Материалы
прислал Vas'kou Uladzimir.
3.3. РУДНЯ-СТАЎБУНСКАЯ
Рудня-Стаўбунская — вёска ў
Стаўбунскім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У
пачатку ХХІ ст. Рудня-Стаўбунская налічвае 20 гаспадарак, 39 жыхароў, пераважна
сталага веку. У 1881 г. вёска налічвала 73 двары, 380 жыхароў, у 1897 г. — 119
двароў, 714 жыхароў, 95 % з якіх былі католікамі.
Капліца
ў вёсцы Рудня-Стаўбунская існавала з 1874 г. і спачатку знаходзілася ў падпарадкаванні
Гомельскага касцёла. Яна, як і большасць падобных капліц, стаяла на могілках.
У маі
1899 г. сяляне вёскі звярнуліся да магілёўскага губернатара з просьбай
дазволіць ім зрабіць за ўласныя сродкі рамонт капліцы. Планавалася пашырыць
капліцу і зладзіць новы дах. Рамонт ацэньваўся ў 216 руб. У гэты час католікаў
у Рудні-Стаўбунскай налічвалася 716 чалавек, і яшчэ 23 католікі пражывалі ў
суседніх вёсках. Набажэнствы ў капліцы адбываліся каля 20 разоў на год.
У
студзені 1904 г. загадчык капліцы Іван Якаўлевіч Гулевіч прасіў магілёўскага
губернатара дазволіць зрабіць за ўласны кошт з паўночна-заходняга боку капліцы
чацвёртае акно, таму што пры набажэнстве не хапала святла. Такі дазвол яму быў
дадзены.
26
лютага 1916 г. дэкан Ячэйка
звярнуўся да біскупа Цепляка з просьбай выдаць новы індульт для капліцы ў
Рудні-Стаўбунскай. 2 сакавіка біскуп выдаў індульт тэрмінам на 7 гадоў.[1]
Капліца
ў Рудні-Стаўбунскай праіснавала да 1930 г. Гэтая капліца і Гомельскі касцёл
былі апошнімі каталіцкімі культавымі будынкамі на тэрыторыі Гомельскай парафіі.
Пры
абследаванні Рудня-Стаўбунскага сельсавета ў 1935 г. Іван Андрэевіч Гулевіч,
якому тады быў 91 год распавёў: «Гадоў 300 таму[2] з
вёскі Старая Рудня, якая знаходзілася паміж Свяцілавічамі і Стаўбуном[3], па
дазволу графа Чарнышова на яго землі ў лясны масіў пераехала некалькі сем'яў.
Іх прозвішча было Гулевічы. Яны раскарчавалі месца і заснавалі вёску
Рудня-Стаўбунская». Прыкладна 100 гадоў у лясной вёсцы Гулевічы плавілі
балотную руду (ліманіт), вырабялі так патрэбнае мясцовым жыхарам жалеза.[4] З
развіццём у Расійскай імперыі металапрамысловасці ў канцы ХІХ ст. саматужная
вытворчасць жалеза спынілася. Патухла рудня і ў гэтай вёсцы, як і па ўсіх
руднях Беларусі, але назва селішча так і засталася — Рудня-Стаўбунская.
Гулевічы — вядомы ва ўсходняй Гомельшчыне каталіцкі род.[5]
Магчыма, што гомельскія Гулевічы паходзяць ад валынскіх Гулевічаў, якія
славіліся пабожнасцю, а ў ХVII ст. заняліся здабываннем жалезнай руды.
Калектывізацыя ў вёсцы
Рудня-Стаўбунская праходзіла марудна. Арганізатарам і першым старшынёй калгаса
ў Рудні-Стаўбунскай быў Іосіў (Юзаф) Гулевіч. У 1930-м г. ён аддаў загад
знішчыць капліцу.[6]
Жыхарам удалося выратаваць некаторыя рэчы з капліцы. Адзін з
абразоў схаваў у сябе на гарышчы бацька старшыні калгаса, які быў вельмі
пабожным чалавекам.[7]
Старшыню ж калагаса — Іосіфа Гулевіча, як перадавога камуніста, накіравалі
падымаць калгасы на Украіну. Там ён і загінуў.
