Фото Николай Гулевич.

 

http://www.svaboda.org/content/transcript/774150.html

 

 

"Палітычная геаграфія".

 

Гулевічы: “Як добра ажэнісься й добра з жонкай жывеш — няма лепшага жыцьця”.

 

Навошта людзям шукаць магілы сваіх продкаў? Якая ў гэтым карысьць? Напэўна, няма аніякай. Як і практычнага сэнсу. Але, падобна, бяз гэтых пошукаў, бязь веданьня, хто былі твае продкі, мы не зусім паўнавартасныя людзі.

 

Цёплай жнівеньскаю нядзеляй я ў кампаніі зь пісьменьнікам Уладзімерам Адамчыкам, вядомым як Адам Глобус, паехаў на Капыльшчыну. Пісьменьнік марыў адшукаць магілу свайго дзеда па маці, Уладзімера Глобуса. Зірнуць на свае крэўныя краявіды. Даведацца, хто ж быў ягоны дзед. Мне ж было цікава паўдзельнічаць у гэтых пошуках, бо даўно маю вялікую цікавасьць да ўсяго, што робіць Глобус. Інтрыга нашай выправы заключалася яшчэ ў тым, што вядомае было толькі месца нараджэньня маці пісьменьніка, Ніны Ўладзімераўны Глобус. Вёска Жыліхава.

 

Жыліхава нас сустрэла безьліччу старых закінутых хатаў, праваслаўным крыжом на ростанях ды купкаю бабулек на лавачцы. Было відаць, што аграгарадка бліжэйшым часам тут не прадбачыцца.

 

(Глобус: ) “Я зразумеў, што… Археолягі — усім здаецца, што яны выкопваюць мінулае. І мы цяпер едзем, быццам шукаем мінулае. Насамрэч мы шукаем будучыню. А будучыня палохае. Таму, што невядома, хто ён. Я ня ведаю пра яго нічога. А тыя людзі, якія яго бачылі й ведалі, яны пераказвалі не ў станоўчым варыянце. Сям’я ставілася крытычна да яго”.

 

Старым, як высьветлілася, прозьвішча Глобус было знаёмае.

 

(Старая: ) “Мо рабіў у Жыліхаве, а жыць… Не было Глобуса. Гэта на Гулевіцкім пасёлку. Там Глобусы былі”.

 

(Старая: ) “Адна хата ёсьць, а пяць пустых. Во якое Жыліхава. Было багата. У кожнай хаце па пяць ці па сем дзяцей было. А цяпер, ня ведаю, хто там Глобусы. А былі Глобусы”.

 

Мы вырашылі пайсьці на жыліхаўскія могілкі. А раптам там ёсьць магілы Глобусаў? Але натрапілі на зусім іншае, ня менш загадкавае беларускае прозьвішча.

 

(Карэспандэнт: ) “Пілат. Як табе прозьвішча?”

 

(Глобус: ) “Сьцяпан Пілат. А тут Ульляна Пілат. Ну, калі ёсьць Глобус, дык і Пілат павінен быць. Лацінскае таксама”.

 

Могілкі былі не нашмат прыгажэйшыя за жывую частку Жыліхава. Вельмі шмат зарослых, безыменных магілаў. Увагу прыцягнулі дагледжаныя грудкі бяз помнікаў, але з высаджанымі на іх кветкамі.

 

(Глобус: ) “Людзі даглядаюць, прыносяць яблыкі, кветкі. О, скочкі садзяць. Гэта традыцыйна ў Беларусі. Гэтымі скочкамі ўпрыгожваюць магілы нехрышчоных дзяцей, на якіх ня ставіцца крыж. Выкладаўся крыж з гэтых скочак. Таму, гэта можа быць магіла нехрышчонага дзіцяці”.

 

На нашых могілках, калі глядзець на мову эпітафіі, ляжаць збольшага палякі й расейцы. Таму кожная магіла, аформленая па-беларуску, вылучаецца з астатніх.

 

(Глобус: ) “О, Ліда Раманаўна Ваўчок”.

 

(Карэспандэнт: ) “Па-беларуску. Ня ўсё згублена ў нацыі”.

 

Так што беларускую мы знайшлі магілу.

 

Не адшукаўшы ў Жыліхаве Глобусаў, мы вырашылі ехаць у пасёлак Гулевічы. Гэта маленечкая вёсачка прытулілася ля самай трасы. Уздоўж адзінай гулевіцкай вуліцы стаялі маўклівыя дамы. Здавалася, што тут увогуле ніхто не жыве.

