http://belarus.kulichki.net/index.php?option=com_content&task=view&id=377&Itemid=48

 

 

Ветка: журавы — каля Закружжа, журавіны — каля Рудні Стаўбунскай (Як на погляд ляснічага).

 

 

 

Амаль кожны чалавек, які пражыў у нашым цудоўным свеце сем - восем гадоў, знаходзіць адказ на загадку: "Яе ўсе топчуць, а яна ўсіх корміць." Так, гэта зямля, якую часта параўноўваюць з маці - настолькі вялікія яе любоў і цярпенне да чалавека.

 

Некалі, у 17 стагоддзі, стараабрадцы адкрылі для сябе веткаўскую зямлю - у тым ліку веткаўскія лясы, багатыя на дзічыну, на лясныя борці для пчол, грыбы, ягады, на іншыя падарункі. У "Летапісе Веткаўскай царквы" гэта зямля была названа "зверопаственной». Штораз, праводзячы экскурсіі ў Веткаўскім музеі народнай творчасці, я ўзгадваю гэтае слова.

 

У нашым музеі на працягу амаль 20 гадоў адбываецца творчае навучанне дзяцей па праграме "Аз, букі, ведзі - глаголь дабро!" - Школы старажытнай і сучаснай народнай культуры (па матэрыялах мясцовых традыцый). Праграма (а ў ёй - 36 асобных тэм для рознага ўзросту) распрацавана як вопыт практычнага прымянення навуковых доследаў супрацоўнікаў музея. Вучні СШ № 1 горада Веткі, Веткаўскай гімназіі, а таксама самыя дапытлівыя асобы - дзеці, якія наведваюць веткаўскія дзіцячыя сады, падчас музейных заняткаў знаёмяцца з тэкстамі традыцыйнай культуры - мясцовымі казкамі, загадкамі, легендамі, песнямі, ўяўленнямі продкаў аб розных з'явах жыцця, народнай традыцыйнай культуры. Ды з некаторага часу пачалі адчувацца "белыя плямы" у дыялогу "чалавек - лес, навакольнае асяроддзе". Многія веткаўцы і жыхары вёсак раёна толькі ўспамінаюць аб сваіх ранейшых падарожжах ва ўрочышчы, лясныя нетры, бо пасля выбуху на ЧАЭС знаёмства з лясным светам прыпыніліся. Лес мы бачым толькі здалёк, ці едучы праз яго па цэнтральных дарогах.

 

Між іншым, у беларускай культуры лес бачыцца яшчэ і як духоўная субстанцыя. Праз нашыя сэрцы пралятаюць казачныя чарадзейныя птушкі, праплываюць дзівосныя рыбы. "Чахонь", "лебядзіныя сцежкі", "вароннія вочкі, "рачыкі", "воўчае вока", "вядзьмедзь", "гусіныя лапкі", "вуткі","мышыныя сцежкі" ды многія-многія іншыя птушыныя, раслінныя, жывёльныя назвы давалі сваім узорам жанчыны, калі ткалі рушнік, скацерку, ці аздаблялі святочную кашулю. Паэт Анатоль Сыс у вершы "Пан Лес" параўноўваў лес з храмам. Лес лечыць людзей і выратоўвае:

 

..."бо Лес - гэта больш чым лес.

Вам ранілі гострым сэрца,

крывавіць, баліць парэз,

і хочацца толькі смерці,

 

стрывайце, знайдзіце моц

дайсці, дапаўзці да Лесу,

ён з боскай крыві прарос

пакутнікам правіць месу,

 

ён спыніць жывіцай кроў -

такога не змогуць людзі,

і, быццам прадвесні гром,

у Вас н е м а ў л я разбудзіць.

 

Жыццё і тым болей смерць

загубяць свой сэнс цялесны -

Пан Лес не дазволіць мець

пачуццяў, што шкодзяць Лесу,

 

бо нельга паганіць храм,

бо нельга святое нішчыць,

куды ж тагды прыйдзе Хам,

ад хамства душу ачысціць?

