцелку” Паліну Даманаўну
(ураджэнку в. Тарканы) паважалі ўдвайне як дзеці, так і дарослыя. І тут
грымнула бяда. Калі маленькай Марыі было ўсяго тры месяцы, муж абвясціў, што
ён кахае іншую жанчыну і ўходзіць з сям’і. Толькі гэта не спалохала Паліну
Даманаўну. Яна не плакала і не ўпрошвала любімага мужа, не заламвала рукі і
не папракала яго, не галасіла на ўсю вёску. Яна проста вялікімі намаганнямі
душы, розуму свайго, сілаю волі заглушыла ў сабе страшэнны боль і, як
апантаная, узялася за работу. Гэта была вельмі мужная, мудрая, валявая
жанчына. І ў той жа час гэта было дзівоснае божае стварэнне, якое ўсю цеплыню
душы сваёй, гарачую любоў, пяшчоту цяпер аддавала дачушкам. Яна вучыла дзяцей і вучылася сама жыццю. Навучылася іграць
на гармоніку і навучыла гэтаму Клаву, пачала пісаць вершы, добра спявала,
малявала і вышывала, стала самай актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці
Сырод-скага Дома культуры. Разам з гэтым асвоіла і чыста мужчынскія прафесіі:
сталяра і цесляра, бо ў гэты час яна будавала сабе хату. І перамагла ўсе
нягоды. Вырасціла дзяцей, вывела ў людзі: Святлана ўжо пенсіянерка, жыве ў
Полацку, Клава – настаўніца, Зіна – прадавец у Шыічах, Ларыса – інжынер КУП
“Камунальнік Калінкавіцкі”, Марыя – вядучы спецыяліст аддзела сацыяльнай
абароны аднаго з раёнаў г.Мінска. Ужо некалькі гадоў няма Паліны Даманаўны на
гэтым свеце, але памяць аб ёй жыве ў Сыродзе і сёння, бо яна пакінула тут
свой яркі след. Аб усім гэтым Клаўдзія Андрэеўна расказвае ў сваёй
паэме-біяграфіі, якую і прапаную чытачу. Мой лёс Дзень быў марозны і сонца свяціла, Сонечны зайчык на вокнах скакаў. Маці мяне ў той час нарадзіла, Бацька ад шчасця,
як месячык ззяў. Рада па вушы была і Святланка – Гэта старэйшая наша сястра. Кінула коўзанку, кінула санкі, Кінула гульні – бывай дзетвара! Усё разглядала мой тварык дзіцячы, Песціла тонкія ручкі мае, Клікала маці, калі я заплачу, Тая падыдзе, пакорміць мяне. Што яшчэ болей патрэбна дзіцяці? Смачна паесці ды добра паспаць. Дні праплылі, стала я падрастаці, Першыя словы змагла вымаўляць. Час надышоў, трэба ў школу збірацца, Вось ужо складзены кніжкі ў партфель. Маці сказала: “Як будзеш старацца, Потым і жыць будзе значна лягчэй…” Як у ваду тады маці глядзела – Веды мне лёгка давалісь тады. Ды ў сям’ю нашу гора ўляцела – Бацюхна наш нарабіў
нам бяды. Неяк суседка матулі
шапнула: “Муж твой другую даўно пакахаў”. Маці тады як агнём шуганула, Голас суседкі заснуць не даваў. Бацька прызнаўся: “Не хлусяць суседзі, – Сэрцу, маўляў, не прыкажа ніхто, – Дзетак жа нашых сама ты дагледзіш, Бога прасі, каб ён вам дапамог…” Бразнуў дзвярыма, пайшоў без аглядкі, У маці пяцёра дачок на руках. “Не, не сагнуся, ўсё будзе ў парадку!..” А сэрца ўсё ныла, балела ў грудзях. І не сагнулася. Новую хату Мы збудавалі праз некалькі год. Маці за дочак была вельмі рада, Стала радзімай нам вёска Сырод. Добра вучылася, кнігі чытала, Дровы піліла, умела з сярпом, Моцна з гармонікам пасябравала – Песні плылі над вячэрнім сялом. Школу закончыла ў
