Забытая трагедыя: як “разбіралі” рэчыцкую шляхту.

 

Падзяліўшы Рэч Паспалітую і далучыўшы былы рэгіён Вялікага Княства Літоўскага, царскі ўрад сутыкнуўся на землях Беларусі, Украіны і Літвы з нязвыклай для сябе з’явай: дваранства тут атрымалася амаль у 10 раз больш, чым у самой Расіі.

 

Саслоўе гэта было вельмі пярэстым: па веры — каталікі, уніяты, праваслаўныя, па маёмасным становішчы — і найбагацейшыя магнаты, і беззямельная шляхта, якая мала чым адрознівалася ад сялян. Аднак усе яны мелі паўнавартасныя прывілеі, а таксама памяць аб “залатых вольнасцях” у Рэчы Паспалітай, адмаўляцца ад якіх не жадалі.

 

Як выглядала сітуацыя, якое выйсце знайшоў царскі ўрад і якія гэта мела наступствы для нашага краю, можна прасачыць па матэрыялах, напрыклад, аднаго Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Праўда, тады ён быў амаль у тры разы большым па плошчы за сённяшні Рэчыцкі раён.

 

 

Радаводныя дакументы Сямашак.

 

У 1802 годзе з павятовага дваранскага саслоўя 392 чалавекi былі сапраўднымі землеўладальнікамі — як паўнапраўнымі, так і гаспадарамі на арандаваных і закладных землях. Яны ж валодалі і прыгоннымі. Затое дробнай былой шляхты, якая захавала нязвыклыя для расійскай практыкі катэгорыі, было ў некалькі разоў болей: вакольнічая або грунтавая — 100 чалавек, чыншавая — 338 і “ў дварах панскіх служывая” — 659. Большасць з іх былі каталікамі альбо ўніятамі. У новай краіне значная частка наменклатуры часоў Рэчы Паспалітай захавала сваю прысутнасць у новай царскай адміністрацыі. Так, рэчыцкім гараднічым быў надворны саветнік дзмітрый кухлеўскі. Падначаленыя яму ўраднікі: маршалак, стацкі саветнік Вікенцій Солтан і падкаморый Іван Солтан. Пасаду харонжага займаў Траян Прыбора. Суд узначальваў шамбялян былога каралеўскага двара Рэчы Паспалітай Вікенцій Велямоўскі, падсудкі: былы стольнік Устыніан Фурс і ротмістр Станіслаў Солтан, натарый — Дамінік Шышко і г. д.

 

Нездарма мінскі губернатар Захар Карнееў двойчы запрошваў Сенат аб пасылцы з цэнтра 40 чалавек, каб тыя занялі чыноўніцкія вакансіі ў губерні. Ён адзначаў, што, нягледзячы на прыбаўку да жалавання чыноўнікаў, усё ж і ў судзе, і ў губернскім кіраванні “крайні недахоп у іх маюць”. Але і Пецярбург не дапамог. Праз год губернатар канстатаваў: “Аднак і дагэтуль ніхто не дасланы, а тут людзей такога роду няма”.

 

Перыяды прымірэння царскага ўрада з мясцовай шляхтай змяняліся вострымі канфліктамі, якія перарасталі ў паўстанні, найбольш буйное з якіх адбылося ў 1830 — 1831 гадах і дакацілася да Беларускага Палесся. Дзеянні ў Рэчыцкім павеце не набылі такога маштабу, як на захадзе Беларусі, але з Мазыршчыны і Валыні сюды прыходзілі атрады паўстанцаў, якіх падтрымалі мясцовыя шляхцічы, мяшчане і нават сяляне. Так, атрад мазырскага двараніна Фелікса Кяневіча толькі ў рэчыцкага памешчыка Аляксандра Гарвата ў адным Барбарове “мабілізаваў” 60 сялян. Да Кяневіча далучыліся Эмілій і Антоній Аскеркі, якія ў сваіх маёнтках Вадовічы і Алексічы падрыхтавалі і ўзброілі ўласны атрад.

 

Па дадзеных беларускай даследчыцы В. Гарбачовай, усяго ў Рэчыцкім павеце падтрымала паўстанцаў некалькі сотняў чалавек. Сярод іх уласнік Рымшоўкі Людвік Абуховіч, шляхцічы Міхал Лягенза, Юзэф Крушэўскі, іншыя. Пасля падаўлення паўстання былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці 50 чалавек, з якіх 35 з’яўляліся шляхцічамі і 15 сялянамі. Да пазбаўлення дваранства, канфіскацыі ўласнасці і аддачы ў рэкруты і арыштанцкія роты на Каўказ і ў Сібір былі прысуджаны Ф. Храноўскі, У. Мрачкоўскі, З. Галінскі, Ф. Ляшкевіч, Е. Грудзевіч. Шматлікія ж ўдзельнікі былі дараваныя.

 

Аднак пасля паўстання царскі ўрад вырашыў радыкальна скараціць лік самой шляхты, для чаго з 1831 года быў арганізаваны яе “разбор” — праверка дакументаў аб дваранскім пахо­джанні. Яно прызнавалася толькі за тымі прозвішчамі, якія змаглі прадставіць арыгіналы актаў на шляхецтва або пасады, зацверджаныя каралямі і вялікімі князямі. Астатнія пераводзіліся ў адмыслова створаную катэгорыю “аднадворцаў Заходніх губерняў”. Аднадворцы гублялі ўсе асабістыя правы і свабоды, на іх распаўсюджваліся падаткі і павіннасці, уключаючы рэкруцкую. Прад’яўленне дакументаў стала справай надзвычай складанай: роды, якія атрымалі шляхецтва яшчэ ў XVI-XVII стагоддзях, часта не захавалі ні арыгіналаў, ні копій. Некаторым сем’ям не па кішэні аказалася сама працэдура праверкі.