 

Каб пашырыць веды аб прыроднай адметнасці Веткаўскага раёна, я звярнулася з некаторымі пытаннямі да А.М. Скурлова, галоўнага ляснічага Веткаўскага лясгасу, падчас прамой тэлефоннай лініі, наладжанай "Голасам Веткаўшчыны".

 

- Аляксандр Мікалаевіч, якія птушкі з тых, што занесены ў Чырвоную кнігу, жывуць у нашых лясах? Ці павялічылася іх колькасць? Што ўяўляе сабой сёння флора і фауна Веткаўскага раёна?

 

- Я хацеў бы вам сказаць, што ў нас рэзка ўзраслі папуляцыі цецерукоў. Цецярук - далёка не рэдкая птушка для Беларусі, але раней у нас яе не было. Гістарычна склалася: калісьці ў Ветцы былі калоніі шэрай чаплі і белай чаплі.

 

На сённяшні дзень гняздуецца белая чапля вялікая, а шэрая чапля гняздуецца пастаянна, асабліва ў мясцінах Ухова, Смедзіна. Там цэлыя калоніі гэтых птушак. Шкада, з'явіўся баклан, птушка, якая, я сказаў бы, шкодная, таму што яна харчуецца рыбай. Паляўнічыя гэта разумеюць. Асабліва яна непажаданая для рыбалоўчых гаспадарак... Гняздуюцца дужа прыгожыя птушкі нашай фауны, часам дастаткова рэдкія. Сава-сплюшка - гэта звычайны від. Яна заўсёды сялілася і селіцца паўсюль па пойме. Вельмі прыемна бачыць, напрыклад, тое, што ў нас ёсць 5 гняздовішчаў арлана-белахвоста. Гэта самая буйная птушка з арлоў, якія селяцца на еўрапейскіх і не толькі ў еўрапейскіх абшарах. У вялікай колькасці з'явіўся на пералёце журавель. Літаральна тысячныя чароды каля Закружжа кучкуюцца перад адлётам. Вельмі прыемна глядзець на скапу, якая пастаянна гняздуецца ў раёне Амяльнога. Гэта драпежная птушка.

 

- А зімародкі ёсць?

 

- Іх некалькі відаў. Шызы зімародак як быў, так і застаўся сапраўдным упрыгожваннем ракі, які - уявіце - сядзіць на сучку з такім прыгожым яркім апярэннем і чакае свайго себеля, каб кінуцца за ім. Зімародкаў многа. Два віды селяцца ў нас.

 

Ці ёсць на азёрах, рэках вадзяны арэх? Яго называюць яшчэ чылімам, рагульнікам. Той від, што расце ў Беларусі, занесены ў Чырвоную кнігу.

 

Безумоўна, на ўсіх поймах ёсць вадзяны арэх. Расце практычна па ўсёй пойме, пачынаючы ад нашай Арэхаўкі і заканчваючы межамі раёна. На ўсёй лясной пойме ёсць белая лілея і жоўты гарлачык. Вось, у прынцыпе, мы не бедныя на флору і фауну. Усё, што прысутнічае ў Еўропе - гэта ёсць і ў нас. Зрэдку гняздуецца дрофа. Вось, дарэчы, у мінулым годзе былі знойдзены гнёзды дрофы ў Добрушскім, Чачэрскім раёнах.

 

- Кажуць, гэта птушка не ўмее лятаць. Ці праўда гэта?

 

Лятаць умее, але ў яе хутка мокне пяро. Ну вось, я б сказаў, у нас ёсць такія запаведныя лясы, звярам і птушкам там раздолле. Здараецца, на вялікі жаль, у нас гінуць лясныя жывёлы. Вось, напрыклад, у гэтым годзе тры ласі праваліліся - ласіха і два ласёнкі такія невялікія, гадавалыя. Яны праваліліся ў тарфяныя шурфы. І нам давялося дапамагаць гэтым ласям. Шкада, адзін гадавалы ласёнак усё ж загінуў. Да нас часта заходзіць лань з Украіны. Яна крыху падобная на аленя.

 

Ёсць у нас старыя журавіннікі, налічваецца іх каля дванаццаці. Пра іх існаванне ўсе ўжо і забыліся.Там столькі журавін, я вам скажу! І галубікі нашай, дурніц - па-беларуску, - іх вельмі многа.