семдзесят трэцім, У школу важатай на працу пайшла. З вёскі суседняе хлопца сустрэла, Сэрца і душу яму аддала. Мо цэлы тыдзень вяселле спраўлялі, Потым, на першае красавіка, Дачку нарадзіла, Людмілай назвалі, Пазней прыдбалі сынка – Васілька. Гады праляцелі. Я ўжо бабуля, Словам, ў мяне, як у добрых людзей: Працую, жыву, люблю і шкадую Мужа, унукаў і родных дзяцей. Старажылы Не кожная вёска можа пахваліцца старажыламі. А вось у
Сыродзе іх ажно двое: Павел Макаравіч Заранок, якому споўнілася 96 гадоў у
жніўні, і Андрэй Давыдавіч Дулуб, які адзначыў ужо 102 гады. Дарэчы, нашым
гідам у паездцы да старажылаў была старшыня Сыродскага сельскага Савета
Галіна Міхайлаўна Бічан. І толькі пры наведванні ветэранаў высветлілася, што
яна даводзіцца пляменніцай і аднаму, і
другому. Калі мы падыходзілі да дома Паўла Макаравіча, у двары сядзібы завіхаўся
цубкі малады чалавек, які нешта рабіў
ля сцірты колатых дроў. Каля калодкі, на якой колюць дровы, валялася
некалькі чурбакоў. І раптам аднекуль
з’явіўся дзядуля, спрытна ўзняў чурбачок на калодку і замахнуўся сякерай.
Вядома, упусціць такі момант наш фотакарэспандэнт проста не мог. І хаця чурбачок
так і застаўся цэлым, фурор быў мацнейшы. З’явілася дачка Паўла Макаравіча
Тамара, якая жыве ў Магілёве, а
прыехала да бацькі з сынам, каб дапамагчы падрыхтавацца да зімы. Яна і
адабрала ў бацькі сякеру. Цяжкі лёс выпаў на долю гэтага чалавека. Аднак Павел
Макаравіч расказвае аб сваім доўгім жыцці не толькі падрабязна, бо мае вельмі
добрую, як кажуць, учэпістую памяць, але нават з гумарам. – А чаго гараваць, што Бог даў, тое і трэба прымаць як
належнае. Таму, можа, і жыву так доўга на гэтым свеце, – робіць ён свае
вывады. Нарадзіўся ён у сям’і простага селяніна, прытым дзяцей у
бацькі, калі ўлічваць усіх, як кажа, і чужых, і сваіх, і агульных “было
вельмі многа”. Бо маці Паўла Макаравіча памерла рана, калі ён быў малы, і
бацька ажаніўся ў другі раз. Працаваў на бацькавым надзеле, а калі прыйшла пара, пайшоў
служыць. Узводзіў разам з іншымі байцамі абарончыя збудаванні каля заходняй
граніцы, якія сёння называюць лініяй Сталіна, удзельнічаў у вызваленні Заходняй
Беларусі. Бачыў нават старшыню СНК БССР Чарвякова. Потым была дэмабілізацыя і праца шафёрам на будаўніцтве аўтадарогі Калінкавічы-Гомель,
а правы на ўпраўленне аўтамабілем кемлівы юнак атрымаў яшчэ ў арміі, калі
вучыўся ў танкавым вучылішчы. Тады Павел Макаравіч жыў у Мазыры і быў ужо жанаты. У
першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 года, нарадзілася першая дачка Тамара.