 

(Глобус: ) “Тут ужо краявід падобны на мяне. Траса, якая вядзе ў вялікія гарады, і закуток. Мне тут падабаецца. Тут нешта больш роднае. Яблыні, хаткі нашыя беларускія недагледжаныя, што ўжо выглядае экзотыкай крыху. Зараз знойдзем якога старога”.

 

Жывога чалавека мы знайшлі каля апошняй хаты. Прыгожы моцны стары з вусамі і ў бэйсболцы курыў каля весьніцаў. Былы конюх Павал Данілавіч.

 

(Карэспандэнт: ) “Вы ня ведаеце, Уладзімер Глобус жыў тут?”

 

(Стары: ) “Жыў. У тым канцы”.

 

(Карэспандэнт: ) “А цяпер хата пустая стаіць?”

 

(Стары: ) “Пустая”.

 

(Карэспандэнт: ) “А што за чалавек быў?”

 

(Стары: ) “Хітры”.

 

(Карэспандэнт: ) “А дзе ён рабіў?”

 

(Стары: ) “Па гарадах цягаўся трохі, разоў пяць жаніўся. Тут ад яго першая дачка. Жонку пакінуў. Ён быў афіцэрам. Удзельнік фінскай вайны. А хто вы будзеце?”

 

(Глобус: ) “Я ўнук Глобуса”.

 

На гулевіцкіх могілках, куды нас павёў Павал Данілавіч, мы неўзабаве знайшлі не адну магілу з прозьвішчам Глобус.

 

(Карэспандэнт: ) “Уладзімер Рыгоравіч Глобус”.

 

(Глобус: ) “Во ён! Так доўга я ехаў. Доўга. Але ж галоўнае — даехаць. Праўда?”

 

(Карэспандэнт: ) “Што ты адчуваеш? Стоячы над магілай з тваім прозьвішчам родавым, дзе ляжыць чалавек, якога ты ніколі ня ведаў?”

 

(Глобус: ) “Не. Чалавека я ніколі ня бачыў. Гэта крышку іншае. Я ведаў гісторыі, якія зь ім зьвязаныя, сямейныя. Але я быў упэўнены, што раней ці пазьней я сюды прыеду. Калі гэта здарылася, то так і павінна быць. Павінен чалавек ведаць, дзе пахаваны яго дзед, дзе пахаваная яго прабаба. І калі ёсьць магчымасьць… Канечне, гэта трэба было рабіць хутчэй. Але прысьпешваць такія падзеі таксама ня варта”.

 

(Карэспандэнт: ) “Трэба высьпець?”

 

(Глобус: ) “Так. Таму, што гэта ж не паказушная зьява. Мы з табой зьбіраліся, мы гаварылі пра гэта гады тры. Ну вось прыехалі”.

 

Пакуль Уладзімер курыў каля магілы, я разгаварыўся са старым конюхам.

 

(Павал: ) “Тут жылі ўсе парабкі Вайніловічавы. Пана Вайніловіча. Землі пана Вайніловіча. Нядаўна, гады чатыры-пяць, сад выкарчавалі Вайніловічаў. А то і сад сядзеў яго”.

 

(Карэспандэнт: )“А што казалі старыя людзі пра Вайніловіча? Што за пан быў?”

 

(Павал: ) “Зь бізуном хадзіў. Калі правінісься — дасьць бізуна, а калі хораша робіш — не пакрыўдзіць ніхто. А так нічога. Даваў жытло. Былі баракі тамака. Гэта не за маёй памяцьцю, канечне. Гэта мой дзед расказваў, Навум. Ён яго фурманам быў. Вазіў на конях, па палетках. А на пагулянках ці на якія нарады быў спэцыяльны, другі”.

 

Гэтыя землі сапраўды належалі Эдварду Вайніловічу, сялянскаму асьветніку й фундатару “Нашай Нівы”. Большую частку жыцьця пан Вайніловіч правёў у Сьляпянцы пад Менскам. Калі хто і хадзіў тут зь бізуном, дык толькі ня ён, а які-небудзь мясцовы аканом. Сам стары Павал да гэтае пары трымае каня, які прыносіць прыбытак — большы за пэнсію. Зрэшты, астатнія жыхары Гулевічаў, спрэс пэнсіянэры, таксама працуюць на сваіх гаспадарках, не спадзеючыся на лепшае жыцьцё. Абы горшага не было.

 

Алене, першай жонцы Ўладзімера Глобуса, — 97 гадоў. І яна да гэтай пары жыве ў Гулевічах. Жвавая старая сама выйшла да гасьцей.