 

- Дык на тых жа журавінніках узровень радыяцыі, напэўна, вялікі?

 

- Мы правяралі, узровень - ніжэй нормы. Можна збіраць. Гэта ў раёне Рудні-Стаўбунскай. Прыгожыя сфагнавыя балоты. Незвычайна прыгожыя.

 

- Цікава, ці падлічваў хто: колькі ў веткаўскіх лясах ласёў, дзікіх кабаноў? Ці водзяцца ў нас мядзьведзі, рысі? Даўней яны былі. У мінулым годзе людзі бачылі мядзьведзя ў лясным гушчары каля Навілаўкі. Што расказваюць паляўнічыя?

 

- Я хачу сказаць, што мядзьведзяў у нас няма на пастаянным пражыванні, будзем казаць так. Але, пасля таго, як у нас стала зона, з'явілася вялікая колькасць ласёў, дзікіх кабаноў, казуляў вельмі многа. Пяць гадоў назад прыйшла і пастаянна селіцца рысь. Яна ўжо не рэдкая. Практычна ўсе работнікі лясной гаспадаркі бачылі гэтую прыгажуню.

 

- Дзе бачылі?

 

- Паўсюль. Каля пасёлка Бесядзь, напрыклад, я сам бачыў, у пяці метрах, прама на мосце бесядскім. Ехаў позна, з пажару, гляджу - нешта ідзе незразумелае. Але, калі развярнулася, бачу, што гэта - рысь. Бачыў яе ў святле фараў, у пяці метрах. Такі вось агромністы кот...

 

- Дарэчы, у Веткаўскім музеі ёсць лунніцы - скроневыя жаночыя ўпрыгожванні. Іх насілі ў 8-9 стагоддзях жанчыны-радзімічанкі, якія жылі на нашай тэрыторыі. На лунніцы сем невялікіх промняў, якія заканчваюцца кісткамі. Падобныя кісткі ёсць на кончыку вуха рысі. На думку вучоных, рысь, верагодна, была адной з татэмных жывёл у радзімічаў. Яе нельга было забіваць. Гэта пры тым, што рысь небяспечная для чалавека, хоць, як вядома, палюе яна ў асноўным на зайцоў.

 

Гадоў дзесяць назад я ездзіла на лыжах ў лес. Цяпер жа неяк боязна хадзіць туды, бо людзі расказваюць аб частых сустрэчах з ваўкамі. Ці ёсць такая небяспека?

 

- Я думаю, што не ўсё так страшна. Справа ў тым, што ў ваўкоў цяпер, зімой, як і ва ўсіх сабаччых, гон. Зусім нядаўна нашы работнікі, калі ехалі брыгадай, сустрэлі зграю з дзесяці ваўкоў літаральна недалёка ад Веткі, каля Барталамееўкі. Але яны не ўяўляюць небяспекі. Па-першае, воўк у зімовы час, не ў летні, не выходзіць сюды, да населеных пунктаў, да фермаў. І, на шчасце людзей, у зоне, у мясцовасці ад Бесядзі да Ухова, іх практычна няма. Таму небяспекі з боку гэтага звера для людзей няма. Калі вы ездзіце па дарогах, можаце пераканацца, што з'явілася вельмі многа ліс. Вось мы налічваем да 15 ліс у мясцовасці ад Навасёлак да Барчанкоў. У гэтых палях стаяць перад Радугай па дзве-тры. 15 ліс налічылі літаральна тры дні назад - аж не выходзячы з машыны. І гэта не толькі ў нас. Нават калі едзеш на Гомель, праз Лапаціна, каля населеных пунктаў. Моцныя марозы прыціснулі жывёл, і, акрамя таго, у іх цяпер перыяд фізіялагічнага гона.

 

- Ці можна збіраць грыбы і ягады ў веткаўскіх лясах, бо, наколькі мне вядома, "чыстыя" ад радыяцыі грыбы і ягады растуць толькі ў двух лясных кварталах. Дзе знаходзяцца гэтыя кварталы?

