Католические медальоны Ветковщины.

 

 

Католический медальон, найденный в деревне Ухово.

 

 

Католический медальон, найденный в деревне Радуга.

 

 

Католический медальон, найденный в деревне Рудня Шлягино.

 

Католический медальон, найденный в деревне Акшинка.

 

 

Католические храмы на Ветковщине. История появления.

 

Вывучэннем тэмы развіцця каталіцызму на Беларусі сур’ёзна займаецца Уладзімір Васькоў. Жыхар расійскага горада Тулы, ён — беларус, з патомных старадубскіх казакоў. Нарадзіўся ў 1967 годзе ў Казацкіх Балсунах Веткаўскага раёну. У 1986 г. скончыў Запароскі тэхнікум электронных прыбораў, потым служыў у Савецкай арміі. У 1988-1989 гадах жыў у Гомелі, працаваў рэгуліроўшчыкам на радыёзаводзе. А з 1989 года жыве ў Расіі. Піша кнігу пра гісторыю Гомельскага рыма-каталіцкага дэканата — “Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны”.

 

У артыкуле, які мы сёння прапаноўваем ўвазе наведвальнікаў сайта, апісваецца гісторыя Гомельскага дэканату Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла. Гомельскі дэканат, які існаваў з канца XVIII ст. да 20-х гг. ХХ ст. Дэканат складаўся з парафій у Гомелі, Люшаве (Буда-Кашалёўшчына), Нежыне і Грасвердэры Чарнігаўскай губерні, а таксама Чачэрскай парафіі, Радужскай (Веткаўшчына), Антушаўскай (Рагачоўшчына), Ромненскай (Палтаўская губ.) і на нейкі час з Палтаўскай і Харкаўскай.

 

Якіж адбітак пасля сябе аставілі ў гісторыі католікі з Веткаўшчыны? Мы перагледзелі працу У. Васькова і прадстаўляем вашай увазе ўсё, што датычыцца населеных пунктаў нашага раёна.

 

Прыкладна каля 1335 г. Гомель з навакольнымі землямі ўвайшоў у склад ВКЛ, дзе заставаўся да 1500 г., калі ў час вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай князь Сямён Старадубскі, які валодаў Гомелем, разам з уладальнікам Ноўгарад-Северскага княства Шамяцічам перайшлі на бок Івана ІІІ. Вайна закончылася перамогай Масквы і, паводле мірнага пагаднення ад 1503 г., уся Гомельская воласць і частка Чачэрскай, што ахоплівала сучасны Веткаўскі раён (з сёламі Свяцілавічы, Галоднае, Жалезавічы), адышлі да Маскоўскай дзяржавы.

 

У 1535 г. пачалася Старадубская вайна і 16 ліпеня жыхары Гомеля самі адчынілі польскаму войску браму моцна ўмацаванага замка. У сакавіку 1537 г. у Маскве было падпісана замірэнне на 5 гадоў, згодна з якім Маскоўскае княства адмовілася ад Гомельскай воласці. Ранейшым уладальнікам былі вернуты іх маёнткі. Напрыклад, маёнтак Хальч быў вернуты Халецкім.

 

Трэба зазначыць, што ўвесь час знаходжання ўсходняй Гомельшчыны ў складзе ВКЛ большая частка нешматлікага насельніцтва заставалася праваслаўнай. Католікамі былі толькі асобныя шляхецкія сем’і, жаўнеры гарнізонаў, дзяржаўныя служкі.

 

Касцёлы на землях былой Севершчыны і, у прыватнасці, ва ўсходняй Гомельшчыне, пачынаюць з’яўляцца толькі ў першай палове XVII ст.: 16 ліпеня 1631 г. кароль Жыгімонт ІІІ Ваза фундаваў «ab origine» (ад самога пачатку) пабудову касцёла ў Гомелі, прыкладна ў 1687 годзе пабудаваны касцёл у Чачэрску. Прадстаўнікі заможнай шляхты рабілі шматлікія шчодрыя ахвяраванні на карысць Каталіцкага Касцёла, асабліва каталіцкіх ордэнаў, колькасць якіх на працягу XVII i XVIII стст. пастаянна ўзрастала. Так, у красавіку 1703 (ці 1730) года граф Дамінік Халецкі ахвяраваў Гомельскаму касцёлу 1000 польскіх злотых сярэбранай манетай (150 руб.) з абавязкам адпраўлення ў касцёле штотыдзень адной св. Імшы за душу нейкай Алены; у 1730 годзе браты Казімір і Антоній Халецкія фундавалі езуіцкую місію ў маёнтку Хальч.

