Шляхi неспазнаныя

 

30.12.2005 00:03 — / Звязда   http://zvyazda.minsk.by/second.html?r=24&p=40&archiv=30122005

 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

 

На жаль, вялiкая колькасць «пазлаў» гэтай гiсторыi страчана назаўсёды. А тыя, што сабраны на гэтай газетнай старонцы, аказалiся разам упершыню. Але нават пустоты, якiя разрываюць карцiну на асобныя кавалкi, красамоўныя. У iх — трагедыя нашага часу, гiсторыя аднаго роду на працягу пяцi пакаленняў i апошняга стагоддзя.

 

Айцец Мiкалай

 

Ёсць у Уздзенскiм раёне вёска Хатляны. Як i кожная вёска, яна мае сваю цiкавую гiсторыю i адметнасцi. Напрыклад, яшчэ нядаўна яна славiлася сваiм вялiкiм, на 30 тысяч галоў, свiнакомплексам. Акрамя таго, там ёсць школьны музей, якi першым у вобласцi атрымаў званне народнага. Яшчэ пра Хатляны напiсана кнiга. У ёй усё: i людзi, i гiсторыя... Аўтар — школьны настаўнiк Мiхаiл Лазар. Вокладку ён упрыгожыў выявай галоўнай мясцовай славутасцi — Хатлянскай Свята-Пакроўскай царквы. Пяцiкупальны храм — помнiк драўлянага дойлiдства канца XIX стагоддзя, такiх у Беларусi больш няма. Пабудаваны ён па праекту царкоўнага архiтэктара Канстанцiна Тона, аднаго з аўтараў храма Хрыста Збавiцеля.

 

У Хатлянах захавалася не толькi царква, але i iканастас (адзiны ў раёне, дзе на пачатку стагоддзя было 11 прыходаў). Сёння хатлянскi iканастас можна ўбачыць у Уздзенскай Свята-Петрапаўлаўскай царкве.

 

I вось што цiкава. Зараз у вёсцы няма нiкога, хто б застаў апошняга перадваеннага святара. Аднак памяць пра яго захавалася. Пра айца Мiкалая Кулакоўскага кажуць, што гэта быў вельмi прыстойны i добрасумленны бацюшка, прыхаджане яго любiлi i паважалi. Пры iм у царкве пелi тры хары: мужчынскi, жаночы i дзiцячы. Можаце сабе гэта ўявiць? Летам, пасля цяжкай працы, зiмой, праз сумёты (а Хатлянская царква — халодная, яна нiколi не ацяплялася) людзi сем’ямi iшлi ў храм, i не толькi на набажэнствы, не толькi ў святочныя днi, але ледзь не штодня, асаблiва перад святамi — на рэпетыцыi. Пэўна, iм было хораша там, у доме Божым. Ды i самi яны, нашы прадзеды, былi духоўна багатымi... Мо таму i iканастас захаваўся. I унiкальная прыходская бiблiятэка доўгi час, пакуль жыло тое пакаленне, была ў цэласцi... Ды i ў вайну хатлянцы вызначалiся мужнасцю i гераiзмам. Восем чалавек прайшлi тры вайны, з іх двое ў апошняй вайне былі ўзнагароджаны Ордэнам Славы. Усяго шасцёра хатлянцаў з’яўляюцца кавалерамі Ордэна Славы. Толькi ў адной сям’i Рудзiкаў ваявала 8 душ. Самы малодшы, Валодзя, «дадаў» сабе гады, каб узялi на фронт, дайшоў да Берлiна, удзельнiчаў у Парадзе Перамогi ў Маскве...

