З прыдомкам Гулева

“Мясьціны таямнічыя. Паспрабуйце праехаць у сухую пару ад жалезнага мосту церазь Беседзь на Галоднае, а потым на дзьве нашы Рудні. Вы адчуеце захапленьне і адначасна скруху ад таго, што ўсё гэта хараство пад радыяцыяй”. Пра вёску свайго дзяцінства Рудню піша Сяргей Балахонаў.

Вёска майго дзяцінства ляжыць ад Гомелю за якіясь 30 км, але так проста ў яе ня трапіш. Пабрыў ужо другі дзясятак летаў, як яна ў "зоне адсяленьня". Каб легальна дапасьці туды, трэба альбо Радаўніцы чакаць, альбо хадзіць-бываць у розных кабінэтах і даказваць, што сапраўды маеш патрэбу там быць.

Назву мая вёсачка носіць не зусім і рэдкую - Рудня. Рудні тут страчаюцца ўсюды. Нісімкавіцкая, Споніцкая, Стаўбунская, Шлягіна. Мой родны кут яшчэ даўнейшым часам меў прыдомак Гулева. Жалеза тутака як пачалі плавіць зь першабытных часоў, так і плавілі ажно да канца ХVІІІ ст. Паспрабуй тут высьветлі, калі зьявілася Рудня-Гулева! Краязнаўцы суцішыліся згадкаю 1910 г. Археолягаў жа цікавілі суседнія Рудня-Шлягіна і пасёлак Пралетарскі з разнастайнымі памяткамі старажытных жыхароў, сучасьнікаў эгіпецкіх фараонаў. Да Гулевай дасьледзіны не дайшлі. На бачыны летапісаў гэтыя мясьціны ня трапілі. Блізкія Шарсьцін, Галоднае, Жалезавічы "Літоўская мэтрыка" прыгадвае ўжо ў XV-XVІ ст. Рудні-Гулевай ані знаку. Але ж штось тут мусіла быць за дзьве з паловаю літоўскія вярсты ад сутоку Беседзі з Сажом. Мусіла нешта быць між узьбярэжжам рачулкі Нёманкі і разьлеглым у нізіне балотам, зь якога й здабывалі людзі жалезную руду. У 1980-х рэчка ля вёскі была зусім мелкаю, і за гародам маёй бабулі Марыі яе магла і курыца добрая пешкі перайсьці. Між тым Нёманка - "рэчка Неменуць" - прыпамінаецца ў "Рэестры" рэвізіі Гомельшчыны з часоў Жыгімонта Аўгуста як адзін з скрайніх пунктаў "гонаў бабровых" суседняе вёскі Данілавічы. У XVI ст. гэтыя прасторы паводле адной з замірэнчых дамоваў адышлі да Масквы. Хто знае, мо акурат Нёманка была часовай мяжою між ВКЛ і Маскоўшчынай.

У маленстве мяне не пакідала даймо, што руднёўская рэчка была граніцай. Толькі не разумелася якой. За Нёманкай ляжыць Рудня-Шлягіна, якую бабуля звычайна называла польскай, бо там жыла шляхта. Гэта бянтэжыла.

Рудня-Гулева, хоць і мела ў 1989 г. усяго 47 двароў, акром агульнае назвы паслугоўвалася тутэйшымі. Афіцыйных найменьняў вуліц тут не было. Розныя ж часткі вёскі зваліся Сьвісток, Зарэчча, Глухаўка. Бабуліна хата стаяла наводдаль ад іншых, хоць, па сутнасьці, у самай сярэдзіне Рудні. Разам з братамі і нашым вясковым сябрам Сяргеем з Глухаўкі мы прыдумалі яшчэ адну мясцовую назву: вуліцу, прылеглую да мосту церазь Нёманку, мы менавалі Маставою.

Заўважыць і ацаніць вакольную прыгажосьць дзіцячы розум не пасьпеў. Здавалася, што тыя краявіды з грыбнымі лясамі наўкола, з высокімі ліпамі й клёнамі, прысадзістымі грушамі ў самай вёсцы ёсьць чымсьці паўсюдным, унівэрсальным. Але ж не. Ніводная вёска з тых, што даводзілася бачыць пасьля, ня ўражвала ўнутранай пекнатою, не дараўноўвалася й блізка да Рудні-Гулевай. На тых ліпах і клёнах былі нашыя дзіцячыя базы й назіральныя пункты, якія каштавалі нам драпін і сінякоў.

З тых часоў у памяці засталіся фантастычныя апавяданьні, якія на сёньняшні розум проста выклікаюць замілаваньне. Прыкладам, пра Хадзяіна Лесу - не багдановіцкага лесуна, а сапраўднага волата, вышэйшага за вершаліны самых высозных дрэваў. І пра таўстматую вялізную вужаку зь пялёсткавай каронаю, што трапілася была на вочы маёй бабулі. Урэшце, гэта гісторыя пра дзьвюх жанок, што, заблукаўшы, выйшлі зь ляснога палону чамусь на процілеглым беразе Сажа...