 

(Карэспандэнт: ) “Каб дажыць да 97 гадоў, што трэба рабіць?”

 

(Алена: ) “Ня ведаю. Больш за мяне ніхто не работаў. Работаю. А што я цяпер магу? І я што магу — не сяджу”.

 

У свае гады старая Алена мае жывыя вочы й даволі ясны розум. Прынамсі, пра даўнія падзеі распавядае як пра ўчорашнія.

 

(Алена: ) “Пагуляў. То з адной, то з другой. І я яго кінула. Сярэдняга росту. Не на вас падобны. Прыгожы хлопец быў. Быў вельмі разумны. Па жыцьці сапсаваўся. Я ўжо яго не захацела. Я абрала іншага сабе”.

 

(Карэспандэнт: ) “А што самае галоўнае ў жыцьці?”

 

(Алена: ) “Калі добра ажэнісься й добра з жонкай жывеш. Няма лепшага жыцьця”.

 

Наступным нашым суразмоўцам быў Аленін зяць, стары Зінкевіч. Ён ацаніў мэту нашай вандроўкі.

 

(Зінкевіч: ) “Калі нехта цікавіцца сваёй раднёй і даражыць — канечне, гэта вельмі важна. Гэта гаворыць аб памяці пакаленьня свайго, якое мы павінны паважаць. Якое б яно ні было — кепскае, нікчымнае... Але гэта радня. Вось што важна — калі нехта даражыць сваёй раднёй”.

 

Калі мы вярталіся ў Менск, неба цалкам ачысьцілася ад аблокаў. Надвор’е адпавядала настрою.

 

(Глобус: ) “Магу параіць кожнаму чалавеку — шукаць. Вельмі радасная падзея. Нечакана радуесься ня толькі ты. Калі мы гаворым пра Дзяды, мы іх успрымаем у мінорным кантэксьце. А гэта не заўсёды правільна. У традыцыі славянаў быў элемэнт радасьці. Сабраліся ўсе сваякі, абняліся, селі за адзін стол. Мы павінны ведаць, што радасьць не бязьмежная й нашы плачы не бязьмежныя. Усё павінна быць у межах”.

 

 

 

http://www.litara.net/forum/888

 

Валодзя Глобус і Пілаты.

 

Ліда і Пілаты

 

Даўно збіраўся наведаць мясціны, дзе жыў мой дзед – Валодзя Глобус. Мама казала, што жыў ён на Копыльшчыне, у пасёлку Жыліхава. Там і маці мая – Ніна Глобус – нарадзілася. Вось і выбраўся я ў вандроўку з журналістам Зміцерам Бартосікам. У нядзелю прыехалі мы ў тое Жыліхава. Раніца была хмурная, а пасярод дня праяснілася. “Добра ў іх тут, у Жыліхава, сонца свеціць і цёпла!” Бартосік пасмяяўся з майго хвалявання. Пачалі мы людзей распытваць пра маіх Глобусаў. Спачатку ніхто не мог згадаць іх. Усе казалі, што ў Жыліхава Глобусы ніколі не жылі. Валодзю Глобуса ніхто не памятаў. Нарэшце, адна цётка згадала, што ў Жыліхава працаваў Мікалай Глобус, сын Мікалая. Яшчэ знайшлі мы жанчыну, што вучылася ў школе з Галяй Глобус. Яна і падказала, штоі ўсе Глобусы жылі ў пасёлку Гулевічы. Ва ўсіх маміных дакументах пазначаны менавіта Жыліхава, таму я вырашыў адведаць жыліхаўскія могілкі. А раптам тамака знойдзецца хоць нейкі след-напамін пра майго дзеда Валодзю. Колькі мы не хадзілі па кладах, а ніводнага Глобуса не знайшлі. Затое, там вельмі шмат Пілатаў. Ледзь не палова магіл належыць людзям з прозвішчам Пілат. Як не паварочвай, а прозвішча Глобус мне падабаецца больш за прозвішча Пілат. Зрэшты, і Пілат гучыць магутна, па імперску. І ўражвала тое, што старажатна-біблейскі вобраз у сучасным варыянце меў не толькі мужчынскае, але і жаночае аблічча. На якое імгненне мне падалося, што я недзе ўжо бачыў Пілата ў жаночым абліччы. Я паразглядаў твары Пілатаў на помнікавых фотаздымках, але так і не згадаў, дзе я іх мог бачыць. Сярод жыліхаўсіх нябожчыкаў Пілатаў я знайшоў невялічкі, пафарбаваны ў глыбока-блакітны колер камень зарослы ў зямлю. Пад тым каменям ляжыць Ліда Ваўчок. Надпіс-напамін пра Ліду зроблены па-беларуску. Пра гэтую Ліду Ваўчок мы папыталіся ў людзей. Памерла яна маладой. Мужчына ўзяў яе з нейкага інтэрнату. Чаму надпіс зрабілі па-нашаму ніхто не сказаў. Мае спадзяванні знайсці магілу дзеда Валодзі ў Жыліхава не спраўдзіліся.