У 1933
г. з’явіліся першыя рэпрэсіраваныя і раскулачаныя. Усяго было арыштавана каля 30-40
чалавек. З іх у вёску пасля зняволення вярнуліся толькі 3. Астатніх амаль усіх
расстралялі.
У ліку расстраляных і Варвара
Іосіфаўна Гулевіч — жонка старшыні калгаса Іосіфа Гулевіча. Вось што расказвала
яе дачка — Станіслава Іосіфаўна Гулевіч, заслужаная артыстка БССР: «Аўтамабіль, празваны ў народзе «чорны
воран», тады ўжо добра прымільгаўся жыхарам вёскі. Рэдкі ў тыя гады ў нашых
глухіх мясцінах, рокат матору спачатку выклікаў жывы інтарэс. Аднак хутка людзі сталі смяротна
страшыцца з’яўлення гэтага «цуда савецкай тэхнікі», на якім вывозілі з вёскі людзей і яны
знікалі назаўсёды. Пачуўшы шум рухавіка, хаваліся па хатах, зачынялі засоўкі,
апускалі заслоны, хрысціліся нават няверучыя: «Божа пранясі!». Але страх не
знікаў. Чужая бяда, хаця і аддаленая, усё роўна шчаміла сэрца.
У той дзень мама, брат і я былі ў бабулі. Ад бацькі з Данбасу, куды
яго накіравалі на працу, даволі доўгі час не было звестак. Што ж здарылася? Мама хвалявалася. Уся яна панікла, змарнела, замкнулася ў сабе. Куды
падзявалася яе добрая, шчырая ўсмешка? Нават голас, заўсёды звонкі і пявучы,
стаў глухім і ціхім. На вачах часта з’яўляліся слёзы, на твары — страх. Мабыць,
сэрцам прадчувала няўхільную бяду…
У дзень, калі ўзялі маму, сказалі: «Для паказанняў, як сведку на
допыт», а звезлі назаўсёды.
Маме было ўсяго 37 гадоў. У калгасе «Новае жыццё» яна працавала
даяркай, была актывісткай сельскага савета. Судзілі маму паводле надуманага і бязглуздага абвінавачвання. Расстралялі ў
Гомелі 1 красавіка 1938 г.
З дому маму павялі два ўзброеныя салдаты. Толькі і паспела крыкнуць з
парога: «Дзеці мае, дзеткі, родненькія… Гэта ўсё!».
Настаўніца, якая пазней вярнулася з
няволі, расказала, як зневажалі і здзекваліся з мамы следчыя, яны прымушалі яе
падпісаць імі ж сфабрыкаваныя паказанні. Надломленая маральнымі і фізічнымі
катаваннямі, яна паверыла, што разам з «прызнаннямі» яе пакінуць у спакоі.
Хуткі суд быў няўмольным. Прыгавор — расстрэл».[8]
Таксама
расстралялі бацьку і брата Варвары Гулевіч — Іосіфа Раманавіча Скарападскага і
Мікалая Іосіфавіча Скарападскага. Быў расстраляны і яе свёкар.