 

- У прынцыпе, збіраць грыбы і ягады можна не ў двух кварталах. Іх намнога болей. Цяпер, па тэлефоне, не магу Вам сказаць аб колькасці лясных кварталаў, прыдатных для збору грыбоў і ягад, але з'арыентаваць па населеных пунктах - з'арыентую поўнасцю. Уся тэрыторыя ад Стаўбуна да мяжы з Расіяй, за выключэннем 43 квартала, чыстая, да 2-ух Кюры. Тут можна збіраць грыбы і ягады. Там няма аніякіх знакаў радыяцыйнай небяспекі. Калі з'арыентавацца па дарозе на Малыя Нямкі, то гэта - левастаронняя мясцовасць - к Бесядзі (вёска Зацішша). Там таксама можна збіраць грыбы і ягады. Каля Веткі, шкада, вядома, грыбы і ягады збіраць нідзе няможна, за выключэннем Зялёнай Хвоі. Гэта - дзялянка лесу, дзе расце беразняк, і яшчэ - Аднаполле. Каля Веткі ж, зноў паўтараю, усё бруднае. Нават тыя кварталы, якія "праходзяць" па радыяцыйным забруджванні, як правіла, брудныя, таму што і пажары тут здараліся. За Барталамееўкай, увогуле, усё бруднае, там звыш 15 Кюры на 1 км 2.

 

- Глядзела нядаўна па тэлебачанні перадачу.Такая вось з'ява: паляўнічы з Германіі прыязджае ў Беларусь, палюе на дзікага кабана на Магілёўшчыне, укладвае ў мясцовы бюджэт 2 млн. руб. за адно паляванне. Еўрапейцы нярэдка ездзяць паляваць аж у Афрыку, таму што ў некаторых еўрапейскіх краінах, Галандыі, напрыклад, паляванне на дзікіх жывёл увогуле забаронена. Больш 1,2 тыс. замежнікаў прыязджалі на паляванне ў Беларусь у 2009 г. Ці ёсць магчымасць стварыць у нашым раёне падобныя экзатычныя, магчыма, экстрэмальныя умовы для падобнага палявання? Што Вы можаце сказаць на гэты конт? А дзікоў - не толькі ў Веткаўскім, Чачэрскім раёнах, але і ў іншых раёнах Гомельшчыны - у апошнія гады стала аж занадта. Іншы раз нават боязна ісці паўз лес, асабліва калі побач - кукурузнае поле.

 