Калі яго выклікалі ў ваенкамат, ён паведаміў аб гэтым і яго адпусцілі на 8
дзён. Павел Макаравіч прывёз жонку з дачкой да бацькі ў Сырод, а сам пайшоў у ваенкамат. Немцы наступалі хутка і іх часць, якая вяла абарончыя баі,
пад Арлом трапіла ў акружэнне. Быў палон, уцёкі. Вярнуўся дамоў, а пасля
вызвалення зноў прызвалі ў армію. Але на гэты раз служыў пад Масквой. Іх
часць выконвала спецзаданне. Калі вярнуўся дамоў пасля дэмабілізацыі, П.М. Заранок
уладкаваўся шафёрам у Палескі хімлясгас, дзе і працаваў аж да выхаду на
пенсію. За гэты час у сям’і з’явіліся Вольга і Валерый, Таццяна і
Васіль. Сам жа Павел Макаравіч яшчэ ажно 17 гадоў пасля, як атрымаў
пасведчанне пенсіянера, працаваў на машыне ў калгасе. А вось Андрэй Давыдавіч Дулуб, які нарадзіўся ў 1907
годзе, ужо амаль што страціў зрок, жыве ў дачкі ў Мазыры. Аднак выглядае
бадзёрым, хаця і ходзіць па кватэры з
кіёчкам. Не скардзіцца і на памяць, хаця, як кажа сам, многае і
“выветрылася з галавы”. Ды што зробіш, гады. Але пра Кастрычніцкую рэвалюцыю памятае добра. - У нашай вёсцы,
– распавядаў ветэран, – кватаравалі кітайцы і аўстрыйцы, якія рэзалі лес і
некуды яго звозілі. Каля Сырода і сёння тыя мяс-ціны называюць кітаянка ці
кітайскае ўрочышча, а яшчэ чамусьці зарожжа. Дык вось, як толькі гэтыя
кітайцы пранюхалі нешта пра тую заварушку ў Пецярбургу, так адразу ж і зніклі. А потым была Грамадзянская вайна. У Сыродзе стаяў эскадрон
чырвоных коннікаў, якім камандаваў малады і прыгожы чырвоны камандзір. Кабыла
ў яго была, помню, уся чырвоная, а вось на ногі ёй павязвалі белыя бінты
ніжэй каленяў. І яна рабілася такой прыгожай – прыгожай. Хто ж тады ведаў,
што гэта быў вядомы апасля на ўвесь белы свет будучы вялікі палкаводец
Георгій Канстанцінавіч Жукаў. - Мы, – працягваў далей Андрэй Давыдавіч, – асабліва
любілі, ледзь не біліся паміж сабой, даглядаць яго кабылу: чысцілі, купалі,
перавязвалі бінты. А як захаплялі нас
вучэнні байцоў, якія на скаку секлі шашкамі расстаўленыя намі па іх камандзе
лазовыя галінкі!” У Сыродзе Андрэй Давыдавіч скончыў толькі тры класы – вось і ўся навука. Была праца ў сельскай гаспадарцы, армія, і зноў Сырод. Тут
ён першым уступіў у калгас, нават год
быў старшынёй, пасля працаваў брыгадзірам. Потым была Вялікая
Айчынная, якую прайшоў да Варшавы, дзе і параніла. Пасля шпіталя вярнуўся
дамоў. Працаваў брыгадзірам у калгасе, намеснікам старшыні, загадчыкам фермы.
Ужо будучы на пенсіі працаваў вартаўніком. Андрэй Давыдавіч разам з жонкай нарадзілі і вырасцілі
пяцёра дзяцей. Аксана і Марыя працавалі ў гандлі, Уладзімір пасля інстытута
працаваў дырэктарам раёна электрычных сетак, жыве ў Расіі, Вольга працавала
інжынерам на Мазырскім НПЗ, Ганна таксама заканчвала інстытут, жыве ў
Севастопалі. – Хоць сёння ў мяне акрамя пенсіі ніякага багацця няма, я
лічу сябе самым багатым і шчаслівым чалавекам. Па-першае таму, што я столькі
жыву на свеце, а яшчэ таму, што ў мяне ўжо 12 унукаў і 14 праўнукаў. Дай Бог
і вам такога шчасця, – сказаў ён нам на развітанне. “Я ўдзячны вам, мае дарагія” 20 сакавіка 1986 года, напярэдадні страшнай Чарнобыльскай
навалы, на арганізацыйнай сесіі старшынёю Сыродскага сельскага Савета быў
выбраны Мікалай Раманавіч Сопат, які да гэтага працаваў памочнікам ляснічага
Нахаўскага лясніцтва. Вось што ён успамінае: “Без перабольшвання скажу, што я
неяк адразу, усёй душой і сэрцам палюбіў вёску Сырод, а таму з першых дзён
прыкладаў усе намаганні, каб яна, як і астатнія вёскі Савета, стала яшчэ
прыгажэй. І, трэба сказаць, сяляне разумелі мае жаданні і вельмі актыўна
дапамагалі мне ў гэтым. У той час старшынёй
мясцовага калгаса імя Жданава працаваў Алег Аркадзьевіч Русецкі, ураджэнец в.