Ёсць і
яшчэ сведчанні сучаснікаў аб рэпрэсіях у Рудні-Стаўбунскай. Так, на допыце 4 чэрвеня 1939 г. пэўны
Хайкiн, які выступаў у якасцi сведкi незаконных дзеянняў НКУС, паказаў: «будучи под стражей во 2-й камере, в которой находилась группа
арестованных колхозников из деревни Рудня-Столбунская, Светиловичского района,
по фамилии Гулякевичи (так у тэксце, — У.В.) и Громыко, в количестве 7
человек, а в соседних камерах сидело еще из их деревни, причем — они рассказывали, что
из их колхоза привели около 40 чел. Всех их допрашивал следователь Кошкин, они
говорили, что он их избивал, в результате чего получил от них ложные показания
о якобы их принадлежности к к.р. организации […] «ПЛОВ», «ПОВ» («Польская
Вайсковая Арганізацыя» — У.В.) и другие слова, не зная содержания, что это обозначает, и эти
колхозники между собой ругались — почему они клеветали друг на друга».[9]
Пасля таго, як капліцу зачынілі,
будынак разабралі і перанеслі ў іншае месца, прыкладна на некалькі сотняў
метраў, перарабіўшы на польскую школу.[10]
Школа праіснавала да сярэдзіны
1930-х гг.,
а потым была зачынена. Цяпер на гэтым месцы пустыр.
89.Тут была польская
школа.
Як распавядала ў 2006 г. старэйшая
жыхарка Рудні-Стаўбунскай
Францыска Гулевіч, якая вучылася ў гэтай школе, пасля закрыцця школы вучняў
перавялі ў суседнюю беларускамоўную Стаўбунскую школу. На першым жа дыктанце
практычна ўсе вучні былой польскай школы атрымалі нізкія адзнакі.
Ад былой капліцы
сёння засталіся толькі валуны з падмурка, вакол якіх знаходзяцца пахаванні, бо
могілкі значна разрасліся.
90.Валуны ад капліцы
У
вёсцы ў пустуючай хаце ўладкаваная капліца, начынне якой — гэта часткова рэчы з
даваеннай капліцы, якія жыхары хавалі некалькі дзесяцігоддзяў ад савецкіх
уладаў.
91.Хата,
у якой уладкаваная капліца.
Гэта
было даволі небяспечна, бо за знойдзены каталіцкі польскамоўны малітоўнік можна
было атрымаць турэмны тэрмін.
На
святы да вяскоўцаў прыязджаюць святары з Гомеля, якія адпраўляюць набажэнствы.
92.Інтэр’ер капліцы.
93.Начынне капліцы (частка рэчаў паходзіць з разбуранай у 1930-я гг. старой
капліцы).
94.Напрыклад,
гэтыя падсвечнікі.
95.І Евангелле.
СТАНІСЛАВА
ГУЛЕВІЧ
Гулевіч
Станіслава Іосіфаўна — заслужаная артыстка БССР, камерная спявачка.
Станіслава Іосіфаўна нарадзілася ў
1925 г. у вёсцы Рудня-Стаўбунская. Скончыла Мінскую кансерваторыю. У 1956—1965
гг. саліравала ў Дзяржаўным тэатры оперы і балету Беларусі. З 1965 г. голас
Станіславы Іосіфаўны можна было пачуць са сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі.[11]
ПАВЕЛ ГУЛЕВІЧ
Гулевіч Павел Іванавіч — адзін з
кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Нарадзіўся
11 жніўня (29 ліпеня паводле старога стылю) 1910 г. у вёсцы Рудня-Стаўбунская.
Памёр 27 красавіка 1978 г.
З 1932 г. у Чырвонай Арміі. Прынімаў удзел у вайне з
Фінляндыяй 1939-1940 гг. З чэрвеня 1942 г. начальнік штаба, з кастрычніка —
камандзір партызанскага атрада. З лістапада 1942 г. па ліпень 1944 г. —
камандзір партызанскай брыгады імя Сталіна Баранавіцкай вобласці. У 1944—1966
гг. на савецкай і гаспадарчай рабоце.[12]
Вёска Рудня-Стаўбунская
Гулевіч Адам
Васільевіч
Нарадзіўся
ў 1907 г. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны 21 студзеня 1938
г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.
Гулевіч
Адам Казіміравіч
Нарадзіўся
ў 1892 г. Жыў у пас. Качуг Іркуцкай вобласці, працаваў кацельшчыкам суднаверфі
«Дальбуда» ў пас. Качуг. Беспартыйны, паляк. Арыштаваны 14 мая 1938 г.,
пастановай «тройкі» УНКУС Іркуцкай вобласці ад 29 кастрычніка 1938 г. па арт.
