ДУША ПАТРАБУЕ...

 

Дарога да Бога. Ці бывае яна лёгкаю? Напэўна, не. Асабліва для людзей, якія сваё жыццё пражылі ў атмасферы савецкай атэістычнай прапаганды. Не была лёгкаю гэта дарога і для Станіславы Іосіфаўны Гулевіч, заслужанай артысткі БССР, салісткі Беларускага Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, камернай спявачкі. Сірочая доля і тое ассяродзе, у якім яна жыла і працавала, не спрыялі развіццю рэлігійных пачуццяў, больш за тое, усё рабілася для таго, каб выкараніць з душы нават зерне веры.

І вось аднойчы раніцаю яна расплюшчыла вочы і зразумела, што моцна верыць у Бога. Здарылася гэта ўжо на схіле яе гадоў і было, вядома ж, не выпадковым. Доўгі час у яе кватэры, насупраць ложка, вісіць унікальная ікона, на якой з аднаго боку намаляваны Арханёл Міхал, а з другога — Маці Божая з маленькім Езусам на руках. Гэты абраз Станіслава Іосіфаўна некалі ў маладосці выратавала ад занядбання. Яна знайшла яго на гарышчы свайго роднага дому і вырашыла ў памяць аб продках забраць да сябе. Было гэта падчас гастроляў па яе малой радзі-ме — Гомельшчыне. Ікону прынесла ў гасцініцу. Убачыўшы яе, прыбіральшчыца, пажылая жанчына, сказала тады: « Беражы яе, нікому не аддавай і не прадавай, яна будзе цябе ахоўваць і ва ўсім дапамагаць». Гэтыя словы запалі ў сэрца спявачкі на ўсё жыццё. І цяпер яна гаворыць, што так яно і было. Разумее і тое, што праз гэты абраз Бог адарыў яе ласкаю веры.

На пачатку 30-х гадоў гэты абраз перадаваўся з хаты ў хату ў вёсцы Рудня- Стаўбунская Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Быў ён маёмасцю мясцовага невялічкага касцёла. Але так здарылася, што бацька Станіславы Іосіфаўны, які працаваў старшынёю калгаса, аддаў загад аб знішчэнні святыні і сам жа яго здзейсніў. Абраз гэты ў той час знаходзіўся ў хаце дзеда Станіславы Іосіфаўны (па бацьку), які быў вельмі пабожным чалавекам. Дзед і схаваў абраз у сябе на гарышчы, дзе ён ляжаў доўгія гады, пакуль Станіслава не знайшла яго. У страшным 1937-м годзе гэты дзед і яшчэ 11 чалавек з роду Гулевічаў былі рэпрэсаваныя і расстраляныя. Сярод іх і маці Станіславы Іосіфаўны Варвара Іосіфаўна, і матчын бацька Іосіф Раманавіч Скарапацкі, і яго сын Мікалай. Бацьку Станіславы Іосіфаўны, як перадавога камуніста, адправілі на Украіну падымаць калгасы, там ён і загінуў. Станіслава са сваім родным братам, таксама Станіславам, засталіся круглымі сіротамі — іх гадавала бабуля, на долю якой выпала гора перажыць смерць мужа, дачкі і сына.

З малых гадоў Станіслава Іосіфаўна памятае, што яе мама заўсёды спявала, што б ні рабіла, куды б ні ішла — усюды з песняй. Некаторыя ёй тады казалі: «Глядзі, праспяваеш сваю долю». Голас у Варвары Іосіфаўны быў вельмі прыгожы, яго і ўнаследвала дачка, якая таксама не прапускала магчымасці паспяваць. Была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. У 1947-м годзе ёй прапанавалі вучобу ў Гомельскім музвучылішчы, а ў 1951-м таленавітую спявачку заўважыў Уладзімір Алоўнікаў і забраў яе вучыцца ў кансерваторыю. Станіслава Іосіфаўна ўспамінае, што прыехала ў Мінск, як кажуць, і босая, і голая — у старых калошах і паношанай ватоўцы. Некаторыя тады смяяліся: «Прыехала Дунька Еўропу пакараць». Але яе голас сапраўды многіх пакарыў. Зайздрасці і нядобразычлівасці ў той час хапала, але дабрыні і спагадлівасці было ўсё ж больш. З вялікім пачуццём удзячнасці ўспамінае Станіслава Іосіфаўна Марыю Сямёнаўну Гарбачэўскую, выкладчыцу Гомельскага музвучылішча, Ірыну Аляксандраўну Цвятаеву, выкладчыцу кансерваторыі, Анатоля Васільевіча Багатырова, вядомага кампазітара, тагачаснага рэктара кансерваторыі, Сямёна Львовіча Талкачова, канцэртмайстра. Усе яны дапамагалі ёй і маральна, і матэрыяльна. Дзякуючы гэтым людзям яна выжыла, вывучылася і стала на ногі. «Іх ужо няма ў жывых, — гаворыць Станіслава Іосіфаўна, — але я прашу, каб Міласэрны Бог аддзячыў іх душам у вечнасці і благаслаўляў іх родных тут, на зямлі».