 

Усё гэта ўскосна сведчыць пра хатлянскага пастыра. Бо, кажуць, якi пастыр, такая i паства. Астатнiя звесткi пра айца Мiкалая Кулакоўскага ўдалося знайсцi ў гiстарычным архiве. Iх вельмi мала. Захавалiся Клiравыя ведамасцi Хатлянскай царквы — штогадовае кароткае апiсанне прыхода. З iх стала вядома, што «святар Мiкалай Iванавiч Кулакоўскi, сын дыякана, скончыў курс навук у Мiнскай духоўнай семiнарыi ў чэрвенi месяцы 1889 года з пасведчаннем другога разраду. Указам Мiнскай Духоўнай Кансiсторыi ад 7 снежня 1889 года... прызначаны на пасаду псаломшчыка Пагосцкай Iаана Прадцечанскай царквы Слуцкага ўезда; 1895 года 7 мая Праасвяшчэннейшым Сiмяонам Епiскапам Мiнскiм i Тураўскiм рукапаложаны ў святара да сей, Хатлянскай Пакроўскай царквы...». У ведамасцi за 1895 год напiсана, што ў сямействе яго ёсць жонка, Ганна Сямёнаўна, 21 года. Самому яму было 28. Гэта быў першы iх год на Хатлянскiм прыходзе. На наступны сям’я святара павялiчылася — з’явiўся сын Мiкалай. А яшчэ праз дзесяцiгоддзе ў iх ужо было шасцёра дзяцей: Мiкалай, Яўген, Наталля, Феа-досiй, Серафiм i Зiнаiда. Вось напiсала i падумала: амаль сто гадоў таму нарадзiлася самае малодшае iх дзiця, Зiнаiда, — у 1906-м. У Хатлянскiм школьным музеi захоўваецца Евангелле, падпiсанае рукой гэтай дзяўчынкi, стаiць дата: 1916 год. Уражвае калiграфiчны почырк 10-гадовай дзяўчынкi. Праз год адбылася Кастрычнiцкая рэвалюцыя...

 

Што даў архiў? Пра святара — больш амаль нiчога. Вядома толькi, што ён быў узнагароджаны «Высочайше учреждённой за труды по первой всеобщей переписи населения 1897 года тёмно-бронзовой медалью для памещения на груди на ленте из Государственных цветов»...

 

Трохi больш — пра прыход. Напрыклад, на жнiвень 1905 года ў iм «обреталось» 3990 душ (усiх узростаў i саслоўяў). Усе гэтыя людзi жылi ў 502 дварах, гэта значыць у сярэднiм па 8 чалавек у доме.

 

Для параўнання: у 2005 годзе ў Хатлянскiм сельскiм Савеце пражывала 2347 чалавек. У 967 дамах. Значыць, прыкладна па два чалавекi ў доме. З iх трэць — пенсiянеры, пяцьсот дзяцей, а працаздольных — менш чым старых i малых разам. На пачатку мiнулага стагоддзя колькасць людзей у Хатлянах i наваколлi штогод павялiчвалася, зараз — штогод памяншаецца...

 

На дзевяць дзесятых гэта былi сяляне: Труханы, Ламакi, Гулевiчы, Сарачынскiя, Прузаны, Рудзiкi, Грышаны, Пiхейчыкi, Махначы... Каля паўтысячы чалавек з жанчынамi i дзецьмi належалi да вайсковага саслоўя. У засценку Сетнае жылi дваране Матусевiчы i Сташэўскiя, а ва ўрочышчы Савiна — мяшчане Ачапоўскiя, Корзуны, Хлапiцкiя, у засценку Старая Гута — мяшчане Фiлазафовiчы, Ганушы... (Амаль усе гэтыя прозвiшчы i дагэтуль ёсць у Хатлянах.)

 

У 1895 годзе ў вёсцы стаяла старая драўляная царква са званiцаю, пабудаваная «помещицею Завишною, но когда не известно». Абодва будынкi патрабавалi «нового возведения». Менавiта гэтым, вiдаць, i заняўся малады святар. Праз тры гады, «клопатам прыхаджан i дапамогай ад казны» набажэнствы адбывалiся ўжо ў новым храме. У тым самым, пяцiкупальным, па праекту Тона, якi сёння з’яўляецца «вiзiтоўкай» Хатлян.

 

Кулакоўскi праслужыў у Свята-Пакроўскiм прыходзе 35 гадоў. Пры iм працавалi дзве царкоўна-прыходскiя школы: у Хатлянах i Таўкачэвiчах. У 1930-м, калi царкву закрылi, святару споўнiўся 61 год. Людзi кажуць, што ў хуткiм часе святар памёр. I гэта яшчэ адна дэталь да партрэта.