Гулевічы, які вельмі шмат зрабіў
добрага і для развіцця гаспадаркі, і для добраўпарадкавання ўсіх населеных
пунктаў. У 1989 годзе на пасаду старшыні калгаса быў абраны Пётр
Мікалаевіч Савіцкі, які таксама ўнёс значны уклад у развіццё
сельскагаспадарчай вытворчасці. Трэба адзначыць, што калектыў сельскага Савета, у штат
якога ўваходзіла 5 чалавек, быў вельмі адказны, працалюбівы і дружны. У нашы
абавязкі, акрамя асноўных, уваходзіла кантраляваць работу грамадскіх аб’яднанняў,
такіх як савет ветэранаў, жансавет, добраахвотная народная дружына,
таварысцкі суд, камісія па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Я з удзячнасцю заўсёды ўспамінаю старшынь савета ветэранаў
Паўла Карпавіча Дулуба и Міхаіла Нічыпаравіча Дулуба, якія вельмі многа
зрабілі і для калгаса, і для сельсавета ў цэлым, выхоўваючы сваім прыкладам
вясковую моладзь у духу патрыятызму і грамадзянскасці. Незабыўныя для мяне
сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны Таццянай Еўстратаўнай Есьман,
Вольгай Сідараўнай Века, Іванам Сцяпанавічам Касцючэнка, Міхаілам
Пракопавічам Гаркушай, Міхаілам Емельянавічам Клімавым і іншымі. А як
праходзілі свята Вялікай Перамогі, дзе яны, з узнагародамі на грудзях,
спявалі песні ваенных гадоў “Кацюша”, “Агеньчык”, “У зямлянцы”, “Сіняя
хусцінка”. У нас тады ўжо стала традыцыяй у Дзень Перамогі дарыць ветэранам
яркачырвоныя цюльпаны. У маёй памяці назаўсёды застанецца вобраз мужнай
патрыёткі, Таццяны Есьман, якая ў жыцці была вельмі добрай майстрыхай і я
дасюль захоўваю рэчы, зробленыя яе ўмелымі рукамі, што яна мне падаравала. Быў у нас і добра наладжаны кантакт з мясцовымі
камсамольцамі, важакамі якіх былі ў час маёй работы Віктар Клімаў, а затым
Таіса Сопат. Мы абсталявалі ў падвале канторы праўлення спартыўны зал, дзе
вечарамі збіралася моладзь, арганізоўвалі суботнікі па добраўпарадкаванню
населеных пунктаў, святочныя “Блакітныя агенчыкі”. Дэпутатамі сельскага Савета выбіраліся людзі паважаныя,
дастойныя. Яны дапамагалі ў арганізацыі закупа ў насельніцтва лішкаў
сельгаспрадукцыі, навядзенні парадка і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Мне рыемна сёння ўспомніць найбольш актыўных: Петр Рыгоравіч Карнеявец,
Тамара Аляксандраўна Сычова, Анатоль Аляксандравіч Дулуб, Зінаіда
Уладзіміраўна Новік і іншыя. Многа добрых спраў, лічу, і на рахунку былых
дэпутатаў раённага Савета, якія дапамагалі нам. Гэта Анатоль Рыгоравіч
Сідарэнка, Мікалай Яўтухавіч Снопік, Уладзімір Мікалаевіч Новік. Сельскі Савет удзяляў шмат увагі пытанням капітальнага і
бягучага рамонту падведамасных арганізацый і ўстаноў. Быў праведзены
капітальны рамонт Сыродскага Дома культуры, бібліятэкі, будынка сельсавета,
дзіцячага садка, на тэрыторыі базавай школы пабудавалі цяпліцы, зрабілі