 

P. S.

Прозвішча Ваўчок у маёй сям’і не чужое. Першая жонка майго малодшага брата Міраслава – Натальля Ваўчок – маці майго пляменніка Чэсіка.

 

P. P. S.

У сераду, ідучы на працу, на аўтобусным прыпынку я сустрэў журналістку Тацяну Снітко, якая, разам з дачкою Вераю, часам бярэ замовы і ў маім выдавецтве “Сучасны літаратар”. Таня сазала, што ў нядзелю ездзіла на вёску, ну і я распавёў пра сваё падарожжа ў Жыліхава. Тутака і высветлілася, што баба Тацяны і прабаба Веры жыла ў Жыліхава, што пад Копылям, а прозвішча яе дзявочае – Пілат. Таня згадала, што некалі даўно яе маці пыталася: “Ці не мае твой знаёмы пісьменнік Глобус саякоў у Гулевічах?” А Таня ёй сказала, што не, бо я нарадзіўся ў Койданава.

 

 

Павел і магілы

 

У пасёлку Гулевічы я не пабачыў на вуліцы ніводнага старога чалавека. Мы з Бартосікам праехалі ўвесь пасёлак і не знайшлі з кім бы пагаварыць пра майго дзеда. “Што будзем рабіць?” – “Шукаць, будзем хадзіць па хатах…” На ўскрайку пасёлка пасвіўся конь. Мне захацелася падыйсці да гнядога каня і спытацца ў яго пра майго Уладзіміра Рыгоравіча Глобуса. Але распытваць я пачаў не маладога каня, а старога конюха Паўла. “Валодзю Глобуса? Ведаю! Тут ён і жыў. І дом яго стаіць. І жонка ягоная першая – Алена яшчэ жыве. Ёй 97 гадоў. Хутка будзе 98. І пляменніца ягоная тут. Магу паказаць іх хаты…” – “Можа спачатку на могілкі з’ездзім, вы мне магілу дзедаву пакажыце…” – “Можна і на могілкі…” Сівавусы Павел загрузіўся ў бартосікаву “Волгу”, і мы паехалі на клады. “А вы хто яму?” – “Унук!” – “А ад якой жонкі?” – “Ад Ядзі!” – “Не помню Ядзю. У Валодзі было 5 жонак!” – “5?” – “Алена – першая жонка. Ваша баба, з якой ён ажаніўся, калі ў войску служыў – другая. Потым ён Маню ўзяў. Дзяцей у іх не было, і ён Маню, сваю трэцюю жонку, прагнаў. Ездзіў ён у Тамбоў, і казалі, што там у яго была нейкая жонка, але пра яе я нічога не ведаю. А пятая, апошняя жонка Валодзі – Антоля, яна яго і глядзела, яна яго і пахавала тут. Недзе тут усе вашы Глобусы…” Ніякага хвалявання я не адчуваў, стоячы на беразе зарослых бярэзінамі могілак. Было такое адчуване, што я некалі быў тут, у пасёлку Гулевічы, бачыў гэтыя дамкі, вуліцу, бачыў неголенага старога, падобнага да эсэіста Сяргея Дубаўца – Паўла. Ён хутка пайшоў шукаць магілу майго дзеда, а я закурыў цыгарэтку і пачаў глядзець на далёкі, сінявата-зялёны лес. “Во тут ляжыць Мікалай, малодшы брат вашага Валодзі…” Я падыйшоў да шэрага, абвязанага бэзавай стужачкай помніка з фотапартрэтам немаладога лысаватага мужчыны. На поніку быў надпіс, з якога вынікала, што мой дваюрадны дзед Глобус Мікалай Рыгоравіч нарадзіўся 22.12.1911, а памёр 08.02.1983. Непадалёк стаяў помнік маёй дваюраднай бабе Мані, якая жыла з 1918 па 1991 год. Яе твар не сказаў мне нічога. Побач з Маняю, пад шэрым каменным слупком з крыжыкам ляжала мая прабаба – Вольга Глобус, якая пражыла 89 гадоў, з 1885 па 1974. “Маці ў Валодзі была вялікая жанчына, кілаграмаў 120. Яна і дзяцей ягоных глядзела. Ён іх прывозіў, адвозіў, а глядзела іх яна. Яе ўсе паважалі, Здаровая была баба…” – так расказаў Павел пра маю прабабу – Вольгу Глобус. “Валодзя, хадзі сюды!” – гукнуў мяне Зміцер Батосік. Я падыйшоў да жалезнай агароджы, за якою стаяў помнік майму дзеду. “Ага, вось тут ён і ляжыць, ваш Валодзя!” – сказаў, нібыта папіхнуў мяне ў спіну, конюх Павел. Бартосік зрабіў сур’ёзны твар і нейкім тэатральна-замагільным голасам спытаў: “І што ты адчуваеш?” Нічога я не адчуваў, але каб крышку падыграць Бартосіку зрабіў суворы твар: “Плакаць хочацца!” – “Праўда?” – Зміцер мне не паверыў, а мне стала радасна на душы. Вось ехаў я, шукаў, на нешта там нейкае цьмянае спадзяваўся і нарэшце знайшоў магілу дзеда Валодзі, мойго Глобуса Уладзіміра Рыгоравіча, майго лейтэнанта Глобуса. Маці мне казала, што ён нарадзіўся ў 1902 годзе, а насамрэч – у 1907, казала што памёр ён прыблізна ў 1962, на металінай шыльдачцы быў пазначаны 1961 год. Побач з дзедам адпачывае ў вечным сне і ягоная апошняя жонка – Глобус Антаніна Сцяпанаўна. “А які ён быў, Валодзя Глобус?” – спытаў я ў конюха. “Разумны быў, адукаваны, рабіў добра, харошы чалавек, каб не…” – “Каб не што?” – “Каб не жонкі, каб не бабы… Хітры ён быў!” – “Чаму хітры?” – “У банку працаваў, і наогул…” – Павел пакруціў у паветры загарэлай і парэпанай рукою. “Скажэце, а якой яны веры былі гэтыя Глобусы?” – “Ні ў што яны не верылі вашы Глобусы…” Не ведаю, што мой дзед зрабіў кескага Паўлу, ці што такога непрыемнага я яму сказаў, але твар ягоны зрабіўся злосны, і ў вачах засвяціўся недавер: “Дык вы ўнук Валодзі?” – “Унук!” – “А з якога вы году?” – “З 58…” – “Мой з 57… Дачка з 68… Нешта вы замолада выглядаеце…” – “Паехалі ў пасёлак!” – сказаў я Бартосіку. Злаваць старога Паўла я не хацеў.