 

Зiнаiда

 

У 1970-м годзе кiнадакументалiст Вейняровiч зняў фiльм у пяцi частках. Некалькi эпiзодаў у iм прысвечаны Зiнаiдзе Мiкалаеўне Рублеўскай i яе сыну Леанiду. Яны абое, ды i не толькi яны, а ўся сям’я Зiнаiды Мiкалаеўны, працавалi ў Мiнскай гарадской бальнiцы №3 iмя Яўгена Клумава. У тым фiльме (ён зараз захоўваецца ў Дзяржынскiм архiве), Зiнаiда Мiкалаеўна паказана як аперацыйная сястра, а Леанiд — шафёр «хуткай дапамогi». На самай справе Зiнаiда ўсё жыццё прапрацавала санiтаркай у моргу, там жа працаваў вадзiцелем i яе сын. Тым не менш, гэтым людзям прысвечана памятная шыльда ў бальнiчным дворыку, i хоць абаiх ужо няма сярод нас, iх памятаюць, пра iх расказваюць маладым супрацоўнiкам бальнiцы, iх фотаздымак змешчаны ў «Гiсторыi бальнiцы».

 

Пра фiльм расказала ўнучка Зiнаiды Мiкалаеўны Наталля. Яна не памятала нi даты, нi назвы. Можна было дапусцiць, што фiльм прысвечаны юбiлею бальнiцы, бо бальнiца — адна са старэйшых у горадзе. Альбо Святу Перамогi, бо ў гады вайны тут працаваў прафесар Клумаў, якi забяспечваў партызанскiя атрады медыкаментамi, выратоўваў жыццi людзей i, дарэчы, Зiнаiда Мiкалаеўна ў той час таксама працавала ў бальнiцы i жыла на яе тэрыторыi, як i Клумаў. Але аказалася, што фiльм Вейняровiча называецца «Вясна вернасцi», ён зняты да 100-годдзя Уладзiмiра Iльiча Ульянава. I шыльда, дзе згадваецца прозвiшча Зiнаiды Мiкалаеўны, прымацаваная да помнiка гэтаму чалавеку: «Памятник Владимиру Ильичу Ленину в годы оккупации города Минска немецко-фашистскими захватчиками (1941—1944 гг.) спасён, сохранён сотрудниками больницы — семьёй Мурашко». Мурашка — прозвiшча Зiнаiды Мiкалаеўны па першаму мужу.

 

Вось як у фiльме яна сама расказвае пра гэты выпадак: «Прыйшлi сюды немцы, на тэрыторыю бальнiцы, убачылi помнiк Ленiну i пажадалi яго знiшчыць. Прыйшоў муж i кажа, што трэба схаваць помнiк. Выратаваць яго»...

 

Яна была нешматслоўнай. У 70-х гадах на Мiнскiм заводзе футляраў адбылася буйная аварыя, загiнула (па некаторых звестках) 200 чалавек. Сёння мала хто ведае нават пра такi завод, тым больш — пра аварыю. Тады побач з Зiнаiдай Мурашкай (Рублеўскай) тыдзень прапрацавала Еўдакiя Мiрановiч, цяпер старшая медсястра вочнага аддзялення. Яны ўдзвюх кожнага з тых двухсот апранулi, часам Лёня дапамагаў...

 

— Яна ўсё рабiла моўчкi, маўчаком, — узгадвае Еўдакiя Пятроўна, — такая нiзкага росту, поўная. I Лёня, яе сын, ён маладым памёр, таксама быў спакойны... Мы тыдзень працавалi з ёй разам, i яна мне нiчога не расказвала — нi пра помнiк, нi пра мужа... Так што, на жаль, я вам нiчым не дапамагу.

 

— Што я ведаю? — перапытвае былая галоўная медсястра бальнiцы Валянцiна Бойка. — Ды не шмат. Ведаю, што гэта адбылося ў лiпенi 1941-га. Нехта з медперсаналу пачуў, што назаўтра немцы збiраюцца ўзарваць помнiк Ленiну на тэрыторыi бальнiцы... А ранiцай помнiка на месцы не аказалася. Немцы расклеiлi на слупах загад: той, хто скажа, дзе помнiк, будзе ўзнагароджаны, а той, хто помнiк схаваў, будзе расстраляны... Зiнаiда Мiкалаеўна была вельмi сцiплым чалавекам, нiколi нiкому не нагадвала пра гэты свой учынак, нiчога не патрабавала.