чыгунную агароджу цэнтральнай часткі вёскі Сырод і мясцовай школы. Як сёння памятаю, да мяне падышоў старшыня гаспадаркі Алег
Русецкі і сказаў: “Мікалай Раманавіч, не хвалюйся, усе разам з пастаўленай
задачай справімся!” І мы сапраўды зрабілі ўсё нават раней вызначанага
тэрміна. У той час гэты бок дзейнасці Савета курыравала сакратар
гаркама партыі Нэлі Паўлаўна Кавалева. Яна аказвала вялікую дапамогу і ў
набыцці матэрыялаў, і ў рашэнні другіх пытанняў. Паўсядзённы клопат і падтрымку ва ўсім атрымлівалі мы і ад
старшыні райвыканкама Мікалая Апанасавіча Пранкевіча. Вялікі ім дзякуй за
гэта! Нельга не сказаць добрых слоў у адрас дырэктара Дома
культуры Зінаіды Новік, мастацкага кіраўніка Таццяны Есьман, загадчыцы
дзіцячым садком Алены Дулуб, намесніка дырэктара мясцовай школы, тады
сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса Таісіі Сопат, работнікаў
Сыродскага магазіна Марыі Гаркуша і Ангеліны Малашчанка, прараба калгаса
Уладзіміра Аўраменкі, механіка калгаса Мікалая Снопіка, работнікаў сталовай
Валянціны Канановіч, Марыі Жур, Вольгі Сёмінай, якія прымалі актыўны ўдзел ва
ўсіх мерапрыемствах, праводзімых сельскім Саветам. Многае было зроблена па
асвятленні вуліц, добраўпарадкаванні калодзежаў, могілак, пастаянна
праводзіліся конкурсы на лепшае падвор’е, сядзібу, вуліцу, а таксама святы
вёсак. Сыродскі сельскі Савет лічыўся адным з лепшых у раёне, быў
апорным па прапагандзе вопыта работы. У вёску прыязджалі харэаграфічны
калектыў з г.Зелена Гура Польшчы, дэлегацыі з Чэхіі і нам было што паказаць.
Мы сустракалі іх па-беларуску, цёпла і гасцінна. У заключэнне хачу выказаць удзячнасць усім аднасяльчанам,
якія дапамагалі і падтрымлівалі мяне.” У дапаўненне хочацца сказаць, што ўсе тыя набыткі і
традыціі, якія былі закладзены ў Сельскім Савеце, калі тут кіраваў М.Р.Сопат,
сення не толькі захоўваюцца, але і паспяхова развіваюцца. Новы старшыня
сельсавета Галіна Міхайлаўна Бічан вось ужо колькі гадоў не толькі трымае тую
планку, але і узняла яе яшчэ вышэй.
Працуючы ў цесным кантакце з кіраўніцтвам гаспадаркі яна разам з дэпутатамі
Савета і кіраўнікамі падведамасных арганізацый і ўстаноў, грамадскіх
аб’яднанняў робіць усё магчымае, каб вёска Сырод была яшчэ больш прыгожай. Вучыцца жыццю Гісторыя адукацыі в.Сырод мае свае вытокі ў 1924 годзе,
калі была адкрыта першая школа ў канцы вуліцы Савецкая. Першым настаўнікам
быў Аляксандр Карпавіч Раздзераў. Хутка прыехала і настаўніца Вера Яфімаўна
Кругалевіч. У 1933 годзе школу ўзначаліў Іван Яфімавіч Гарыст. У час вайны
будынак школы згарэў і першы пасляваенны час дзеці вучыліся ў хатах
калгаснікаў. Як успамінала настаўніца Ніна Іванаўна Вераб’ева, … час
быў вельмі цяжкі. У трох класах каля 20 пераросткаў. Я заходжу ў клас. На мне
салдацкая гімнасцёрка, туга перацянутая рамянём, на нагах – простыя бацінкі.