 

Езуіцкія місіі існавалі ў Гомелі, Хальчы, Чачэрску і Шарсціне. Гомельская, Хальчанская (у маёнтку Халецкіх) і Шарсцінская місіі былі заснаваны езуітамі Бабруйскай рэзідэнцыі. Місіі ў Гомеле і Шарсціне існавалі параўнальна кароткі час, а Хальчанская і Чачэрская дзейнічалі амаль цэлае стагоддзе, да самага выгнання езуітаў у 1820 г. з Расійскай імперыі.

 

На працягу 50 гадоў пасля ўключэння ўсходняй Беларусі ў склад Расійскай імперыі, з 1772 г. прыкладна па 1820 г., царская палітыка ў адносінах да Каталіцкага Касцёла была скіравана на выпрацоўку яго прававога становішча ў імперыі ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам. Становішча Касцёла ва ўсходняй Гомельшчыне ў гэты перыяд ў параўнанні з часамі ВКЛ і Рэчы Паспалітай не пагоршылася. Наадварот, менавіта ў гэты час быў пабудаваны мураваны касцёл ў Радузе. Адносіны да Касцёла пачалі мяняцца з таго часу, калі ў 1815 г. езуітаў выслалі з Масквы і Пецярбурга, а ў 1820 г. з усёй Расійскай імперыі. Так у 1820 г. на Гомельшчыне былі зачынены езуіцкія кляштары ў Чачэрску і Радузе.

 

Але асабліва цяжкія часы наступілі для Касцёла і католікаў пасля паўстання 1863-1864 гг. Галоўнай мэтай царскай палітыкі пасля падаўлення паўстання была поўная ліквідацыя ўплыву на жыццё краю з боку каталіцкіх і польскіх колаў. Ворагам нумар адзін урад лічыў каталіцкую шляхту. У 1864 г. вікарны ксёндз Радужскага касцёла Фелікс Грахольскі быў высланы ўладамі ў Наўгародскую губерню, бо ён «у размовах неаднаразова выяўляў крайняе сваё незадавальненне да ўрада і выказваў надзею на поспех палякаў у справе іх паўстання». А праз два гады была ліквідавана Радужская каталіцкая парафія. Будынак Радужскага касцёла Унебаўзяцця, верагодна, быў перададзены праваслаўнай царкве, а большая частка парафіі далучана да Чачэрскай.

 

Пачаліся больш за паўстагоддзя непрыкметнага жыцця Каталіцкага Касцёла не толькі на Веткаўшчыне і ва ўсёй Гомельшчыне.

 

У першыя гады савецкай улады становішча Касцёла яшчэ больш пагоршылася. Фармальнай прычынай для пачатку ганенняў на рэлігію наогул і асабліва на хрысціянства стаў дэкрэт ад 23 студзеня 1918 г. «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы». У жніўні1918 г. была выдадзена інструкцыя, якая пазбаўляла рэлігійныя арганізацыі юрыдычных правоў і маёмасці. Дэкрэты ад 26 снежня 1921 г. і 3 студзеня 1922 г. уводзілі цэнзуру казанняў і забарону на рэлігійнае навучанне дзяцей да 14 гадоў. Улада ініцыявала стварэнне атэістычных арганізацый.

 

На 1929 годзе сельскае каталіцкае насельніцтва Гомельскага дэканата пражывала ў асноўным у гарадах Гомелі і Добрушы, а таксама ў нешматлікіх сельскіх населеных пунктах, сярод якіх ёсць веткаўскія (глядзіце табліцу). Пасля Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Гомельскай вобласці нелегальна дзейнічалі толькі 3 нешматлікія групы каталікоў: дзве ў вёсцы Рудня Стаўбунская Веткаўскага раёна і адна ў Свяцілавіцкім раёне (раён ліквідаваны ў 1957 г.). Лакалізацыя свяцілавіцкай групы невядома, магчыма, група дзейнічала ў вёсцы Рудня Шлягіна, дзе каталіцкая традыцыя працягвалася да самага адсялення вёскі ў канцы 1980-х гг.

 

Населены пункт

«Польскіх» сямей/душ

% палякаў да іншых

Рудня Стаўбунская

118/750

95%

Іў. Поле

0/90

100%

Рудня Шлягіна

125/630

100%

Рудня Гулева

38/150

35%

Утонька

51/225

90%

Ухоўскія хутары

23/0

 

 

 

Рудня Шлягино.