 

Наталля таксама мала што можа дадаць пра сваю бабулю.

 

— Яна была вельмi добрая, — з пяшчотай у голасе кажа дарослая ўнучка. — А пра помнiк ведаю толькi, што яны ўтраiх гэта рабiлi: бабуля, дзед Пятро i тата, яму тады iшоў 12-ы год. Тата вартаваў. А бабуля з дзедам у выпадку небяспекi хавалiся ў вялiкiх трубах цеплацэнтралi. Магчыма, там яны i помнiкi схавалi, разабраўшы iх на часткi. Так, помнiкаў было два: Ленiну i Сталiну. Толькi апошнi дастаць не паспелi, над iм пабудавалi новы будынак. (Верагодна, пераход памiж карпусамi. — В.М.)

 

У фiльме Вейняровiча Зiнаiда Мiкалаеўна расказвае, што мужа яе арыштавалi на трэцi дзень пасля арышту Клумава (кастрычнiк 1943 года). Наталля дадае, што дзеда потым цi то адпусцiлi, цi ён уцёк, але ў хуткiм часе ад катаванняў памёр. Пахаваны Пётр Восiпавiч Мурашка на Вайсковых могiлках у Мiнску.

 

Прызнаюся, што падчас збору тых сцiплых звестак, якiя ўдалося знайсцi, я ўвесь час пыталася ў розных людзей: што яны думаюць пра чалавека, якi, рызыкуючы сваiм жыццём, жыццём свайго дзiцяцi, хаваў у гады вайны... не чалавека, а толькi помнiк. Адны, народжаныя ў 60—70-х гадах, казалi, што напэўна, гэта былi фанаты, зацятыя ленiнцы — адным словам, людзi, якiх сучаснаму чалавеку зразумець немагчыма. А галоўны ўрач 3-й бальнiцы, наадварот, расхваляваўся: «Страшна, што вы гэта пытаецеся! Людзi аддавалi жыццi за iдэю! Яны былi iншыя, лепшыя за нас!»

 

— Мне нiколi гэта не падавалася дзiўным, — проста сказала галоўная медсястра бальнiцы Святлана Южык. — I думаю, гэта мала каму падаецца такiм у нашай бальнiцы. Справа ў тым, што тут захавалiся вельмi моцныя традыцыi. Усе маладыя спецыялiсты дагэтуль даюць Клятву клумаўцаў... Мы ездзiм у Малы Трасцянец, туды, дзе Клумаў пахаваны ў брацкай магiле, кладзём кветкi i клянёмся быць такiмi ж самаахвярнымi, высокапрафесiянальнымi, добрасумленнымi i людскiмi, якiм быў гэты чалавек i яго калегi. I ведаеце, мы вяртаемся з такiм добрым пачуццём... Гэта падобна на тое, што адчуваеш, калi выходзiш з храма. I нешта падобнае мы адчуваем у адносiнах да помнiка. Мы яго з любоўю даглядаем, мыем у суботнiкi, падфарбоўваем. Не таму, што гэта — Ленiн. Ленiн як асоба сапраўды для многiх зараз нецiкавы. Але помнiк у нашай бальнiцы — гэта помнiк тым людзям, якiя, рызыкуючы сваiм жыццём, здзейснiлi акт супрацiўлення захопнiкам.

 

Зiнаiда Мiкалаеўна Мурашка (Рублеўская) усё сваё жыццё прапрацавала ў 3-й бальнiцы. Усе яе ведалi як сцiплую i маўклiвую жанчыну, якая разам з мужам i сынам, без анiякага загаду (дарэчы, нiхто з iх не быў членам партыi), рызыкуючы сваiм жыццём, у гады вайны захавала помнiк Ленiну. I нiводны чалавек у бальнiцы дагэтуль не ведае, што Зiнаiда Мурашка была дачкой святара. Як не ведалi дагэтуль у Хатлянах, што тая самая папоўна Зiнаiда Кулакоўская, шостае дзiця айца Мiкалая, чыёй рукой надзвычай прыгожа i пiсьменна падпiсана Евангелле ў школьным музеi, i Зiнаiда Мурашка, пра якую пiсалi газеты, — адзiн чалавек.