Дзеці ў перашытых плаццях і сарочках… Але ніхто не звяртаў на гэта ўвагі. Ва
ўсіх было адно вялікае жаданне – вучыцца…” У 1960 годзе тут пачынаецца будаўніцтва новай школы і 1
верасня 1964 года яна ўрачыста расчыніла дзверы. Цяпер гэта была ўжо
васьмігодка. З 1987 па 2006 год дырэктарам Сыродскай базавай школы,
працаваў ураджэнец в.Сырод Аляксандр Міхайлавіч Дулуб, які нямала зрабіў як
для ўдасканалення вучэбнага працэса, так і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай
базы школы. Дзякуючы дзяржаўнай праграме развіцця і адраджэння вёскі ў
2005 годзе ў школе была праведзена рэканструкцыя і сёння гэта сучасны,
камфортны і вельмі прыгожы будынак. Тут створаны ўсе умовы для якаснай
арганізацыі адукацыйнага працэса: працуюць 7 вучэбных кабінетаў, камп’ютэрны
клас з выхадам у Інтэрнэт, майстэрня, спартыўны зал. Нездарма на базе школы ў
гэтым годзе адбыўся занальны творчы конкурс “Настаўнік года 2008-2009”. Вучэбны працэс забяспечваюць 19 педагогаў, з якіх 95% маюць вышэйшую
адукацыю, 32% – вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У рамках праграмы “Адораныя дзеці” ў 2005 годзе створаны і
працуе інтэлектуальны клуб “Шанс”. Вучні прымаюць актыўны ўдзел у
рэспубліканскіх конкурсах “Буслік”, “Жураўлік”, “Кенгуру”, “Лінгвісцёнак”,
“Каласок”. Вялікую падтрымку ў гэтым аказвае праўленне СВК
“Дружба-Аўцюкі” на чале з яго старшынёй С.І.Даўгяла. Адзін раз у паўгода
вучні за высокія паказчыкі ў вучобе і ўдзел у грамадскім жыцці заахвочваюцца
стыпендыямі, прытым колькасць такіх вучняў пастаянна расце. Трэці год запар у школе праходзіць фестываль юных талентаў
“Сыродская зорачка”. Актыўна дзейнічаюць пярвічныя арганізацыі “БРСМ” і
піянераў. Сёлета калектыў настаўнікаў школы стаў пераможцай конкурса
на лепшую арганізацыю ідэалагічай работы сярод устаноў адукацыі і
ўзнагароджаны Граматай аблвыканкама. У рамках “Года роднай зямлі” у школе праводзяцца акцыі па
добраўпарадкаванні і азеляненні вёскі “Наш школьный дворык”, “Дом, у якім мы
жывем”. Школьнікі наведваюць памятныя і гістарычныя мясціны
Беларусі: Тураў, Брэст, Белавежскую пушчу, Гомель, Юравічы, пабывалі ва ўсіх
музеях Калінкавіч, Азарыч, у музеі Я.Купалы ў Мазыры. Кожны год дзеці прымаюць актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю,
выпускаюць віншавальныя паштоўкі, ставяць канцэрты для працаўнікоў сяла. Не забываюць ветэранаў вайны і працы. Актывізавана тут і спартыўна-масавая і фізкультурная
работа, праводзяцца шматлікія спабортніцтвы. У школе ганарацца сваімі выпускнікамі, якія пасля сталі
кіраўнікамі буйных прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый Рэспублікі
Беларусь. Гэта Валерый Паўлавіч Заранок, Аркадзь Міхайлавіч Ком, Алякандр
Васільевіч Севярын, Уладзімір Фёдаравіч Есьман, а таксама чэмпіёнка свету па
акадэмічнай грэбле Тамара Мікалаеўна Дулуб. У 2006 годзе ў час наведвання аграгарадка ў школе пабывалі
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Прэм’ер-міністр Сяргей
Сідорскі і міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Зараз калектыў школы ўзначальвае В.В.Турцэвіч, завучам