 

 

Алена і авечка

 

Алене – 97. У яе васільковыя вочы і востранькі носік. Я пытаюся ў яе пра першага мужа, пра свайго дзеда, пра Валодзю Глобуса. “Харошы быў. На вас не падобны. Сярэдняга росту. Плотны. Прыгожы і разумны… Работу розную ўмеў рабіць. Усё рабіў сваімі рукамі. І дом мог пабудаваць. Сам, усё сам рабіў. І не піў…У мяне ад яго дачка ёсць, Надзя. Яна жыве ў вёсцы Старыца. У доме, каля возера. Там адзін дом каля возера. У Старыцы спытаеце дом каля возера, і вам кожны пакажа. Калі Надзя замуж выходзіла, я Валодзю запрашала на вяселле, а потым і ён запрашаў да сябе нашу Надзю з жаніхом. Мы з ім не сварыліся. А вы ягоны ўнук… Як Вы кажыце вашу маму звалі? Ніна? Помню я вашу Нінку. Я ўжо сабе іншага мужыка ўзяла. Валодзі тры гады не было, і я сабе іншага ўзяла. А ён вярнуўся і прывёз вашу… Як вы кажаце? Ядзю? Ну так… Ядзю. Яны не па вуліцы ішлі ў сваю хату, а там, вунь там, па загуменнях. Ён, мусіць, баяўся, што я іх біць буду… Выскачу з хаты, налячу і палкаю паб’ю…” Васільковавокая Алена ўзняла сваю кульбачку і засмяялася бяззубым ротам. Я злавіў сябе на думцы, што ў мяне зуім няма агіды да яе па-дзіцячы бяззубага рота. “Ён жа не ведаў, што у мяне другі мужчына… А Нінку вашую помню. Яна ўсё прыходзіла да мяне і плакала. Не хацела Нінка жыць у нашых Гулевічах…” – “Ядзя, Ядзя не хацела жыць у Гулевічах!” – папраўляю я вясёлую Алену. “Правільна, Ядзя не хацела жыць у Гулевічах. А я ёй кажу, чаго табе з ім не жыць? Жыві! У мяне новы мужчына. А ты жыві з Валодзям. А яна харошая жанчына, прыгожая, з чыстым тварам прыйдзе да мяне і плача. Тады Валодзя прадаў авечку, купіў ёй білет, і мы праводзілі яе ў Мінск. І дачку яна забрала з сабой, Нінку вашу…”