 

— Тут няма нiякай супярэчнасцi, — лiчыць настаўнiк гiсторыi уздзенскай школы №3, краязнавец Андрэй Ярмольчык. — Для любога хрысцiянiна абарона Радзiмы — святая справа. Таму падобныя ўчынкi святарскiх дзяцей цалкам лагiчныя. Яны, зразумейце, не Ленiна ратавалi, а тое, што вораг жадаў знiшчыць. У апошнiя гады служэння айца Кулакоўскага ягоным благачынным быў айцец Міхаіл Навiцкi, прылiчаны цяпер да лiку новапакутнiкаў. I я жыву на вулiцы iмя Навiцкага, але не таго, не святара, а ягонага сына Мікалая. Бо сын святара Навiцкага сваiм целам закрыў нямецкi дот пад Туапсэ. I зрабiў ён гэта яшчэ да подзвiгу Матросава. Ведаеце, для такiх людзей любоў да Радзiмы вышэй за помсту.

 

Вольга

 

Андрэй Ярмольчык вывучае гiсторыi цэркваў Уздзеншчыны. Ён кажа, што 20-я i 30-я гады былi надзвычай цяжкiмi для вернікаў. Але нiводны святар гэтага краю, нягледзячы на цiск з боку ўладаў, праследаваннi, арышты i расстрэлы, не адрокся ад свяшчэнства. Цярпелi i дзецi свяшчэннаслужыцеляў, калi не адмаўлялiся ад сваiх бацькоў. Напрыклад, распаўсюджаная была практыка не даваць iм магчымасцi закончыць сярэднюю школу i атрымаць сярэднюю альбо вышэйшую адукацыю. Мо таму Зiнаiда Мiкалаеўна i прапрацавала санiтаркай усё жыццё. I, вiдаць, не затаiла крыўды, не азлобiлася душой.

 

Нi яна, нi яе сын Леанiд нiколi нiчога не мелi за той свой учынак у гады вайны. Ды i вiдавочна (твары iх у фiльме Вейняровiча пацвярджаюць гэта), што самi яны не лiчылi яго нечым асаблiвым. Нейкiя дывiдэнды атрымала толькi Наталля, якая ў 1982 годзе пры паступленнi ў медвучылiшча напiсала пра гэты выпадак у сачыненнi. I атрымала вышэйшую адзнаку, i паступiла.

 

Але ўсё ж такi наступствы ваеннага эпiзода сямейнай гiсторыi парадаксальныя. Бо менавiта дзякуючы яму сёння мы ўзгадваем святара Кулакоўскага. Хоць як сказаць. Не было б святара — не настолькi цiкавая, напэўна, была б у нашы днi i гiсторыя помнiка ў двары 3-й мiнскай бальнiцы...

 

Наталля лiчыць, што вайна адгукнулася доўгiм рэхам у iх родзе. Дзед Пётр Восiпавiч памёр з-за катаванняў. Бацька яе рана пайшоў з жыцця, бо сэрца яго было надарванае перажытым страхам у вайну. Брат Наталлi памёр у 34 гады — таксама з прычыны атрыманага ў спадчыну слабага сэрца. З цяжкiм парокам сэрца нарадзiлася i першая дачка Наталлi — Вольга.

 

У маленстве дзяўчынцы айчыннымi ўрачамi была зроблена аперацыя, якая пазбавiла малую ад цяжкiх прыступаў. Але аперацыя не зрабiла Вольгу здаровай. Яна выглядала малодшай за сястру, якая нарадзiлася пазней, была настолькi слабай, што з цяжкасцю хадзiла, хутка стамлялася, не магла наведваць школу.