 

Справа зацягнулася, таму з 1842 года была распачата татальная рэвізія з “разборам шляхты” на месцах. 19 жніўня 1844 года ў Рэчыцы пачала працу камісія для прыёму сямейных спісаў ад асоб, якія не падалі дакументаў. Праз паліцыю было апавешчана, што “ўсякае сямейства былой польскай шляхты” абавязана падаць дакументы да 1 лістапада 1844 года, пасля чаго ўсе, хто не паспеў, “указаны быць звернуты ў званне адна­дворцаў”.

 

Складзены рэчыцкай камісіяй спіс і цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і з’яўляецца сведчаннем яшчэ адной трагедыі, перажытай у нашай гісторыі. У спіс патрапіла 71 сям’я — 386 чалавек, ад старых да нованароджаных дзяцей. Тут апынуліся цэлыя роды: 14 сем’яў Цішкевічаў, 4 — Шумскіх, па 2 — Аліферовічаў, Куніцкіх, Краткоўскіх, Тамковічаў, Райкевічаў і іншых. Сродкамі існавання гэтых людзей часцей за ўсё была служба ў больш заможных дваран: Празораў, Крушэўскіх, Ракіцкіх, альбо арэнда зямлі. Ні землеўладанняў, ні нерухомай маёмасці яны не мелі. Так, у самога прадвадзіцеля павятовага дваранства Міхаіла Ракіцкага (ён узначаліў камісію) знаходзіліся на службе Ян Бруяк, які меў жонку і чацвёра дзяцей ад 9 гадоў да 1 года, а таксама ўдава брата Тэрэзія з сямю дзецьмі ад 14 да 2 гадоў. Казённыя землі ваколіцы Воўчая Гара арандавалі сямейства Райкевічаў, якое складалася з 11 чалавек, а таксама А. Машчыцкі з жонкай і пяццю дзецьмі. У некаторых выпадках удовы з малалетнімі дзецьмі былі “на знаходжанні”, г. зн. утрыманні сваякоў або заможных памешчыкаў.

 

 

Дзецi сям’i Хомскiх. 1918 год.

 

Характэрна, што вялікая частка тых, хто трапіў у спіс, атрымалі пацвярджэнне ў дваранстве адносна нядаўна: з 1802 па 1827 год, а некаторыя, як Людвік Жылінскі ці Міхал Казлоўскі (на яго ўтрыманні былі маці, сляпы брат, жонка і трое дзяцей) — у 1831 годзе. Але гэта не было прынята да ўвагі, а паўторная працэдура станавілася проста грабежніцкай. Напрыклад, трое Навіцкіх заявілі камісіі, што не падалі дакументаў “з-за недахопу неабходных на падаткі сродкаў, бо патрацілі апошнія грошы на вандраванне ў губернскі горад за 70 вёрст, куплю належнай паперы і яе складанне”, калі пацвярджалі шляхецкую прыналежнасць тры гады назад. Абараніць свае правы ў губернскім дваранскім сходзе спрабавалі Райкевічы, Буйневічы, Лунеўскія, Сямашкі. Але атрымалася гэта не ва ўсіх: у справах камісіі засталіся радавыя дакументы Сямашак, упрыгожаныя гербам і каралеўскімі подпісамі, — значыць, паўнапраўнасць іх гаспадароў прызнанай не была. Дваранін Нэйман, які адсутнічаў на момант работы камісіі, быў абвешчаны ў вышук і валацугай.

 

Перавод у аднадворцы азначаў для беззямельнай шляхты падзенне на сацыяльнае дно: многія гублялі месца службы і пражывання, а падаткі і павіннасці станавіліся непасільнай ношай. Знайсці прытулак у новым статусе аказалася няпроста. Напрыклад, уладальнік “лоеўскага ключа” К. Даніловіч заявіў у рэчыцкую камісію, што, “быўшы цяпер часовым традыцыйным уладальнікам вышэйзгаданага маёнтка і вёсак, не згодзен і не прымаю ніякіх аднадворцаў да пропісу па ўчастку, якім я валодаю”.

 

Аднак нявызначаны стан тых, хто трапіў пад “разбор”, заставаўся такім нядоўга: па загаду ад 19 лютага 1868 года саслоўе аднадворцаў Заходняй губерні было скасавана, усе яны прыраўніваліся да сялян або мяшчан. Гэты ўказ канчаткова юрыдычна ліквідаваў шляхецкае саслоўе былога ВКЛ. Шляхта стала растварацца ў самых нізкіх саслоўях, з часам сышла ў нябыт і радавая памяць.

 

Тым не менш і сёння сярод нашых суайчыннікаў можна сустрэць нямала носьбітаў старажытных і гучных шляхецкіх прозвішчаў, аднак ужо абсалютнай экзотыкай сталі імёны, якімі стракаціць згаданы спіс: Алаізій, Фелікс, Канстанцыя, Даміцэля, Камелія, Людвіка, Міхаліна, Багуміла…

 

 

«Гомельская праўда» http://gp.by/