 

P. S.

Мой падарожны сябра Бартосік спытаўся ў старой Алены: “Што трэба рабіць, каб пражыць 97 гадоў? Ці ёсць які сакрэт?” – “Рабі больш за ўсіх, і пражывеш даўжэй за астатніх. Я работы не баялася, рабіла больш за ўсіх, вось і пражыла доўга!”

 

 

Зінкевіч і дом над возерам

 

У вёсцы Старыца, у рудавалосай прадавачкі з прадуктовае крамы я спытаўся, як знайсці дом над возерам, у якім жывуць спадары Зінкевічы, і патлумачыў, што мне патрэбна Надзея Уладзіміраўна. Прадавачка крыху нашаторылася: “У нас адзін дом над возерам. Вы аб’едзеце возера. Паставіце машыну каля гарматы, а потым сцежкаю пройдзеце ў той дом…” Які гэта дом! Сядзіба! Сад з вуллямі! Шэпты чароту… Мой сябра Бартосік доўга стукася ў дзверы, і нарэшце мы пабачылі сівога, моцна падвяселенага алкаголям дзядзьку: “А вы хто такія?” – “Я шукаю Надзею Ўладзіміраўну Зінкевіч, старэйшую дачку Ўладзіміра Глобуса!” – “Ясна, каго вы шукаеце. А вы хто такія?” – “Я – унук Валодзі Глобуса, бацькі Надзеі Ўладзіміраўны!” – “Ясна. Вы – унук, а гэта ваш шафёр з магнітафонам?” – “Гэта мой таварыш…” – “Давайце пачнём з самага пачатку…” – “Я – унук…” – “У Валодзі Глобуса было 7 жонак… Вы ад якой жонкі ўнук?” – “Ад Ядзі!” – “Не ведаю Ядзі. Яна жыве?” – “Ядзя памерла. Жыве яе дачка – Ніна Ўладзіміраўна Глобус, мая маці…” – “Не ведаю Ніны…” – “Можа Надзея ведае?” – “Можа і ведае… Вось, што я вам скажу… Калі гэта праўда, што вы – унук Валодзі Глобуса; калі гэта ўсё падцвердзіцца, нам трэба будзе зладзіць бакет. Гэта ж радасць, што сваякі адзін аднаго знаходзяць…” – “Вы нам скажыце, дзе Надзея Ўладзіміраўна?” – “У бальніцы яна. Тут недалёка, па дарозе на Мінск…” Мне стала сумна, у бальніцу я ехаць не хацеў, не хацеў і ўсё… І не паехаў. Я адклаў сустрэчу з Надзяй Глобус да наступнай вандроўкі на Копыльшчыну.

 

P. S.

У Менску я адчуў спакой на душы. Я крыху ўпарадкаваў сваё мінулае і адчуў спакой.

 

 

Прыватны дзёньнік: Тацяна Сьнітко

 

Трэба запытаць у бацькі, як правільна гучыць нярускае імя аднаго ягонага дзеда. Слухаючы дамачадцаў, падазраю, што бабця была ўзбэчкаю. Яшчэ яна была сваячкаю… пракуратара Юдэі. Магчыма. Прынамсі, нябожчыца бабуля зь Пілатам — аднафамільцы. Чытаючы першы раз Булгакава ў школе, я прыбегла да маці з пытаньнямі. Маці параіла задаць іх бацьку, а ён — “не займацца дур’ю”. Але цяпер травень, і “дур” мне падабаецца.