Мясьціны таямнічыя. Паспрабуйце праехаць у сухую пару ад жалезнага мосту церазь Беседзь на Галоднае, а потым на дзьве нашы Рудні. Вы адчуеце захапленьне і адначасна скруху ад таго, што ўсё гэтае хараство пад радыяцыяй. Зрэшты, мост памянёны паставілі пасьля падзеньня на нашу зямлю апакаліптычнае зоркі Палын. Да гэтага быў пантонны, і ў часы паводкі ўвесну патрапіць на іншы бераг машынна было немагчыма. Хіба гелікоптэрам. Рэйсавыя аўтобусы зь Веткі рабілі 50-кілямэтровы крук праз Барталамееўку, Стаўбун, Сьвяцілавічы, а стуль на Жалезьнікі й Рэчкі. Дый да апошніх аўтобусы пачалі дабягаць толькі за пару гадоў да канца СССР, калі пускаць туды пасажырскі "кукурузьнік" сталася нерэнтабэльным. Да Рудні-Гулевай з Рэчак яшчэ вярсты тры вялікалітоўскія напрасткі сягаць трэ было.

"Трэ было". Дзікае спалучэньне для памяці. Памяці, што пачынаецца акурат тут. Мне было тады два з паловаю гадкі, я стаяў ля форткі бабулінага падворку й чакаў, калі ж зь Сьвяцілавічаў прывязуць маму й "купленага" мне браціка Андрэя. Імя ж дачкі дырэктара васьмігадовай школкі, дзяўчынкі, зь якой мы разам той парою гуляліся, зусім ня памятаецца. Бацькі кажуць - Наташка. Пазьней была іншая Наташка, што жыла ў прыгожым сінім доме з двума ўваходамі. З гэтай дзяўчынкай мы дужа падабалі гуляць пад куставіцамі ў дактароў.

Мэдпункт ды яшчэ фэрма былі адзінымі на вёску, акром школы, дзяржаўнымі ўстановамі. Сельсавет і пошта былі ў Рэчках. Найбліжэйшы магазін - у Рудні-Шлягінай. Тамака ж туліўся й клюб. Мне там бываць не даводзілася. Уяўляўся ж ён хатай, дзе ўвечары зьбіралася ўся моладзь, а дамоўкі вярталася толькі пад раньне. Што ж яны тамака рабілі? Бо здавалася ясным і пэўным, што ноччу ў хаце сьвятло гарэць не павінна.

Бабулін бацька, а мой прадзед, Мохараў Кузьма ў 1934 г. быў арыштаваны НКВД і асуджаны на пяць гадоў зьняволеньня ў казахскім лягеры. Да перастройкі бабуля ня згадвала пра лёс свайго бацькі. У хаце адзіным напамінам пра яго быў чорна-белы фатаграфічны партрэт. Перад нямецкай акупацыяй дзед Кузьма вярнуўся ў родныя мясьціны. Новыя прыхадні сталіся для прадзеда чарговымі ды астатнімі катавальнікамі. Як для быкаўскіх Петрака і Сьцепаніды. Як для масы беларусаў, што трывалі акупацыю за акупацыяй... Бабуля, маючы перад вачыма гаротны прыклад свайго бацькі, унікала ўсякае палітыкі й партыйнасьці. Яна й цяпер ня раіць свайму першаму ўнуку лезьці ў рэчы паліцічаскія.

А на нашых прасторах усё, чаго ні краніся, стаецца палітыкай. Нават парнаграфія. Насупраць Рудні-Гулевай за Сажом месьціцца вёска Шарсьцін. У брэжнеўска-андропаўскія часы зімоваю парою многія руднёўскія пераходзілі зьледзянелую раку, каб сесьці на патрэбны аўтобус да Гомелю ці Веткі. У часы ж перад сталінскім "вялікім пераломам" у Шарсьціне былі кабарэ і дом распусты, зарганізаваныя тамтэйшымі камісарамі зь ліку жонак "контррэвалюцыйных элемэнтаў". Пільнае чэкісцкае вока спрыкмеціла між заўсёднікаў гэтых устаноў актывістаў партячэйкі і сельсавету. Вока ж лекарскае адзначыла ладны рост вэнэрычных хваробаў. Вінаватых пакаралі. Пра гэтыя падзеі бабуля ніколі не распавядала. Дый не магла яна баіць такое малым унукам. Не дазваляла ж колісь маёй маці чытаць "Людзі на балоце", бо заўважала ў Мележавым рамане багата ўстыдных сцэнаў. Такое маральнае дбаньне.

Могілкі ў Рудні ляжаць на ўскрайку. Ля могілак стаяў другі бабульчын дом з падворкам, што застаўся ад нейкай ейнай крэўніцы бабы Кір'яніхі. Зусім блізка ад могілак ляжыць урочышча Курган, дзе археолягі знайшлі пахаваньні 5-3 тысячагодзьдзяў да н.э., зь якімі суседзяць і больш позьнія магілы. Цяпер вакол руднёўскіх кладоў выараная проціпажарная паласа. Многія з тых, што спачываюць пад гэтымі бярозамі й акацыямі, яшчэ не забытыя. Кожную Радуніцу магілы паднаўляюцца, аздабляюцца вянкамі й ручнікамі. Нашчадкі не баяцца атрымаць лішак радыяцыі. Зямля зьнявечаная, але яна свая.

Сяргей Балахонаў

http://www.nn.by/index.pl?theme=nn/2002/41&article=15