 

Перад Першай сусветнай вайной у Магілёўскай губерні (у якую ўваходзіла сучасны Веткаўскі раён) налічвалася каля 30 тыс. католікаў-беларусаў. У Гомельскім дэканаце такіх вернікаў-беларусаў, якія кепска разумелі польскую мову, была значная колькасць (прыкладна 5-7 тыс.), асабліва ў Чачэрскай парафіі і філіі Рудня Шлягіна. Пацвярджэнне гэтаму можна знайсці ў кнізе ксяндза Я. Жыскара «Nasze kościoły». Жыскар пісаў, што парафіяне Чачэрскай парафіі, апрача малалікай дробнай шляхты і некалькіх земляўласнікаў, пераважна беларусы. Таму святары ў капліцах прамаўляюць да іх па-беларуску. У Рудні-Шлягіна католікамі былі пераважна дробныя шляхцічы і часткова сяляне-беларусы. «Мусім сцвердзіць, што з нацыянальнага погляду засталося тут мала польскасці. Нават дробная шляхта забыла мову сваіх прабацькоў…» — пісаў Я. Жыскар.

 

 

Некаторыя святары, якія працавалі ў Гомельскім дэканаце, былі звязаны з нацыянальна-рэлігійным беларускім рухам. Сярод іх Юзаф Ворслаў, Пётр Грыб, Ян Жаўрыд, Вінцэнт Ільгін, Юзаф Лук’янін, Карл Лупіновіч, Леан Буйноўскі, Альбін Шаціла. Адзін з пералічаных — Юзаф Лук’янін, працаваў адміністратарам Рудня-Шлягінскай парафіі з 1918 г. па 1921 г. Пасля яго капеланам Рудня Шлягінскай капліцы быў прызначаны Леан Буйноўскі.

 

Да 1922 г. ён таксама фактычна выконваў абавязкі пробашча і дэкана ў Гомелі. Паводле адной з версій, у 1943 г. Буйноўскі быў расстраляны нацыстамі ў Баранавічах за невыкананне загаду аб увядзенні ў Касцёл беларускай мовы. Але больш верагодна, што ён загінуў у Калдычаўскім лагеры.

 

 

Акшинка.

 

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Акшынка цалкам адселена і сёння не існуе. Знаходзілася ў Свяцілавіцкім сельсавеце за 27 км на поўнач ад Веткі, 49 км ад Гомеля. Вядома з XVIII ст. У 1785 г. налічвала 43 жыхары. Памешчык В. Шэлюта. У 1847 г. было 26 двароў, 181 жыхар, 1915 дзес. зямлі. У аднайменным фальварку Язерскіх у 1897 г. было 4 двары, 24 жыхары, рыма-каталіцкая капліца.

 

Першапачаткова паселішча, верагодна, называлася Акрынка. Менавіта такая форма сустракаецца ў попісе Рэчыцкага павета 1765 г., дзе Акрынка ўказваецца як уладанне Станіслава Бельскага, чашніка чарнігаўскага. Пад уплывам польскай мовы назва маёнтка стала вымаўляцца як Акшынка. У 1785 г. уладальнікам Акшынкі значыцца Восіп Шэлюта. Пазней належала Язерскім. Капліца ў маёнтку Язерскіх была пабудавана ў 1808 г. Асвяціў яе, па ўсёй верагоднасці, паміж 1820 і 1827 гадамі пробашч Пашавіцкі, які адначасова з’яўляўся беліцкім віцэ-дэканам. Капліца была прыпісана да Радужскай парафіі.

 

У 1848 г. капліца была адрамантавана (хутчэй за ўсё, перабудавана). Знаходзілася на могілках за чвэрць вярсты ад гаспадарчых пабудоў, добра ўтрымлівалася, мела ўсё належнае начынне і была абкружаная ровам. Вясной і восенню, у час разліву Сожа і Бесядзі, сувязь з парафіяльным касцёлам практычна спынялася. Індульт на капліцу 13 снежня 1849 г. за №767 быў выдадзены мітрапалітам Казімірам Дмахоўскім на 6 гадоў, а 14 снежня 1855 г. прадоўжаны. Пасля ліквідацыі ў 1866 г. Радужскай парафіі капліца належала да Чачэрскай парафіі.

 

31 сакавіка 1895 г. магілёўскі губернатар напісаў ліст міністру ўнутраных спраў, у якім паведамляў, што ўласнік маёнтку Акшынка, дваранін Рагачоўскага павета рыма-каталіцкага веравызнання Фаўстын Казіміраў Язерскі ў канцы 1894 г. без усялякага дазволу перакрыў рыма-каталіцкую капліцу, якая знаходзіцца ў яго маёнтку. Пры гэтым гонтавы дах замяніў новым, жалезным. Але пры выбыцці ў 1869 г. Магілёўскай губерні са складу «Паўночна-Заходняга краю» (г.зн., віленскага генерал-губернатарства) было загадана, каб і надалей для губерні заставалася ў моцы распаражэнне віленскага генерал-губернатара ад 29 чэрвеня 1864 г. аб абмежаванні пабудовы новых ці аднаўлення старых рыма-каталіцкіх касцёлаў, капліц і алтароў без папярэдняга дазволу генерал-губернатара.