з’яўляецца Т.М.Сопат. Да новых вышынь Сёння вёска Сырод, якая з’яўляецца цэнтрам аднаго з
буйнейшых сельскагаспадарчых вытворчых калектываў у раёне “Дружба-Аўцюкі”, у
выніку паслядоўнай, творчай работы кіраўніцтва гаспадаркі на чале з выдатным
арганізатарам сельскагаспадарчай вытворчасці С.І.Даўгяла, паслядоўнікам і
прадаўжальнікам тых добрых пачынанняў і традыцый, якія былі закладзены яго
папярэднікамі І.С.Сямашка, М.М.Маскаленкам, М.Л.Літвінюком, А.А.Русецкім,
П.М.Савіцкім і В.М.Касьянчыкам ператварылася ў сучасны аграгарадок, дзе ёсць
усе ўмовы для творчай працы і адпачынку. І зроблена ўсё гэта рукамі саміх
працаўнікоў, якія не толькі ўмеюць добра працаваць, але і праводзіць свой
вольны час. Менавіта Сырод у нашым раёне стаў першым аграгарадком,
змяніў сваё аблічча, што ў свой час станоўча адзначылі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Лукашэнка і Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Спецыялізуючыся на жывёлагадоўлі, гаспадарка не абдзяляе
ўвагай і іншыя галіны сельскагаспадарчай вытворчасці: раслінаводства,
агародніцтва і іншыя, з кожным годам павышаючы ураджайнасць сельгаскультур,
урадліваць палёў. Сёння тут працуе зладжаны і дружны калектыў спецыялістаў,
кіраўнікоў сярэдняга звяна, якія прыкладаюць максімум намаганняў, каб
гаспадарка развівалася дынамічна і няўхільна. І поспехі ў гэтым ужо ёсць
значныя. Я не буду прыводзіць лічбы, скажу што толькі ў гэтым годзе з СПК
“Дружба-Аўцюкі” пяць чалавек з галіны жывёлагадоўлі выйшлі пераможцамі
рэспубліканскага спаборніцтва. Гэта галоўны ветурач гаспадаркі Т.П.Лепік,
брыгадзір МТФ В.Я.Гаркуша, тэхнік-асемянатар Т.П.Карнеявец, скотнік-пастух
А.Р.Сідарэнка і яго жонка, аператар па вырошчванню буйной рагатай жывёлы
М.П.Сідарэнка. Гэта вельмі значны поспех, калі ўлічыць, што столькі
пераможцаў такога прэстыжнага спаборніцтва з адной гаспадаркі ў раёне няма! Наогул жа кіраўнік гаспадаркі задаволены работай усіх
спецыялістаў. Гэта намеснік старшыні па вытворчасці Т.Я.Века, намеснік па
ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама Н.С.Гвоздзь, галоўны аграном
Ю.В.Пунтус, галоўны інжынер В.Я.Века, галоўны заатэхнік В.І.Севярын, галоўны
бухгалтар Н.В.Супрун, галоўны эканаміст Н.М.Амяльчук, інжынер па механізацыі
А.М.Руднік, аграном – насеннявод І.М.Верабей, начальнік вытворчага ўчастка
К.У.Кунгер і многія іншыя. Паўтараю, увесь гэты калектыў працуе на тое, каб не толькі
расла і мацнела вытворчасць, але і людзі, тыя, хто самааддана працуе на палях
і фермах, жылі заможна і шчасліва, пастаянна паляпшалі свой дабрабыт, духоўны
патэнцыял. Вось і нядаўна працаўнікі гаспадаркі атрымалі так званую
трынаццатую заработную плату. А яшчэ, акрамя выступлення сваіх аматараў
мастацкай самадзейнасці таго ж вядомага народнага хору, якім кіруюць майстры
сваёй справы дырэктар Дома мастацкай самадзейнаці Зінаіда Новік і мастацкі
кіраўнік Таццяна Есьман, тут неаднаразова прымалі гасцей з Даніі, Масквы,
Славуціча, Мінска і іншых гарадоў. Днямі, напрыклад, у Сыродзе пабываў Беларускі
Дзяржаўны ансамбль танца, які прынёс найвялікшае эстэтычнае задавальненне
ўсім, хто бачыў яго выступленне. Віктар Галайда. http://www.knews.by/ |