58-1а КК РСФСР асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі.
Гулевіч
Аляксандр Канстанцінавіч
Нарадзіўся
ў 1891 г. Калгаснік. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны да
вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.
Гулевіч
Аляксандр Канстанцінавіч
Нарадзіўся
ў 1888 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 12 лістапада 1933 г. Асуджаны 13
снежня 1933 г. да 5 гадоў зняволення ў ППЛ.
Гулевіч
Антон Васільевіч
Нарадзіўся
ў 1867 г. Рабочы. Меў 7 дзяцей. Арыштаваны 26 верасня 1933 г. Асуджаны 13
снежня 1933 г. на 8 гадоў зняволення ў ППЛ.
Гулевіч
Варвара Іосіфаўна
Нарадзілася
ў 1901 г. Даярка. Мела 2 дзяцей. Арыштавана 10 снежня 1937 г. Асуджана да вышэйшай меры пакарання. Расстраляная 1
красавіка 1938 г. у Гомелі.
Гулевіч
Вікенцій Рыгоравіч
Нарадзіўся
ў 1880 г. Калгаснік. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны на 10
гадоў зняволення ў ППЛ.
Гулевіч
Іван Антонавіч
Нарадзіўся
ў 1896 г. Ляснік. Меў 8 дзяцей, бацьку 60 гадоў. Асуджаны да вышэйшай меры
пакарання. Растраляны 14 сакавіка 1938 г.
Гулевіч
Іван Іванавіч
Нарадзіўся
ў 1897 г. Калгаснік. Меў 3 дзяцей. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны да
вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.
Гулевіч
Іван Іосіфавіч
Нарадзіўся
ў 1900 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 20 ліпеня 1938 г. Асуджаны 27
верасня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 7 кастрычніка 1938 г.
Гулевіч
Іван Паўлавіч
Нарадзіўся
ў 1894 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 18 снежня 1938 г. Асуджаны 21
студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у
Гомелі.
Гулевіч
Іван Паўлавіч
Нарадзіўся
ў 1871 г. Калгаснік. Меў 9 дзяцей. Арыштаваны 13 верасня 1933 г. Асуджаны да 5 гадоў
зняволення ў ППЛ.
Гулевіч
Іван Станіслававіч
Нарадзіўся
ў 1884 г. Калгаснік. Арыштаваны 20 ліпеня 1938 г. Асуджаны да вышэйшай меры
пакарання. Расстраляны 28 лістапада 1938 г.
Гулевіч
Іван Францавіч
Нарадзіўся
ў 1894 г. Калгаснік. Арыштаваны 19 снежня 1937 г. Асуджаны 21 студзеня 1938 г.
да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.
Гулевіч
Іосіф Якаўлевіч
Нарадзіўся
ў 1890 г. Заможны селянін. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны 27 верасня
1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 7 кастрычніка 1938 г.
Гулевіч
Міхаіл Іванавіч
Нарадзіўся
ў 1898 г. Аднаасобнік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны на
10 гадоў зняволення ў ППЛ.
Гулевіч
Павел Аляксандравіч
Нарадзіўся
ў 1898 г. Калгаснік. Арыштаваны 20 жніўня 1938 г. Асуджаны 27 верасня 1938 г.
да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 7 кастрычніка 1938 г.
Гулевіч
Пётр Іванавіч
Нарадзіўся
ў 1903 г. Аднаасобнік. Арыштаваны 27 жніўня 1938 г. Асуджаны на 10 гадоў
зняволення ў ППЛ.
Гулевіч
Стэфан Цімафеевіч
Нарадзіўся
ў 1895 г. Калгаснік. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны 21 студзеня 1938 г.
да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г.
Гулевіч
Франц Мікалаевіч
Нарадзіўся
ў 1897 г. Аднаасобнік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны на
10 гадоў зняволення ў ППЛ.