- Дзякуй за пытанне. Я вельмі станоўча гляджу на паляванне. Справа ў тым, што літаральна год назад у раёне перастала існаваць лесапаляўнічая гаспадарка. Дарэчы, я сам глядзеў гэтую перадачу, пра тое, як немцы палявалі на дзікага кабана.У нас у раёне можна весці адстрэл кабана, але нам давялося зачыніць лесапаляўнічую гаспадарку па незразумелых, я б сказаў, прычынах. Калі выйшаў 580-ы Загад Прэзідэнта і ўзгадненне арэнды паляўнічых зямель даручылі Дэпартаменту пры Міністэрстве надзвычайных сітуацый, былому Камітэту па Чарнобылю, нам адмовілі ў вядзенні гаспадаркі, спасылаючыся на тое, што, цытую: "прадукцыя палявання, як правіла, забруджаная", хаця ў "Правілах вядзення лясной паляўнічай гаспадаркі", якія на сённяшні дзень дзейнічаюць, можна весці паляўнічую гаспадарку на тэрыторыях, на якіх - да 15 кюры на км кв. Такой тэрыторыі ў нас дастаткова. І вось сёння, я ведаю, што ў Адміністрацыю зон адчуджэння ўжо прыйшлі змены пашпартнага рэжыму на тэрыторыях.У прыватнасці, правабярэжжа Сожа нашага, ад Хальча да Буда-Кашалёўскага раёна, поўнасцю будзе адкрыта для наведвання. У бліжэйшы час звесткі аб гэтым з'явяцца ў прэсе, таму што мы ўжо ўзгаднілі карты. Будзе зняты пашпартны прапускны рэжым. Гэта азначае: будзе знятая забарона лавіць рыбу, увогуле, знаходзіцца. Будзе знята частка абмежаванняў каля в. Глыбаўка. Туды таксама ў свой час нельга было праехаць і лавіць рыбу. Цяпер гэта ўжо будзе можна. Калі арыентуецеся, то да палавіны плёсу. Каля в. Казацкія Балсуны ёсць невялікія дзялянкі лесу, там таксама будуць зняты абмежаванні, і яшчэ - каля Старога Закружжа. Звесткі аб гэтым будуць у бліжэйшы час у друку, пасля прыняцця адпаведнага рашэння выканкама. Загад Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС аб зняцці пашпартнага рэжыму ўжо прыйшоў. (Гл.: "Радиация отступает". Владимир Тейкин, "Голас Веткаўшчыны", 6 лютага 2010 г. - Л.Раманава). Таму, што датычыцца вось гэтых аграпаляўнічых дач, будзем іх так называць, мы пачалі гэту праблему вырашаць.У вёсцы Глыбаўка ў нас быў паляўнічы домік. Ён і цяпер ёсць, але знаходзіцца на дастаткова нізкім узроўні - з таго часу, як зачынілі лесапаляўнічую гаспадарку. Цяпер праблема ставіцца ўжо па-іншаму. Раней, літаральна два гады назад, нельга было дапускаць людзей на тыя тэрыторыі, дзе можна было паляваць. Цяпер пытанне ставіцца аб тым, каб з гэтых тэрыторый быў хоць нейкі спажытак, як і Прэзідэнт наш сказаў: "... рэабілітавацца мы ўжо закончылі, давайце ўзнаўляцца." Тым болей, людзі пастаянна прыязджаюць да нас на рыбалку. Я думаю, што гэты час не за гарамі.

 

- Аляксандр Мікалаевіч, ці не спрабавалі Вы прымаць удзел у вышуку і распрацоўцы гранта, ажыццяўленне якога магчыма пры дапамозе ПРАААН у Веткаўскім раёне?

 

- Справа ў тым, што якраз мы і працуем па гэтым гранце. Я літаральна пяць дзён назад прыехаў з Мінска, быў у Дэпартаменце па гуманітарнай дапамозе пры Упраўленні справамі Прэзідэнта. Мы падпісвалі дакументы, і ўжо атрымалі першы транш па гранту. Мы працуем праз сельскі выканаўчы камітэт. Відаць, Вы знаёмыя з гэтай праграмай, то ведаеце, што сродкі выдзяляюцца або праз грамадскую арганізацыю, або праз сельскі выканаўчы камітэт. Мы сумесна з Віктарам Іванавічам Сімчанковым звярнуліся праз Хальчанскі сельскі Савет. Віктар Васільевіч Буракоў таксама ў гэтым прымаў актыўны ўдзел. Выдзелена 50 тысяч даляраў на ліквідацыю гарэльнікаў у Тумарыне, драўніна якога не падыходзіць пад рэалізацыю - яна ўся брудная. Там, у прынцыпе, да 5 кюры на км. кв. Але, калі прайшоў пажар, увесь пыл пасля яго сеў на апошні квартал. Атрымалася другаснае забруджванне драўніны. Сіламі нашага ПМС драўніна гэтая будзе пахавана прама на месцы. І там зноў мы закладзем новыя ліставыя лясы.Таму па грантах мы працуем актыўна, супрацоўнічаем з Аляксандрам Васільевічам Леўчанка, ён - нацыянальны каардынатар, удзельнічае ў распрацоўцы грантаў ад ПРАААН. Мы часта з ім сустракаемся.Чым могуць - дапамагаюць. На вялікі жаль, дапамогу можна атрымаць толькі адзін раз у год.

 

- Дзякуй Вам за размову.

 

Адкрыць па-новаму веткаўскую зямлю спрабавала Ларыса Раманава, пісьменніца.

Старонкі гутаркі друкаваліся ў раённай газеце "Голас Веткаўшчыны".

 

 

http://belarus.kulichki.net/index.php?option=com_content&task=view&id=377&Itemid=48