 

www.svaboda.org/programs/diary2004/2004/

 

 

Лена і 1000 дробязей

 

Адкрыццё чакае за кожным вуглом. Праўда. Вось я ўсё жыццё хадзіў і хаджу побач з крамаю “1000 дробязей”. Сорак гадоў я праходзіў каля крамы “1000 дробязей”, якая стаіць на пляцы Калініна ў Менску, і не ведаў, што там працуе дваюрадная сястра маёй маці – Вольга Мікалаеўна Глобус. А цяпер вось даведаўся і зайшоў у “1000 дробязей” і спытаўся ў касіркі: “Дзе мне знайсці Вольгу Мікалаеўну?” – “Яна ў адпачынку…” – “А калі вернецца?” – “У атдзеле електрапрыбораў працуе яе дачка – Алена. Спытайцеся ў яе…” У атдзеле электрапрыстасаванняў я спытаўся ў прадавачак, хто з іх Алена. Мне паказалалі на высокую, светлавокую і светлавалосую жанчыну. “Вы дачка Вольгі Мікалаеўны?” – “А што?” – “Нічога. Я проста хацеў бы з ёй пагаварыць… Яе прозьвішча Глобус?” – “Глобус”. – “Калі яе прозьвішча Глобус, тады я – ваш брат!” – “Ххха-а-а!” Я хацеў быў дастаць пасьведчнне з псеўданімам Адам Глобус, але перадумаў. “Мама зараз дома. Я дам Вам яе сотавы тэлефон, пазваніце, пагаварыце…” Лена запісала на паперцы №. І я пакінуў краму з дробязямі.

 

 

Вольга і імёны па бацьку

 

Затэлефанаваў я Вользе Глобус. “Што ж вы так доўга не прыходзілі?” – “Нагоды не было…” – “А маці Ваша чаму не прыходзіла?” – “Мама сказала, што яе бацька ёй не цівавіўся, таму і яна не вельмі хоча цікавіцца ім. Яна мае права на такое стаўленне. А я напісаў кнігу пра сваю сям’ю, там ёсць згадка і пра Валодзю Глобуса. Цяпер я ўдакладняю дэталі, таму і прыйшоў да вас. Вы мне скажыце, калі ласка, як імя па бацьку вашай бабулі Вольгі Глобус?” – “А я і не помню…” – “А дзе пахаваны мой прадзед – Рыгор Глобус?” – “Там жа, у пасёлку Гулевічы. Ягоная магіла ў адной агароджы з Валодзевай. Такі драўляны помнік. Вы яго не бачылі?” – “Не. А калі ён памёр?” – “ У 1952, здаецца…” Мой прадзед – Рыгор Глобус памёр у 52, ягонае імя па бацьку дырэктарка крамы таксама не згадала. Мы дамовіся сустрэцца праз тыдзень, у яе краме “1000 дробязей”.

 

 

Вольга і шлянка кісялю

 