Гулевіч
Франц Ягоравіч
Нарадзіўся
ў 1895 г. Калгаснік. Арыштаваны 17 снежня 1937 г. Асуджаны 20 студзеня 1938 г.
да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у Гомелі.
Гулевіч
Франц Якаўлевіч
Нарадзіўся
ў 1893 г. Калгаснік. Меў 4 дзяцей. Арыштаваны 6 жніўня 1937 г. Асуджаны 1
верасня 1937 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.
Ляскоўскі
Аляксандр Восіпавіч
Нарадзіўся
ў 1898 г. Калгаснік. Арыштаваны 6 снежня 1937 г. Асуджаны 5 студзеня 1938 г. да
вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г.
Скарапацкі
Іосіф Раманавіч
Нарадзіўся
ў 1867 г. Калгаснік. Меў 6 дзяцей. Арыштаваны 15 верасня 1933 г. Асуджаны 13
снежня 1933 на 8 гадоў зняволення ў ППЛ.
Скарапацкі
Мікалай Іосіфавіч
Нарадзіўся
ў 1901 г. Арыштаваны 26 ліпеня 1938 г. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання.
Расстраляны.
Смыкоўскі
Васіль Адамавіч
Нарадзіўся
ў 1900 г. Служачы. Меў 4 дзяцей. Арыштаваны 18 снежня 1937 г. Асуджаны 21
студзеня 1938 г. да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14 сакавіка 1938 г. у
Гомелі.
Яскевіч
Агнеса Аляксандраўна
Нарадзілася
ў 1906 г. Настаўніца. Арыштавана 22 снежня 1937 г. Асуджана на 10 гадоў зняволення ў ППЛ. Паўторна
асуджана 21 студзеня 1949 г. да высылкі.
Материалы
прислал Vas'kou Uladzimir.
[1] Там жа. Ф. 826. Воп. 1. Спр. 944. Арк. 81.
[2] На самой справе, у 2 разы менш — прыкладна 150 гадоў.
[3] Па левы бок ад шашы Ветка—Свяцілавічы.
[4] Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць:
Гісторыка-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна. Мн., 1997. Кн. 1. С. 158.
[5] Мялецій Сматрыцкі, аўтар «Трэнасу» (1610
г.) змясціў у сваім творы даўжэзны спіс праваслаўных родаў, якія перайшлі ў
каталіцтва. Сярод гэтых родаў і шляхецкі род Гулевічаў.
[6] Галіна
Калевіч. Душа патрабуе…// Ave Maria. 2007.
№11(151).
(http://media.catholic.by/ave/n151/art19.htm).
[7] Пазней абраз знайшла на
гарышчы свайго роднага дому унучка — Станіслава Іосіфаўна Гулевіч, заслужаная артыстка БССР, якая вырашыла ў памяць аб
продках забраць абраз да сябе. Было гэта падчас гастроляў Станіславы Гулевіч па
Гомельшчыне. Ужо доўгі час у яе
кватэры, насупраць ложка, вісіць гэты абраз, на якім з
аднаго боку намаляваны Арханёл Міхал, а з другога — Маці Божая з маленькім Езусам на руках.
[8] Вынішчаліся цэлыя роды // Памяць: Гісторыка-дакументальная
хроніка Веткаўскага раёна. Мн., 1997. Кн. 1. С. 158—159.
[9] Iрына Раманава. Указ. сач.; НАРБ (Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь). Ф. 4.
Воп.21. Спр.1690. Арк. 221.
[10] Нягледзячы на тое, што школа была савецкая, настаўнікі па кантычках вучылі дзяцей рэлігійным песням. Таксама вучні завучвалі малітвы з малітоўнікаў.
[11] С.Рубцов, Ю.Дыленок. История Минска // Минский курьер. 2005. №628.
(http://mk.by/archiv/25.05.2005/rub4.php).
[12] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3. С. 173.