http://new.racyja.com/news/zhykhary-charnobylskikh-vesak-fantomau-fota

 

 

Жыхары чарнобыльскіх вёсак-фантомаў (фота).

 

 

Гомельшчына – найбольш пацярпелы ад ядзернай катастрофы рэгіён Беларусі. Каля 68 % тэрыторыі вобласці ў той ці іншай ступені непрыдатныя для жыцця чалавека.

 

У адным толькі Веткаўскім раёне налічваецца каля 81 населеных пунктаў, якія падпалі пад радыёактыўнае забруджанне. Некаторыя вёскі, як, напрыклад, Рудня-Стаўбунская, лічацца паселішчамі з дапушчальным узроўнем радыяцыі. Тут дажываюць свой век дзясятак самотных старых. А вось вёска з цікавай назвай Барталамееўка ўвогуле не існуе на адміністратыўнай мапе краіны. Праўда, з такой несправядлівасцю не пагаджаюцца чатыры тамтэйшыя жыхары. Сярод тых, хто не баіцца нябачнай радыяцыі – доўгажыхарка Алена Нікіцьеўна Музычэнка.

 

Алена Музычэнка, жыхарка вёскі-фантома Барталамееўка:

- Па ўсім свеце радыяцыя ёсць. А мне няма куды падзецца. Пасля Чарнобыля тут усё прыйшло ў стан занядбання. Паразвозілі на будаўнічыя матэрыялы хаціны, пабурылі школку, краму зруйнавалі. З дахаў паздымалі шыфер... Цяпер ад уладаў няма помачы аніякай. Каб набыць дровы на зіму, трэба плаціць 350 тысячаў, то бок аддаваць пенсію цалкам. Адпаведна, жыць няма за што.

80 гадоў я пражыла тут, нікуды не выязджала, на адным месцы сяджу. Ем толькі ўсё сваё, агарод кожны год засяваю. Толькі па хлеб і макароны даводзіцца ездзіць у Ветку. Аўталаўкі ў Барталамееўку не прыязджаюць, бо тут няма каму купляць прадукты. Суседзі выпіваюць. А дзеля адной мяне ніхто ў зону не паедзе.

 

Аляксандр Карошчанка:

- Мае бацькі жывуць у Веткаўскім раёне. Калісьці, яшчэ ў 1999 годзе, вырашыў праверыць малако. Праверыў – яно забруджанае. Падыходжу да начальніка радыялагічнага аддзялення. Кажу яму: “Што вы робіце? Там жа дзеці жывуць, людзі... Яны харчуюцца гэтым малаком”. А ён мне ў адказ: “А вы не ўжывайце гэтае малако, прадайце дзяржаве. Яны яго вадой развядуць...”. Як ён сказаў, “у вас кароўка за год акупіцца”. Так улада вырашае чарнобыльскія праблемы.

 

Аляксандр Гулевіч, жыхар вёскі Рудня-Стаўбунская:

- На катастрофу мы ніяк не рэагавалі. Вы ж самі цудоўна ведаеце, што ніхто нікога не інфармаваў тады пра сапраўдныя наступствы ад выбуху на ЧАЭС. А потым адсялілі некалькі навакольных вёсак. А нашу вёску пакінулі, далучыўшы да Стаўбунскага сельсавету. Пасля закінулі палі, ніхто тут нічым не займаўся да нядаўняга часу. А ў мінулым годзе трошкі пачалі поле распрацоўваць. Жывём мы тут і не ведаем, ці ёсць тут небяспека для жыцця. Нам кажуць, што чыста. Праўда гэта ці не, мы не ведаем. А куды нам, хворым і старым людзям, падзецца? У мяне, напрыклад, хранічны панкрэатыт. Тых грошай, якія мне дае дзяржава – 350 тысячаў - не хапае на жыццё. У мяне 29 гадоў стажу плюс сем гадоў на групе па інваліднасці.

 

Мікалай Пятровіч, дачнік з Рудні-Стаўбунскай:

- Я тут толькі летам жыву. Да мяне прыязджаюць дзеці і ўнукі. Ім падабаецца ў вёсцы, ходзім па грыбы і на рыбу. Мне тут, праўда, добра. Я ані пігулак не п’ю, ані лекаў іншых. А ў Гомелі даводзілася па пяць разоў на дзень таблеткі піць. А ў мяне ўвогуле інфаркт быў. Праўда, інваліднасць знялі па прычыне таго, што я быццам бы ачуняў цалкам. А цяпер ногі адмаўляюць, хоць аперацыю на адной назе зрабілі. Я вымушаны быў кінуць працу, нягледзячы на тое, што да пенсіі чатыры гады.

 

Жыхары забруджаных вёсак Веткаўшчыны стараюцца не думаць пра небяспекі, якія ім штодня нясе чарнобыльскі атам. Вяскоўцы вядуць амаль натуральную гаспадарку і настальгуюць па тых часінах, калі на вуліцах іхніх паселішчаў кіпела жыццё.

 

 

 

Вёска Рудня-Стаўбунская.

 

 

 

Аляксандр Гулевіч, жыхар вёскі Рудня-Стаўбунская.

 

 

 

Вёска Барталамееўка.

 

 

 

Алена Музычэнка, жыхарка вёскі-фантома Барталамееўка.

 

 

Цалкам матэрыял слухайце ў прыкладзеным гукавым файле.

 

 

Мікола Бянько, Радыё Рацыя.

Фота: Юлія Сівец.

 

 

http://new.racyja.com/news/zhykhary-charnobylskikh-vesak-fantomau-fota