Ісці да Вольгі Глобус, у яе краму “1000 дробязей”, шчыра кажучы зусім не хацелася. Яе папрок, што я так доўга да яе не прыходзіў, можна павярнуць і ў адваротны бок. Ніхто з іх да мяне ніразу не звярнуўся. Не, канешне зусім не з-за гэтага я не хацеў ісці да Вольгі, а з-за навальніцы, якая насоўвалася на горад. Патэфанаваў я ёй, а яна не ўзяла слухаўка, я ўздыхнуў з палёгкаю, але яна тут жа перазвоніла, і я пабяцаў: праз 15 хвілін быць у яе. Пачалася навальніца. Ліла так, нібыта ўсё яшчэ лета, а не другі тыдзень верасня. І грымела па-летняму, магутна. Давялося пераскокваць шырокія і бруістыя ручаіны. У дырэктарскім кабінеце я знайшоў жанчыну нечым падобную да маёй маці. “Лье тут у вас!” – “А ў вас не лье?” – “Я пра вуліцу Калініна… Давялося мне добра разагнацца, каб пераскочыць ручаіну…” – “Пераскочылі?” – “Так!” – “Значыцца вы ў добрай спартовай форме, калі можаце лёгка пераскочыць шырокі ручай…” – “Бегаю раніцай… Вольга Міхалаўна, я тут пытанні да вас пазапісваў. Можна я іх пазадаю?” – “Задавайце?” – “Вашую бабулю, а маю прабабу звалі Вольга. А вы не ўзгадалі, як яе імя па бацьку?” – “Іванаўна. Здаецца, Іванаўна. Так мне старэйшая сястра Валянціна сказала. Мы з ёй сазвоньваліся…” – “Выдатна. Мая прабаба – Вольга Іванаўна Глобус. А мой прадзед – Рыгор?..” – “Сямёнавіч…” – “Мой прадзед – Рыгор Сямёнавіч Глобус. Выдатна. А хто яны былі па веравызнанню?” – “Праваслаўныя. Там, у Гулевічах, у нас усе праваслаўныя…” – “А Глобусы заўсёды жылі ў Гулевічах? Ці можа яны аднекуль туды прыехалі?” – “Глобусы лічыліся сярэднякамі, і іх не раскулачвалі. У Гулевічах іх дакладна не раскулачылі… Але ў сям’і казалі, што раней іх высылалі на Каўказ, што раней яны жылі недзе пад Баранавічамі, ці ў Баранавічах… Дакладна я пра высылку на Каўказ нічога не ведаю, і пра Баранавічы толькі чула ад старэйшых…” – “А майго дзеда – Валодзю Глобуса вы помніце?” – “Ён памёр у 61, мне было дзевяць гадоў. Памятаю, як яны ўсёй сям’ёю прыйшлі да нас на нейкае свята. Сядзелі ў нас за сталом… Твараў не помню…” – “У Валодзі Глобуса было чатыры жонкі: Алена, Ядзя – мая баба, Маня і Антаніна?” – “Маню не ведаю”. – “Мне Павел, той, што ў Гулевічах каня трымае, расказаў пра Маню, якая жыла з Глобусам пасля Ядзі…” – “Вы ўжо больш за мяне ведаеце…” – “А як прозвішча Паўла? Я не спытаўся ў яго…” – “Аляшкевіч”. – “Ён мне сказаў, што ў Мані ад Глобуса дзяцей не было… Ад Алены ў яго была Надзя, ад Ядзі – Ніна, а якія дзеці былі ад Антаніны?” – “Быў сын Мікалай. Ён старэйшы за мяне, яму недзе па 60. Жыве ён у Копылі. Ляжыць. Спаралізавала яго. Ён хацеў быць мараком. Ёздзіў у Кранштат, некалькі разоў паступаў у мараходку, але не паступіў. Жыў недзе ў Петразаводску, а потым вярнуўся…” – “А яшчэ былі дзеці?” – “Быў яшчэ сын – Іван Глобус з 1948 года. Я з ім у школе вучылася. Вы на іх, на Ваню і Колю нечым падобныя. Нешта такое ёсць. Не скажу што, але нешта ёсць…” – “Мне ў Гулевічах казалі, што ў Івана не ўсё добра?” – “Ай, у калгасе мех бульбы, ці нечага там узяў… Яго судзілі. Сядзеў ён не доўга, а потым з’ехаў… Дзе ён, ніхто не ведае… Мала я вам інфармацыі дала. А прозвішча сваё Глобус, я люблю. Каб ведала наперад, як маё жыццё складзецца, дык і засталася б на сваім прозвішчы… Вы ўжо збіраецеся сыходзіць?” – “Так… Адно пытанне ў мяне засталося… Як памёр Валодзя Глобус?” – “Ад шклянкі кісялю. Яму зрабілі аперацыю ў Мінску. Доўга рабілі. Баба Вольга нават жыла ў Мінску, пакуль Валодзя ў бальніцы ляжаў. Потым прывезлі яго ў Гулевічы. Яму захацелася кісялю. Дактары казалі, што яму нельга пасля аперацыі піць шмат вадкасці, а ён выпіў цэлую шклянку кісялю і памёр…” – “Містычнасць ёсць у гэтай шкляцы кісялю, бо прозвішча другога мужа маёй баба Ядзі – Кісель. Мамін айчым – Бронік Кісель вельмі любіў Ядзю, а Валодзю Глобуса ўсе Кісялі страшэнна не любілі… Я пайду?” – “На пасху мы – усе Глобусы збіраемся ў Гулевічах, ходзім на могілкі. Вы ж бачылі, у нас там цэлы радок магілаў. Можаце прыехаць. Там вам старэйшыя больш за мяне раскажуць”. – “Я пайду?..” – “Заходзце…” – “Зайду!” Навальніца сціхла, але дождж усё яшчэ сыпаўся, дробны восеньскі дождж.

 

P. S.

Быў у мяне такі запіс ад 03.10.2005: “1944-2005. Глобус і Сікорскі. У Архіве Польскага інстытута і музея імя гегнерала Сікорскага (IPMS, Greaf Britain) ёсць дакумент (Sydn.:XII.3.31) ад 17.VI.1944, у якім згадваецца Сцяпан Глобус, праваслаўны з Баранавіцкага павета, ён служыў ў 1 танкавай дывізіі, у 9 стралецкім батальёне. Выпіску ў архіве зрабіў Ігар Войніч”.

Цяперака, ёсць большая верагоднасць, што гэты Сцяпан – мой сваяк.