 

— Нашы настаўнiкi навучалi яе дома, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 212 горада Мiнска Георгiй Андрушчанка, — часам малодшая сястра прыносiла Вольгу ў школу лiтаральна на плячах... Мы вельмi шкадавалi дзяўчынку i жадалi ёй дапамагчы, звярталiся ў клiнiкi, фонды, але беспаспяхова. Беларускiя ўрачы на аперацыю не рашалiся, а для лячэння за мяжой патрэбны былi грошы. Падобна было, што мацi Вольгi скарылася...

 

Пра такое кажуць: дапамог выпадак. Але вернiкi папраўляюць: Божая воля. Неяк восенню 1999 года настаўнiца нямецкай мовы прапанавала дырэктару школы запрасiць знаёмых настаўнiкаў з Германii на адкрыты ўрок. Пэўна, гэты вiзiт, хоць i быў прыемным для абодвух бакоў, не меў бы працягу, калi б Георгiю Уладзiмiравiчу не прыйшла нечаканая думка паказаць гасцям хворую вучанiцу. Волечка якраз была ў школе. Немцы сфатаграфавалi дзяўчынку, распыталi пра яе хваробу i сямейную сiтуацыю i з’ехалi. А праз два месяцы яны сабралi 16 тысяч долараў на аперацыю.

 

«Гэту дзяўчынку завуць Воля Мурашка, — паведамлялi спецыяльныя лiстоўкi распаўсюджаныя ў нямецкiм горадзе Хайдэ. — Яна з Беларусi i жыве ў Мiнску. У Волi прыроджаны парок сэрца. Гэта вельмi цяжкае захворванне. Мiнскiя ўрачы не могуць зрабiць ёй аперацыю (вельмi позна). Без аперацыйнага ўмяшання дзяўчынцы засталося жыць 1—2 гады...»

 

4 красавiка 2000 года нямецкiя газеты зноў змясцiлi фатаграфiю Вольгi Мурашка на першай старонцы. Яны паведамлялi, што «сёння 13-гадовая дзяўчынка з Мiнска пакiдае клiнiку Хайдэ. Аперацыя прайшла паспяхова. Дзяўчынка цалкам здаровая i больш не мае патрэбы ў спецыяльным лячэннi». Жыхары Хайдэ, якiя выратавалi Вольгу, якiя дагэтуль сябруюць з дзецьмi i настаўнiкамi школы № 212 горада Мiнска i рэгулярна сюды прыязджаюць, не ведаюць аб тым, што прабабка, прадзед Вольгi i дзед зрабiлi ў гады вайны. I як пацярпелi.

 

У новым 2006 годзе Вольга i яе сястра Iрына заканчваюць школу. Яны збiраюцца паступаць у педагагiчны унiверсiтэт. У Хатлянах дзяўчынкi нiколi пакуль не былi. Але нядаўна туды з’ездзiла iх мацi. Яна зайшла ў школьны музей, патрымала ў руках Евангелле сваёй бабулi, завiтала ў храм, пазнаёмiлася з настаяцелям айцом Вiталем Ляшкевiчам. Ён запрасiў яе з дзяўчынкамi ў госцi.

 

— Гэты храм снiўся мне задоўга да таго, як я яго ўбачыў, — расказаў айцец Вiталiй. — Таму, калi я ўвайшоў сюды, агледзеўся, то адразу пазнаў. Сказаў матушцы: усё, больш нiкуды не паедзем. Яна толькi спытала: «Зноў рэстаўрацыя?» I заплакала...

 

У сям’i айца Вiталiя таксама шасцёра дзяцей. Храм — вельмi прыгожы. Ён нiбы лунае над наваколлем. Людзi пацiху паварочваюцца да веры. У большасцi праз дзяцей — як усюды ў наш час. Але некаторыя i праз старых. Адна жанчына сабрала грошы «на смерць», але, дазнаўшыся, што царкву аднаўляюць, загадала дзецям грошы гэтыя ахвяраваць на рэстаўрацыю, а яе пахаваць за свае. I вось сын гэтай жанчыны пасля таго, як аддаў матчыны грошы на царкву, сам стаў дапамагаць чым можа... Значыць, «закваска», закладзеная айцом Мiкалаем Кулакоўскiм сто гадоў таму, не прапала. I зноў пачатак стагоддзя...

 

 

Видео ролик по данной статье:

http://video.mail.ru/list/uzda04/3/524.html