Няпроста было ў жыцці адной. Брат памёр яшчэ маладым, асабістае шчасце не ўдалося — тыя, хто прапаноўваў руку і сэрца, не адпавядалі патрабаванням душы. Да таго ж, для яе творчасць была заўсёды на першым месцы.

Слухаючы сёння на касетах яе сольныя канцэрты, захапляешся неверагоднай прыгажосцю і глыбінёю голаса спявачкі. Старадаўнія рамансы да самай глыбіні кранаюць душу і сэрца, таму няма нічога дзіўнага, што многія людзі на гэтых канцэртах не маглі стрымаць слёз. Падумалася: гэта была яе малітва — гавораць жа, што праца з’яўляецца своеасаблівай малітвай, а тым больш такая, што нясе радасць і супакой, выклікае самыя высакародныя пачуцці, натхняе на дабро. У свой час нават нядобразычліўцы гаварылі, што беларускія песні ніхто так прыгожа не выконвае, як Гулевіч. На роднай мове Станіслава Іосіфаўна старалася спяваць і тады, калі ездзіла з канцэртамі па Расіі ці бывала ў іншых рэспубліках СССР. Не раз здаралася, што пасля канцэрта за кулісы прыходзілі людзі, лёс якіх быў звязаны з Беларуссю, і шчыра дзякавалі за тое, што праз яе спевы адчулі пах родных палёў і лясоў.

Часта даводзілася бываць Станіславе Іосіфаўне на гастролях у Польшчы. Гэта краіна заўсёды выклікала ў яе асаблівыя пачуцці, бо з’яўляецца яе гістарычнай радзімай. Продкі Гулевічаў і Скарапацкіх былі шляхціцамі і падчас вайны з Суворавым мусілі ўцякаць за мяжу. Так і апынуліся ў Веткаўскім раёне. У адрозненне ад Савецкага Саюза, Польшча і ў камуністычныя часы заставалася рэлігійнай краінай. Станіслава Іосіфаўна старалася заўсёды прывезці адтуль «рэлігійныя сувеніры». Хавала іх, дзе толькі магла, сур’ёзна рызыкуючы застацца без працы. Успамінае, як везла невялікі крыж, схаваўшы ў бот пад шкарпэтку. Гэты крыж і цяпер стаіць у яе на стале. Употай прывезла абразы Пана Езуса і Маці Божай, а таксама невялічкі партрэт Святога Айца Яна Паўла II у прыгожай аправе. Павагу і любоў да гэтага сапраўды святога чалавека Станіслава Іосіфаўна нясе праз многія гады. Вельмі балюча перажывала яго адыход у вечнасць. Прыклад Яна Паўла II і цяпер дапамагае ёй пераадольваць цяжкасці, якія непазбежна нясуць старасць і адзінота.

Сёння Станіславе Іосіфаўне 82 гады, у яе хворыя ногі, але яна па-ранейшаму статная і падцягнутая. На пытанне аб адзіноце і самоце шчыра сказала: «Няма калі сумаваць. Люблю пачытаць, паглядзець тэлевізар, шкада, што мала духоўных перадач і перадач з Польшчы. Ведаеце, душа патрабуе...». Станіслава Іосіфаўна па-дзіцячы адкрытая на веру, вельмі ўдзячная за кожны рэлігійны часопіс, за кожную кніжку, якія прыносяць ёй легіянеры Марыі. Вельмі перажывае, што не можа ад усяго сэрца прабачыць свайму бацьку і тым людзям, якія загубілі амаль усіх яе родных і блізкіх. «Але я буду аб гэтым маліцца і вас прашу», — звярнулася яна да ксяндза і легіянераў, што прыехалі з ім у яе утульную кватэру. Назаўтра патэлефанавала і з дзіцячай радасцю паведаміла: «Мне здаецца, што я свайму бацьку прабачыла...».

Галіна Калевіч

http://media.catholic.by/ave/index.htm?/ave/n151/art19.htm

 

 

Фотография подарена самой Станиславой Гулевич – Николаю Гулевичу.

Прислал Николай Гулевич, г. Брест.

 

 

Аудио запись.

“Над магілай”.  Песня на словы Максіма Багдановіча.

Музыка А. Багатырова. Выканаўцы С. Гулевіч.

(БДАКФФД, № 108)