 

На запытанне, чаму рамонт здзейснены без вызначанага дазволу, пан Язерскі прад’явіў тлумачэнне і копію ўказа магілёўскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 21 жніўня 1842 г. за №3527, згодна з якім ён лічыў не патрэбным прасіць дазвол на рамонт.

 

Тэкст тлумачэння Язерскага быў наступны:

 

«Тлумачэнне. Рагачоўскага павета 4 стана ў маёнтку маім Акшынцы на могілках капліца, у якой пахаваны мае продкі і бацькі, у якую і цяпер уносяцца мёртвыя целы да прыбыцця святара. У капліцы ніякага рамонту зроблена не было, а толькі з-за дзіравага даха адзін толькі дах выпраўлены ў былым годзе. Алтар ёсць, і за памерлых бывае Імша з дазволу магілёўскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 21 жніўня 1842 г. Прашу памілавання і дазволу васьмідзесяцітрохгадоваму старому губернскаму сакратару Фаўстыну Казіміравічу Язерскаму. 3 сакавіка 1895 г.».

 

Указ, які Язерскі прад’явіў паведамляў:

 

«Указ Яго Імператарскай Вялікасці Самадзержца Усерасійскага з магілёўскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі. Радужскаму курату ксяндзу Ставярэю. Кансісторыі паведамлена: прашэнне памешчыка Магілёўскай губерні Рагачоўскага павета Фаўстына Язерскага ад 14 жніўня ў кансісторыю, у якім ён паведамляе, што ў маёнтку яго, які называецца Акшынка, знаходзіцца з даўніх часоў уладкаваная на могілках рыма-каталіцкая капліца, у якой пахаваныя целы памерлых яго бацькоў, прыпісаная да Радужскага парафіяльнага касцёла, якая патрабуе рамонту, а менавіта пераробкі падлогі, ганка, столі і перакрыцця, такі рамонт на падставе 12 тома Збору законаў артыкула 672 можа быць дазволены дыяцэзіяльным начальствам; а таму, жадаючы падтрымаць існаванне ўказанай Акшынскай капліцы, а тым самым выканаць волю блажэнных яго бацькоў, просіць гэтую кансісторыю на падставе вышэй прыведзеных узаканенняў дазволіць прыступіць да рамонту ўпамянутай капліцы, якая ляжыць за рэкамі Бесяддзю і Сожам у адлегласці 40 вёрст ад парафіяльнага касцёла і аб тым апавясціць прасіцеля.

 

А паводле даведкі аказалася, што ў снежні месяцы 1836 г. пан міністр унутраных справаў цыркулярна прадпісаў грамадзянскім губернатарам звярнуць увагу памешчыкаў грамадства на заснаванне капліц пры могілках для памерлых, якіх прывозяць у капліцы для чакання пахавання. А таму загадалі: з-за таго, што рамонт згаданай капліцы на падставе прыведзеных узаканенняў можа быць дазволены дыяцэзіяльным начальствам, то дазволіць прасіцелю прыступіць да рамонту капліцы, бо кансісторыя прызнае існаванне яе неабходна патрэбным для парафіян рыма-каталіцкага вызнання, якія жывуць побач. Аб нечыненні ніякіх перашкод рамонту капліцы з боку земскай паліцыі разам з гэтым звярнуцца да магілёўскага грамадзянскага губернатара. Жніўня 21 дня 1842 г. Аўтэнтык падпісалі асэсар канонік Брынк, за сакратара Чахоўскі».

 

Магілёўскі губернатар прасіў не даваць гэтай справе хаду, бо Язерскі быў ужо вельмі стары, і рамонт зрабіў з-за непаразумення. Міністр Дурнаво напісаў магілёўскаму губернатару, каб той паведаміў Язерскаму аб тым, што надалей ён мусіць прытрымлівацца існуючых правілаў.

 

Дореволюционная рождественская открытка. Хранится в Ветке.

 

 

Дореволюционная пасхальная открытка.

 

По материалам http://www.vetka.by

 

Уважаемые участники, если в ваших семьях сохранились предметы религиозного культа, принадлежавшие Гулевичам,

иконы, кресты, медальоны, молитвенники, открытки… – пожалуйста, пришлите нам их фотографии – наш адрес: a@gulevich.net